Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Мужыкоў, якія забілі гэтага бандзюгу, трэба ўзнагародзіць”


Агляд тэлефанаваньняў на “Свабоду” за 13 лютага, пятніцу.

Прадпрымальнікам Мікалаю Аўтуховічу, Юр’ю Лявонаву і Ўладзімеру Асіпенку працягнулі тэрмін утрыманьня пад вартай. Іх затрымалі ў Ваўкавыску без тлумачэньня прычын. Адначасна, у выніку асабістага ўмяшаньня Аляксандра Лукашэнкі, з турмы вызваленыя трое жыхароў вёскі Пухавічы Жыткавіцкага раёну, якія забілі аднавяскоўца, зьвінаваціўшы яго ў падпалах. Выказваньні слухачоў на гэтую тэму:

Зіноўеў: “Я думаю, што жыткавіцкі скандал быў падрыхтоўкай да справы Аўтуховіча”.

Спадар: “Гэтых мужыкоў, якія забілі гэтага бандзюгу, у Жыткавіцкім раёне, трэба ўзнагародзіць мэдалём «За свабоду», даць прэмію — грошай і сказаць дзякуй. Такіх бандзюганаў трэба вынішчаць, як сабак, бязьлітасна”.

Выказваньне камэнтуе праваабаронца і юрыст Валянцін Стэфановіч:

Валянцін Стэфановіч
“Выказваньне гэтага паважанага грамадзяніна паказвае на тое, што грамадзтва, можа, ніколі і не дасьпее да адмены сьмяротнага пакараньня. Бо грамадзтва і людзі кіруюцца пачуцьцямі, якія ў пэўных умовах, магчыма, і апраўданыя. А што адбылося ў гэтай вёсцы? Адбыўся самасуд. У краіне ёсьць судовая ўлада, якая павінна выносіць сувымерныя пакараньні. Я лічу, што несувымерна забіваць чалавека за тое, што ён нешта падпальваў. Гэтак мы дойдзем да таго, што кожны будзе забіваць, каго палічыць патрэбным”.

Наступныя тэлефанаваньні — на тэму эканамічнага крызісу.

Ларыса, Менск: “Адзін слухач, які выступае па вашым радыё кожны дзень, абвінаваціў вас, што вы трындзіце кожны дзень пра крызіс і што ў нас ніякага крызісу няма. Дык вось. Хачу адказаць, што ёсьць і што нават вельмі адчуваецца. Атрымала плацёжку — ацяпленьне падаражэла на цэлых 40 тысяч. А ў краме бачна, што спажывецкі кошык стаў значна больш сьціплым у параўнаньні зь мінулым годам. І людзі, адыходзячы ад касы, уважліва вывучаюць квіток, і твары ў іх заклапочаныя. Мы заўсёды жылі сьціпла, а цяпер давядзецца жыць яшчэ сьціплей. Пажадана, каб і высокапастаўленыя асобы таксама зьнізілі свае апэтыты”.

Бялькевіч, Салігорск: “Беларускія пэнсіянэры ходзяць па крамах з палачкамі ў пошуках расейскага масла, крупаў, макароны і іншых прадуктаў, якія і таньнейшыя, і лепшыя. Калі гэтая ўлада пратрымаецца яшчэ два гады, то і капуста, і бульба будуць прывазныя з Расеі”.

Спадар: “Слухаю, як адбіваецца крызіс на нашых прадпрыемствах. Усе гэтыя МАЗы, БелАЗы, МАГАТЭКСы — камсамольска-маладзёвыя будаўніцтвы. Цяпер такія прадпрыемствы БРСМ не пацягне. Гляджу, паставілі лічыльнікі на ваду. Калі б у нашай дзяржаве была магчымасьць, дык і на паветра паставілі б лічыльнік”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG