Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брытанец у Менску


Найджэл Гулд-Дэвіс
Найджэл Гулд-Дэвіс
zubritanets

Чаму ў сёньняшнім сьвеце глябальных камунікацыяў усё яшчэ існуюць амбасады? Адна з прычын — каб непасрэдна кантактаваць з шырэйшым мясцовым грамадзтвам: ня толькі на афіцыйным узроўні, але і са звычайнымі грамадзянамі. Такая народная дыпляматыя — сярод маіх найвышэйшых прыярытэтаў, як гэта, на маю думку, павінна быць і ў любой іншай дыпляматычнай місіі.

Блогінг — выдатны спосаб ахапіць нетрадыцыйную аўдыторыю. І брытанскае Міністэрства замежных спраў усяляк гэта заахвочвае. Мой блог — першы блог брытанскага дыплямата па-расейску, але мае калегі ў Віетнаме, Кітаі, Партугаліі ды іншых краінах таксама вядуць свае блогі. Блог мае і наш міністар замежных спраў.

У сваім блогу я занатоўваю ўражаньні ад жыцьця і працы ў Беларусі, закранаю пытаньні гісторыі, культуры і ідэнтычнасьці. У ім я ня толькі дзялюся сваімі думкамі, але й задаю пытаньні, бо мне цікава, што думаюць іншыя. Часам я пераказваю больш асабістыя перажываньні. Пост пра маю аўдыенцыю ў каралевы, зь якой я гаварыў пра Беларусь, выклікаў вялікае зацікаўленьне і некалькі прыгожых камэнтароў. Чым долей я жыву ў Беларусі, тым больш мне тут падабаецца, і я спадзяюся, што гэта відаць і з майго блогу.

Але я вяду блог ня толькі дзеля працоўнага абавязку. Мне гэта сапраўды падабаецца. І я даведваюся вельмі шмат новага ад беларускіх блогераў. Гэта надзвычай цікавыя людзі. Яны дасылаюць на мае посты вельмі цікавыя камэнтары, дзе выказваюць глыбокія і вартыя захапленьня думкі пра беларускую гісторыю і культуру, а таксама прапановы наконт таго, што варта было б прачытаць. Вельмі цікава чуць іх меркаваньні на самыя розныя тэмы. Яны не заўсёды пагаджаюцца між сабою, але гэта й добра. Гэта сьведчыць пра існаваньне дзейнай грамадзянскай супольнасьці. Адзінае, што мяне засмучае, — гэта тое, што ў мяне не хапае часу, каб адказаць на ўсе цікавыя камэнтары.

Я адчуваю, што ў Беларусі існуе вельмі актыўная віртуальная супольнасьць, тут ёсьць шмат цікавых блогераў.



Кароткая біяграфія:

Найджэл Гулд-Дэвіс прызначаны Амбасадарам Яе Вялікасьці каралевы Вялікабрытаніі ў Беларусі ў чэрвені 2008 году.

Скончыў Оксфардзкі ўнівэрсытэт з ганаровай ступеньню першай клясы па філязофіі, палітыцы і эканоміцы ў 1987 г. і атрымаў тамсама ступень магістра філязофскіх навук па міжнародных стасунках у 1989 годзе. З 1989 па 1996 гг. вучыўся і выкладаў у Гарвардзкім унівэрсытэце, дзе ў 2002 годзе атрымаў дактарат па палітычных навуках.

У 1993—94 гг. выкладаў і праводзіў досьледы ў Дзяржаўным унівэрсытэце Ніжняга Ноўгараду.

У 1996—2000 гг. выкладаў палітыку і міжнародныя стасункі ў Оксфардзе.

У 2000 г. паступіў у Міністэрства замежных спраў і спраў Садружнасьці на пасаду аналітыка. Ад 2003 да 2007 г. ачольваў эканамічны аддзел брытанскае амбасады ў Маскве.

Найджэл Гулд-Дэвіс прыбыў у Менск у якасьці Паверанага ў справах у жніўні 2007 году і быў прызначаны амбасадарам у чэрвені 2008 году. Ён апублікаваў шэраг артыкулаў пра гісторыю халоднай вайны, а таксама пра савецкую і расейскую палітыку.

Найджэл мае двух катоў. Ён размаўляе па-расейску і вывучае беларускую мову. Захапляецца футболам, а таксама ахвотна, хоць пакуль і недасканала, грае на піяніна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG