Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Начальства ў суд не зьяўляецца, але выйграе


Леанід Аўтухоў
Леанід Аўтухоў

Віцебскія сябры руху “За свабоду” паспрабавалі прыцягнуць да судовай адказнасьці намесьніка старшыні гарвыканкаму Паўла Лосіча, які забараніў праводзіць сустрэчу зь Мілінкевічам.

Сустрэча мелася адбыцца 10 сьнежня мінулага году ў кінатэатры “Брыгантына”, але чыноўнік адмовіў яе заяўнікам, спаслаўшыся на тое, што арганізатары не заключылі папярэдне дамову з прадпрыемствам “Кінавідэапракат”.

Судзьдзя Кастрычніцкага райсуду Натальля Хількевіч не пагадзілася з актывістам руху “За свабоду” Аляксеем Гаўруцікавым, які спрабаваў праз суд аспрэчыць рашэньне Паўла Лосіча, і прызнала забарону слушнай.

На заўвагу судзьдзі пра тое, што 10 сьнежня даўно мінула, спадар Гаўруцікаў адказаў, што аспрэчанае рашэньне старшыні гарвыканкаму стала б прэцэдэнтам на будучыню: да прыкладу, актывісты падалі б заяўку на наступны сход і былі б пэўныя, што ім не адмовяць. Аднак судзьдзя вырашыла іначай.

Намесьнік старшыні гарвыканкаму Павал Лосіч у суд чарговы раз не зьявіўся. Раней віцебскія актывісты ўжо неаднаразова спрабавалі прыцягнуць яго да адказнасьці за адмовы на правядзеньне грамадзкіх акцыяў. Так, сябар БХК праваабаронца Павал Левінаў ужо чатыры разы судзіўся за тое, каб аспрэчыць забароны на правядзеньне ініцыяваных ім пікетаў, аднак спадар Лосіч на суды не прыходзіў, спасылаючыся на пільную занятасьць, а судзьдзі ўставалі на ягоны бок, не прызнаючы канстытуцыйнага права заяўніка на свабоду правядзеньня мірных сходаў.

Заяву ў суд з мэтай абскардзіць рашэньне намесьніцы старшыні Гарадоцкага райвыканкаму Надзеі Буруновай нядаўна напісаў яшчэ адзін актывіст руху “За свабоду” Леанід Аўтухоў. Чыноўніца не дазволіла правесьці ў залі райвыканкаму сход выбаршчыкаў, які меўся адбыцца 9 студзеня. Апазыцыянэр рыхтуецца да працэсу ды спадзяецца, што ў спадарыні Буруновай знойдзецца час, каб зьявіцца ў суд.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG