Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ветлівая заўвага нямецкаму журналісту была зроблена ў часе прэсавай канфэрэнцыі ў Бэрліне, калі той ужыў слова Weissrussland — даволі распаўсюджаную ў нямецкіх СМІ назву краіны.


“We are not Weissrussland, we are Be-la-rus”, заўважыў кіраўнік беларускага замежнапалітычнага ведамства Сергей Мартынаў.

Паўтарагадзінная сустрэча зь беларускім міністрам, якая была арганізаваная Нямецкім таварыствам зьнешняй палітыкі ў прэзыдэнцкім гатэлі Adlon, праводзілася на ангельскай мове.

Як пішуць нямецкія выданьні, за гэты час адбылося тое, што раней было немагчыма. Не было сказана нічога пра “апошнюю дыктатуру Эўропы”, размова ішла пра новыя пэрспэктывы дачыненьняў паміж Беларусьсю і ЭЗ.

Адказваючы на пытаньне журналіста, які ўжыў слова Weissrussland, Мартынаў падкрэсьліў, што Беларусь (Be-la-rus) ніколі не прасіла саступак як міласьціны, а прапаноўвала сябе ў якасьці партнэра. Калі краіна геаграфічна “ўціснутая” паміж Расеяй і ЭЗ, y яе не застаецца іншага выбару, як дбаць пра добрыя дачыненьні з абодвума партнэрамі.

Паводле нямецкага выданьня Neues Deutschland, кіраўнік беларускага МЗС — колішні выпускнік МГИМО, які валодае выдатнай ангельскай мовай і мае досьвед амбасадарскай працы ў шэрагу краін — зрабіў уражаньне ўпэўненага ў сабе чалавека, які “адыгрывае ролю беларускага ледаколу”.

Бэрлінскае выданьне Tageszeitung дае, аднак, іншую ацэнку сустрэчы. Газэта яе характарызуе як “флірт Менску з заходнім партнэрам”. Той, хто ведае рэальную беларускую ўнутрыпалітычную сытуацыю, ня можа пазбавіцца пачуцьця скепсісу. Гэтае пачуцьцё застаецца, нягледзячы на ўсё цяперашнія заляцаньні Беларусі да ЭЗ, піша аўтар артыкула.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG