Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каханьне цаной у 2,6 мільёна


Мікола Дземідзенка і Зьміцер Дашкевіч у будынку суду

Мікола Дземідзенка і Зьміцер Дашкевіч у будынку суду

Міколу Дземідзенку суд аштрафаваў на 35 базавых велічыняў — гэта 1 мільён 225 тысячаў рублёў. Зьмітра Дашкевіча — на 40 базавых, 1 400 тысячаў рублёў.

Лідэра незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Зьмітра Дашкевіча суд Ленінскага раёну Менску аштрафаваў на 40 базавых велічыняў (гэта мільён чатырыста тысяч рублёў). Ягонага паплечніка з Полацку Міколу Дземідзенку — на 35 базавых велічыняў (гэта мільён дзьвесьце дваццаць пяць тысяч рублёў). Хлопцаў абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі. Падставай для абвінавачаньня сталі ўлёткі з заклікам удзельнічаць у сьвяточным шэсьці на дзень сьвятога Валянціна.

Адміністрацыйныя пратаколы супраць Зьмітра Дашкевіча і Міколы Дземідзенкі разглядаліся ў судзе Ленінскага раёну Менску.

12 лютага Зьмітра і Міколу затрымалі праз паўтары гадзіны пасьля пікету каля сьледчага ізалятара на вуліцы Валадарскага. Іх спынілі ахоўнікі Нацыянальнага банку і выклікалі спэцназаўцаў. У гарадзкі аддзел міліцыі Ленінскага ўпраўленьня ўнутраных спраў, што на вуліцы Леніна, куды прывялі хлопцаў, прыйшлі таксама супрацоўнікі службы бясьпекі Аляксандра Лукашэнкі.

У заплечніку Міколы Дземідзенкі міліцыянты знайшлі буклеты і ўлёткі пра сьвяточнае шэсьце ў дзень сьвятога Валянціна. Хлопцаў абвінавацілі ў закліках удзельнічаць у несанкцыянаванай акцыі і завезьлі да суду ў турму на завулку Акрэсьціна.

У суд прыйшоў толькі адзін сьведка, спэцназавец Уладзіслаў Лабкоўскі. Зьміцер Дашкевіч паведаміў, што менавіта гэты чалавек паводзіў сябе ня так, як іншыя байцы спэцназу.

“Пагражаў зьбіцьцём, пару разоў ударыў, а, калі я папрасіў яго прадставіцца, каб мы потым маглі абмеркаваць ягоныя дзеяньні на падставе закону, то ён сказаў: “Мы вас біць ня будзем, а «апусьцім»”.

Я ў яго спытаў ці не ў спэцназе вучаць такому блатному жаргону. Ён тады крыху сьціх. Такія паводзіны я бачу ўпершыню за гісторыю сваіх дачыненьняў з супрацоўнікамі спэцназу. Гэта сапраўды сьведчыць пра тое, наколькі працягвае зьвярэць гэтая міліцыэйская сыстэма“.

Міколу Дземідзенку судзілі першым. Ён адмовіўся даваць паказаньні:

“Гэтае затрыманьне абсалютна зьвязанае з акцыяй 14-га, а таксама з пікетам, які мы правялі ў гэты дзень. Можа, таму што нас не затрымалі на пікеце. Мы яго даволі ўдала правялі. Патрапілі ім на вочы толькі потым, пасьля акцыі”.

Судзьдзя даволі хутка абвясьціў прысуд — штраф 35 базавых велічыняў.

Зьміцер Дашкевіч заявіў у судзе, што лічыць дзеяньні міліцыі і суду незаконнымі, і адмовіўся даваць паказаньні.

“Мы былі затрыманыя службай аховы Нацбанку, адміністрацыяй Лукашэнкі, супрацоўнікамі спэцназу і міліцыянтамі. Вельмі доўга яны раіліся. Ня ведалі, што з намі рабіць. Параіліся, відаць, зь Менгарвыканкамам. Узялі гэтыя лісты пра забарону акцыі й вырашылі судзіць за 14 лютага”.

Зьмітра Дашкевіча пакаралі штрафам на 40 базавых велічыняў (гэта 1 мільён 400 тысяч рублёў).

У адміністрацыйных справах Зьмітра Дашкевіча і Міколы Дземідзенкі ляжаў ліст Менгарвыканакаму пра тое, што акцыя 14 лютага ня мае афіцыйнага дазволу. Маладафронтаўцы адзначылі, што на момант затрыманьня спэцназаўцы і міліцыянты не маглі гэтага ведаць, бо самі актывісты атрымалі ліст усяго некалькі гадзінаў таму.

У судовай залі прысутнічаў Мікола Статкевіч. Ён пракамэнтаваў судовае рашэньне:

Мікола Статкевіч
“На мой погляд улада адну руку працягвае Захаду, просіць грошай, кажа пра лібэралізацыю, а другую ў кулаку за сьпіной паказвае беларускаму грамадзтву. Маўляў, выпрасім грошай, крызіс перажывем, і мы вам пакажам. Мне падаецца вельмі сымбалічным, што затрымалі іх супрацоўнікі Нацбанку”.

Вячаслаў Сіўчык дадаў:

Вячаслаў Сіўчык
“У зьвязку з тым, што цяпер чарговая дэлегацыя прыяжджае ў Менск, я думаю, такое было прынятае рашэньне. Можна толькі выказаць шкадаваньне, што гэта цягнецца ўжо доўгія 13 гадоў”.

Зьміцер Дашкевіч і Мікола Дземідзенка мусяць заплаціць агулам 930 даляраў. Інакш судовыя выканаўцы апішуць іхную маёмасьць.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG