Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У блізкай будучыні ў Беларусі можна будзе адкупіцца за некаторыя віды нецяжкіх злачынстваў.

На сваёй апошняй прэсавай канфэрэнцыі старшыня Вярхоўнага суду Валянцін Сукала паведаміў , што зараз дапрацоўваецца законапраект, які прадугледжвае так званую “дамову з правасудзьдзем”.

Паводле Валянціна Сукалы, “зьдзелка з правасудзьдзем” мае на ўвазе 28 відаў негвалтоўных складаў злачынства, у гэты сьпіс не ўваходзяць карупцыйныя злачынствы.

Плянуецца, што суму “зьдзелкі” будзе прызначаць дзяржаўныя абвінаваўца, але яна не будзе перавышаць у даляравым эквіваленце 60 тысяч даляраў. Старшыня Вярхоўнага суду адзначыў, што выраз “зьдзелка з правасудзьдзем” крыху нязвыклы для слыху грамадзянаў Беларусі, але гэтая норма шырока прымяняецца ў іншых краінах.

На думку былога сьледчага пракуратуры, праваабаронцы Алега Воўчака, замежны досьвед варта грунтоўна вывучаць, станоўчы – запазычваць. Але ці адпавядае менавіта гэты замежны досьвед нашым рэаліям і патрэбам, пад пытаньнем:

“У нас жа законы пішуцца ў Адміністрацыі. Потым гэта даецца дэпутатам і яны фактычна ня ўдзельнічаюць у абмеркаваньні і не вывучаюць гэту практыку. Апроч таго,наколькі мне вядома, нашы заканадаўцы не выяжджаюць для вывучэньня досьведу ў іншых краінах, таму, наколькі гэтая норма будзе для нас пэрспэктыўная, - пакажа час”.

На думку былога судзьдзі, праваабаронцы Гары Паганяйлы, гэтая мера выдае на простае жаданьне знайсьці, адкуль яшчэ браць грошы ў бюджэт:

“Ва ўмовах крызысу ў дзяржаве шукаюць дадатковыя крыніцы даходаў у бюджэт. Вось сп. Сукала і ўзяў аналягі адпаведныя з заходняга судовай вытворчасьці і спрабуе іх укараніць на нашым судовым полі хлебным”.

Скарыстацца “зьдзелкай з правасудзьдзем” змогуць нямногія, падкрэсьлівае Гары Паганяйла:

“У нас не так шмат багатых людзей, якія могуць наўпрост назавем “адкупіцца” сумай у 60 тысяч даляраў. То бок, гэтая мера будзе разьлічана на багаценькіх. З другога боку, гэтая мера, якую прапаноўвае Валянцін Сукала, гэтая сацыяльна нібыта кампэнсацыя за шкоду, нанесеную грамадзтву злачынствам, гэтая сума не вяртаецца кліенту ў выпадку, калі крымінальнае пакараньне не будзе прымяняцца”.

Ёсьць спадзяваньні, кажа Алег Воўчак, што ў выпадку, калі лібэралізацыя ў Беларусі сапраўды адбудзецца, гэта паспрыяе больш плённаму вывучэньню замежнай судовай практыкі на карысьць беларускай:

“Імплянтацыя міжнародных нормаў у наша нацыянальнае заканадаўства была б для ўсіх выйгрышнай сытуацыяй. Трэба выкарыстоўваць досьвед, якія доўга ўжо дзейнічае, працуе і мае плён”.



XS
SM
MD
LG