Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Удзельнічае філёзаф Тацяна Процька, эфір 12 лютага 2009 году

Камунізм — агульная назва канцэпцыяў пра ідэальную грамадзкую арганізацыю, а таксама гіпатэтычны грамадзкі і эканамічны лад, заснаваны на поўнай роўнасьці і грамадзкай уласнасьці на сродкі вытворчасьці. Камунізмам таксама называюць тып грамадзтва, першы ўзор якога быў створаны ў СССР і ў якім сфармаваліся цяперашнія людзі сярэдняга і старэйшага пакаленьня на адной шостай частцы Зямлі, улучна зь Беларусьсю.

Камунізм — адно з самых папулярных словаў ХХ стагодзьдзя і адзін з самых прывабных, спакусьлівых і адначасна страшных мітаў.


* * *


Вячаслаў Ракіцкі
Вячаслаў Ракіцкі: Міт пра камунізм спакусьлівы, прывабны. Але ж ужо чалавецтва, а беларусы ў першых шэрагах, на сваім досьведзе спазналі вынікі камунізму. Сам жа народ склаў прымаўку пра сымбаль камунізму: “серп і молат — сьмерць і голад”. Ленінскі камунізм быў рэалізаваны, і яго пернікаў людзі наеліся…

Тацяна Процька: Ленін ня быў першастваральнікам міту пра камунізм, ён быў дастаткова прагматычным чалавекам і выкарыстаў ужо створаны міт у сваіх палітычных мэтах.

Ракіцкі: Палітыкі імкнуліся міталягізаваць камуністычную ідэю. Саўдзельнікамі міталягізацыі станавіліся і людзі звычайныя, цэлымі масамі. Чаму камунізм так лёгка паддаецца міталягізацыі?

Процька: Камунізм — міт бедных колаў грамадзтва. Чым больш заможнае грамадзтва, тым міт пра камунізм меней папулярны.

Ракіцкі: Люмпэн кідкі на спакусы. У чым спакуса камунізму?

Тацяна Процька
Процька: Спакусаў шмат. Першая: камунізм — гэта ўяўленьні людзей пра райскае (ці найлепшае) жыцьцё ня ў боскім Эдэме, а на ўсёй Зямлі. Другая — рай, пабудаваны людзьмі на зямлі і бяз Бога, якога ня трэба слухацца, баяцца, любіць. Болей за тое, чалавек сам станавіўся гаспадаром прыроды, богам гэтага сьвету. Трэцяя — пры камунізьме ўсе людзі роўныя: няма падзелу на багатых і бедных, разумных і дурных, прыгожых і непрыгожых, моцных і слабых, здаровых і хворых. Чацьвёртая — кожны можа кіраваць усімі, калі ёсьць жаданьне. Пятая — кожны атрымоўвае за сваю працу тое, што захоча, што душа пажадае. Шостая — няма прыватнай уласнасьці, ёсьць толькі ўсеагульная, а гэта значыць, “усё маё”.

Ракіцкі: Давайце спынім пералік, бо можна да бясконцасьці паўтараць ледзь ня ўсе чалавечыя спакусы, якія прысабечыў камунізм. Але ж нейкая адна спакуса мусіць усе гэтыя спакусы падпарадкаваць сабе?

Процька: Яна ёсьць,
Камунізм — міт бедных колаў грамадзтва.
самая спакусьлівая з усіх спакусаў камуністычнага міту: людзі ва ўсе часы хацелі, каб гэты міт быў рэальнасьцю.

Ракіцкі: Але існуе меркаваньне дыямэтральна супрацьлеглае, што камуністычная ідэалёгія ўвогуле злачынная. Якая падстава меркаваць менавіта так?

Процька: Камуністычная ідэалёгія пабудаваная на адмаўленьні інстытуту прыватнай уласнасьці. Краіны ж Заходняй Эўропы і Амэрыкі пабудавалі сваю эканоміку на падставе інстытуту прыватнай уласнасьці. Таму для іх камуністычная ідэалёгія разбуральная, варожая, злачынная.

Ракіцкі: Калі ў 1960-я гады з высокіх трыбун казалі, што “сучаснае пакаленьне савецкіх людзей будзе жыць пры камунізьме”, мелася на ўвазе ня толькі тэарэтычная мадэль. На што абапіраліся аўтары гэтай фразы?

Процька:
На Беларусі камуністы існавалі ня толькі ў савецкія часы.
Так, канешне, не тэарэтычная. Людзі ня толькі заўсёды хацелі зрабіць гэты міт рэальнасьцю, а і рабілі. Так, на Беларусі камуністы існавалі ня толькі ў савецкія часы. Камуністамі называліся рымска-каталіцкія ксяндзы, які мелі сваё аб’яднаньне са статутам, зацьверджаным Папам Рымскім у 1684 годзе. Абшчына такіх камуністаў (яны называліся “дамы”), якія абавязаліся жыць сумесна, мець агульны прыбытак, дапамагаць адзін аднаму, клапаціцца пра сваю цнатлівасьць, існавала ў Пінску, У іх быў свой касьцёл сьвятога Барамея ў Караліне каля Пінску. Дамы камуністаў у Расейскай імпэрыі былі зачыненыя разам з каталіцкімі кляштарамі ў 1830-1860-я гады. Так што міт пра камунізм вядомы ўжо дастаткова даўно.

Ракіцкі: У ХХ стагодзьдзі камуністычны міт выявіўся ў ляканічных і выразных лёзунгах: “Ад кожнага — па здольнасьцях, кожнаму — па патрэбе”, “Чалавек чалавеку -сябра, таварыш, брат”,“Камуністы заўсёды наперадзе” і іншых. Хто быў стваральнікам і носьбітам на Беларусі камуністычнага міту?

Процька: Камуністычны міт распрацоўваўся, падтрымліваўся і распаўсюджваўся на Беларусі без малога стагодзьдзе — з 1917 году ў якасьці дзяржаўнай ідэалёгіі, а ў апошняе дзесяцігодзьдзе — пры яўнай і скрытай падтрымцы дзяржавы. У залежнасьці ад абставінаў унутранай і зьнешняй палітыкі камуністычны міт мадэрнізаваўся, удакладняйся, тлумачыўся. Былі вызначаныя этапы, фазы ў пабудове камунізму. Адрозна, напрыклад, ад Францыі, у Беларусі міт “камунізм”, безумоўна, дзяржаўны. Для вырашэньня мэтаў і задач камунізму тут існаваў нават спэцыяльны кляс чыноўнікаў. Яны называліся “ідэалягічнымі работнікамі”.
У Беларусі міт “камунізм”, безумоўна, дзяржаўны.
Носьбітамі ідэяў камунізму ў грамадзтве зьяўляліся камуністы — сябры адзінай дзяржаўна-грамадзкай палітычнай структуры, якая называлася Камуністычнай партыяй Савецкага Саюзу (КПСС). Адной са структураў КПСС зьяўлялася Камуністычная партыя Беларусі.

Ракіцкі: Беларусы гэтак жа ставіліся да камуністычнага міту, як і іншыя народы былога СССР, ці ўсё ж неяк інакш?

Процька: Беларусы да гэтага міту спачатку ставіліся дастаткова прыхільна. Відаць, таму, што кастрычніцкі дзяржаўны пераварот, які пазьней назвалі рэвалюцыяй, тут быў фактычна бяскроўны, да ўсталяваньня савецкай ўлады людзі ставіліся ляяльна. Тым болей, што характэрных для цэнтральнай Расеі адмоўных зьяваў ва ўсталяваньні дыктатуры пралетарыяту ў Беларусі было значна меней. Хаця і зьбіраліся выслаць Лёсіка як буржуазнага інтэлігента, але нікога ня выслалі. У Расеі, напрыклад, выслалі каля 200 знакамітых вучоных-гуманітарыяў, якія не пагадзіліся з камуністычнай уладай. Хоць і бралі закладнікаў, але пераважна з багатых і польскай нацыянальнасьці, адразу не расстрэльвалі, трымалі для абмену на чырвонаармейцаў, што трапілі ў палон у часе польска-савецкай вайны. Акрамя таго, камуністычныя ўлады абвясьцілі Беларусь рэспублікай, гэта значыць, дзяржавай. Хоць і з абмежаванымі правамі, але далі магчымасьць размаўляць і ганарыцца беларускай мовай, зрабіўшы яе дзяржаўнай. У Беларусі пачалі раздаваць зямлю, хоць і малымі участкамі. Далі магчымасьць, як цяпер гавораць, займацца малым бізнэсам. І хоць адкрыўся ў Менску канцэнтрацыйны лягер у 1919 годзе, але таксама парадкі там спачатку былі даволі ляяльныя. Паводле Рыскай дамовы, палякам гарантавалася магчымасьць хадзіць у касьцёл. Тыя беларусы, якія не хацелі губляць веру, назваліся палякамі і маглі маліцца ў храмах. “Аднаўленчы” рух у Расейскай праваслаўнай царкве ня быў забаронены і карыстаўся падтрымкай улады. Праваслаўныя храмы таксама працавалі, хоць бальшавікі канфіскоўвалі царкоўнае багацьце. Да масавай калектывізацыі, масавага закрыцьця храмаў у 1935-1937 гадох, зьнішчэньня хутароў у 1939 годзе значная частка беларусаў памяркоўна ўспрымала савецкія пераўтварэньні, пры гэтым як простыя працаўнікі, так і інтэлігенцыя. Трэба зазначыць, што тых, хто ня ўспрымаў, адсочвалі спэцслужбы, кідалі ў ГУЛАГ ці проста забівалі.
Камунізм і страх сталі сынонімамі.
Камунізм і страх сталі сынонімамі. Зьнешне падтрымліваць камуністычную ідэалёгію было і выгадна, і давала адчуваньне бясьпекі.

Ракіцкі: Але ня ўсе падтрымлівалі, нават на пачатку станаўленьня савецкай улады. Мы ведаем пра арганізацыю ў пачатку 1920-х гадоў падпольнай сялянскай партыі “Зялёны дуб”, пра Слуцкі збройны чын, пра Аршанскае паўстаньне.

Процька: Канешне, супраціў быў. Супраціў перш за ўсё тычыўся спосабаў рэалізацыі міту. Але, на жаль, ён ня быў масавым, ня быў пасьпяховым. Зараз гісторыкі, не беларускія, больш расейскія, украінскія займаюцца аналізам таго, як бальшавікам удалося замацавацца ва ўладзе, падавіць супраціў. Розныя прычыны называюцца, сярод іх галоўнае месца займаюць прымус з боку дзяржавы і тэрор, але, мяркую, адна зь немалаважных прычынаў тая, што беларусы спакусіліся на камуністычныя даброты і абяцанкі. І каб замаскіраваць сваё спакушэньне, яны з самага пачатку пачалі аддзяляць ідэю ад выканаўцаў, камунізм ад яго носьбіта — камуністаў. Калі што добрае — гэта пераўтварэньне ідэі ў жыцьцё. Калі што благое — вінаватыя канкрэтныя людзі: Ленін, Сталін, Дзяржынскі, іншыя кіраўнікі. Ідэя — ні пры чым, партыя ні прычым і, вядома, народ ні прычым. Між іншым, гэты падыход і сёньня пасьпяхова выкарыстоўваецца, асабліва пры ацэнцы падзеяў савецкага часу.

Ракіцкі: І ўсё ж мне падаецца, што беларусы не былі масавымі прыхільнікамі камуністычнага міту. Дастаткова ўзгадаць, як яны называлі камуністаў. “Камунякі” — амаль што самая бяскрыўдная з гэтых мянушак.

Процька: Гэтая мянушка першапачаткова зьвязаная са словам “камуна”. У 1918-1919 гадох на месцах буйных памешчыцкіх маёнткаў ствараліся сельскагаспадарчыя прадпрыемствы — камуны. Ствараліся яны паводле камуністычных прынцыпаў — абагульненьня ўсіх сродкаў вытворчасьці, калектыўнага бытавога абслугоўваньня (сталовая, ясьлі, садкі), роўная аплата працы, у асобных выпадках — сумеснае пражываньне. Памешчыцкія гаспадаркі мелі добры інвэнтар, тэхніку, шмат іншага багацьця, апрацаваную зямлю. Усё гэта было аддадзена камунарам — самым бедным сялянам, якія нават зямлі ня мелі. Скончыўся гэты экспэрымэнт ў Беларусі ўжо ў 1920 годзе — маёмасьць былых маёнткаў проста разьнесьлі па хатах, а самі камунары разьбегліся. Буйныя сельскія памешчыцкія гаспадаркі былі беспаваротна зьнішчаныя. Канешне, людзі адмоўна паставіліся да такога камунізму. Камунякі — гэта, як казала мая бабуля, лайдакі і галадранцы.

Ракіцкі: І ўсё ж, калі пры канцы 1980-х гадоў на вуліцы Менску пад сьцягамі БНФ і палкімі прамовамі Зянона Пазьняка выйшлі дзесяткі тысячаў людзей, з майго гледзішча, яны найперш выступалі супраць камуністычнай улады, а не за незалежную Беларусь. Памятаю, у 1991 годзе масавыя акцыі пахаваньня камунізму і акцыю выгнаньня камуністычнай нячыстай сілы з будынку ЦК КПБ на вуліцы Карла Маркса, 38. Чаму раптам беларусы так рэзка выказалі сваю нянавісьць да камуністаў?

Процька: Не магу пагадзіцца, што людзі выступалі супраць камуністычнай ідэалёгіі.
Беларускія навукоўцы ня маюць грунтоўных антыкамуністычных дасьледаваньняў.
Нават беларускія навукоўцы ня маюць грунтоўных антыкамуністычных дасьледаваньняў. Людзі выступалі перш наперш супраць камуністычнай партыі як адзінага кіраўніка дзяржавы, супраць хлусьні і падману. Таму, як толькі ўзьнікаюць нейкія эканамічныя цяжкасьці, старыя людзі пачынаюць казаць — вось тады было добра, каўбаса і гарэлка былі танныя.

Ракіцкі: Але прайшоў непрацяглы час, і камуністычны міт у Беларусі зноў ажыў і пачаў раскручвацца пэўнымі сіламі, нягледзячы на тое, што крамы заваленыя каўбасой. Кім і чаму раскручваецца міт?

Процька: Цікавая дынаміка росту і зьмяншэньня распаўсюджвальнікаў камуністычнага міту. Калі мы возьмем статыстыку колькасьці сяброў КПБ, то пабачым, што іх штогод павялічвалася, і ў 1990 годзе партыя мела 685270 сяброў і 12338 кандыдатаў. Але ўжо ў 1996 годзе ў КПБ засталіся толькі каля 7000 сяброў. Як толькі камуністы перасталі быць кіроўнай дзяржаўнай структурай, колькасьць іх зьменшылася, папулярнасьць рэзка ўпала. Людзі зараз інкрымінуюць камуністам, асабліва ідэалягічным работнікам, насаджэньне масавага атэізму, пазбаўленьня ўласнасьці на зямлю, масавую, на дзяржаўным роўні хлусьню. Але частка людзей, якія, як яны самі кажуць, атрымалі ад савецкай улады “ўсё”, засталіся прыхільнікамі камунізму. Яны падтрымалі дзейнага прэзыдэнта, разам сталі кіраваць. Яны лічылі, што камунізм можна пабудаваць часткова — узяць ад яго ўсё найлепшае, прыкладам, сацыяльную абарону, а горшае адрынуць. Тое, што дагэтуль не атрымалася, — дык кадры былі ня тыя, дрэнныя. Знойдзем новыя — і пабудуем. У гэтых людзей была падтрымка і ў Расеі, яны будавалі адзіны камуністычны фронт, сваю “лінію Сталіна”.

Ракіцкі: З распадам СССР і камуністычнага лягеру зьменшылася колькасьць камуністаў і ў сьвеце. Можна сказаць, што камуністычны міт ціхенька канае?

Процька: Можна, канешне, але я ня маю вялікага аптымізму. Пакуль жывыя людзі, якія бачылі “даброты” рэальнага камунізму, у грамадзтва ёсьць прышчэпка ад гэтай хваробы. Але спакусы засталіся. Сусьветнае грамадзтва, каб людзі ведалі праўду пра рэальны камунізм, друкуе кнігі з апісаньнем рэальнага, а не мітычнага камунізму.
Рэальны магільшчык камунізму — толькі інстытут прыватнай уласнасьці.
Адна зь іх называецца “Чорная кніга камунізму”. У гэтай кнізе на падставе дакумэнтаў гаворыцца пра тое, што камунізм за час свайго панаваньня ў ХХ стагодзьдзі забраў жыцьці каля 95 мільёнаў людзей: 20 мільёнаў у СССР, 65 мільёнаў у Кітаі, 1 мільён у Віетнаме, 2 мільёны ў Паўночнай Карэі, 2 мільёны ў Камбоджы, 1 мільён ва Ўсходняй Эўропе, 150 тысяч у Лацінскай Амэрыцы, 1,7 мільёна ў Афрыцы, 1,5 мільёна ў Аўганістане… Таму камунізм — адзін з самых жахлівых мітаў.

Ракіцкі: Ці існуюць рэальныя падставы для паміраньня міту пра камунізм у Беларусі? А можа, ён на гэтай зямлі будзе жыць вечна?

Процька: Рэальны магільшчык камунізму — толькі інстытут прыватнай уласнасьці. Калі людзі стануць уласьнікамі, яны адчуюць адказнасьць за гэту ўласнасьць, за свой лёс. Ім будзе патрэбны закон — сапраўдны, а не мітычны, які мелі ў камуністычныя часы. І падставы для надзеі ёсьць. Але баюся, каб у нас капіталізм не зрабіўся мітам, як раней камунізм.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG