Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў: ні рынку няма, ні суду няма


Belarus -- an old market "Krynica", 08Dec2009

Belarus -- an old market "Krynica", 08Dec2009

Ленінскі суд Магілёва спыніў разгляд пазову жыхара мікрараёну Саломінка Ігара Каваленкі супраць гарвыканкаму. З хадайніцтвам аб спыненьні справы выступілі прадстаўнікі гарвыканкаму, а судзьдзя Галіна Тарасава яго падтрымала. Каваленка на судзе прадстаўляў інтарэсы ініцыятыўнай групы, якая намагалася правесьці ў мікрараёне мясцовы рэфэрэндум. Выканаўчая ўлада адмовілася рэгістраваць групу, што й сталася нагодай для суду.

Сёньняшняе паседжаньне было чацьвёртым. Яно доўжылася каля сарака хвілінаў. Гаворыць Ігар Каваленка:

“Сёньня адбылася дзіўная сытуацыя. Судзьдзя, якая правяла тры паседжаньні, аказваецца, ня мела права прымаць да разгляду мой пазоў, бо я ня меў права выступаць ад імя ініцыятыўнай групы. Усе дваццаць сем чалавек якой былі дапытаныя судом менавіта як члены ініцыятыўнай групы. На кожным паседжаньні прадстаўнікі гарвыканкаму шукалі прычыну, каб спыніць гэтую судовую справу, каб не дапусьціць рэфэрэндуму”.

З хадайніцтвам аб спыненьні справы выступілі прадстаўнікі гарвыканкаму. Паводле чыноўнікаў, гарадзкая выканаўчая ўлада групу не зарэгістравала, і таму спадар Каваленка ня можа прадстаўляць інтарэсы гэтай групы як юрыдычнай асобы.

Судзьдзя Галіна Тарасава хадайніцтва чыноўнікаў задаволіла.

На мінулым судовым паседжаньні прадстаўнікі ўлады тлумачылі, што ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы гарвыканкам ня бачыў эканамічнай мэтазгоднасьці. Паводле чыноўнікаў, наступным крокам пасьля яе рэгістрацыі стала б арганізацыя самога рэфэрэндуму, а гэта — выдаткі з гарадзкога бюджэту.

Нагодай для рэфэрэндуму стаўся намер улады перанесьці рынак “Крыніца” ў мікрараёне Саломінка. На месцы рынку гарвыканкам зьбіраўся збудаваць спарткомплекс. Праз рэфэрэндум прадпрымальнікі хацелі высьветліць, ці падтрымліваюць жыхары мікрараёну гэты намер улады.

На дадзены момант рынак ужо разбураны і на яго месцы вядзецца будоўля. Некаторыя перавезеныя на новае месца гандлёвыя павільёны ўжо пачалі працаваць.

На асноўнае пытаньне прадпрымальнікаў — чаму ўлада не зарэгістравала ініцыятыўную групу? — суд так і не адказаў. Паводле выбарчага заканадаўства, ініцыятыўную групу не рэгіструюць, калі парушаная працэдура рэгістрацыі. Управа юстыцыі аблвыканкаму такіх парушэньняў ня выявіла.

Гаворыць Ігар Каваленка:

“Было сабрана шэсьць тысяч подпісаў супраць зносу рынку. З аднаго боку, мясцовыя й рэспубліканскія ўлады заяўляюць пра клопат пра народ, але насамрэч ня хочуць чуць голас самога народу, які хоча сам вырашаць пытаньні свайго жыцьця законным спосабам”.
XS
SM
MD
LG