Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Страшна, што мы ўсе — падазраваныя”


Жыхары Віцебску дзяліліся сваім стаўленьнем да прымусовай дактыляскапіі.

Карэспандэнтка: “Як вы ставіцеся да таго, што ў Беларусі праводзіцца прымусовая дактыляскапія?”

Хлопец: “Абсалютна пазытыўна. Таму што гэта дазваляе стварыць базу дадзеных, з дапамогай якой можна будзе хутка знайсьці людзей, што пагражаюць нашаму грамадзтву рознымі сваімі злачыннымі дзеяньнямі, дазволіць іх апэратыўна нэўтралізаваць. Таму я сьвядома пайшоў ды зрабіў адбіткі, на ўсе дзесяць пальцаў!”

Спадарыня: “А я лічу, што гэта парушэньне правоў чалавека. І гэта страшна, што нас усіх робяць падазраванымі”.

Спадар: “Тое, што бяруць адбіткі, — слушна. Меней будуць красьці, рабаваць! Лукашэнка правільную палітыку вядзе, і я цалкам за яго! А быў бы я на месцы Лукашэнкі, дык быў бы яшчэ стражэйшы!”

Спадар: “Я думаю, што гэткі прымус незаконны, бо нідзе не напісана, ні ў якім заканадаўчым акце, што мы павінны даваць свае адбіткі пальцаў. Мяркую, што гэта паказьнік таго, як працуюць нашыя праваахоўныя органы — пад такім матывам пра пошукі злачынцаў ідзе назапашваньне дадзеных пра ўсё насельніцтва Беларусі”.

Дзядуля: “ Калі была “віцебская справа” ў савецкія часы — пра маньяка, які душыў жанчын, — дык тады таксама зьбіралі ва ўсіх адбіткі пальцаў, як цяпер. І чым усё скончылася? Што нявінныя людзі сядзелі па 10 год, некаторыя паміралі ў турмах. Незаконна! Хаця таксама зьбіралі адбіткі пальцаў... Падумайце: калі нешта рабіў разумны чалавек, дык хіба будзе ён пакідаць свае адбіткі?”

Спадар: “Ну а чаго баяцца, калі ты нікога ня гвалціў, да прыкладу? Ну будуць твае адбіткі ў картатэцы, і будуць. І што? Затое, можа, калі раптам табе галаву недзе адарве, дык па адбітках пальцаў апазнаюць...”

Хлопец: “Мяне пакуль гэта не закранула, але ўвогуле… Вось сёньня бяруць адбіткі пальцаў, заўтра будуць браць сьліну… Ёсьць жа ў нас для ўліку нашы пашпарты, нейкая ўнармаваная ўжо сыстэма. А то — так і да абсурду нядоўга дайсьці!”

Спадарыня:
“Мне ўвогуле ніколі не падабаліся ўсякія “маршыроўкі”, яшчэ з савецкіх часоў — калі шыхтуюць усіх і некуды шыхтом усіх вядуць. Мне гэта інстынктыўна не падабаецца. Але ж калі яны мужыкі, дык няхай стаяць на сьмерць: “ня дамся!”

XS
SM
MD
LG