Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цыпі Ліўні: “Я не хачу быць другой Голдай”


На ізраільскіх парлямэнцкіх выбарах перамагла цэнтрысцкая партыя Кадзіма на чале зь міністрам замежных спраў Цыпі Ліўні.


Калі кіраўніцы замежнапалітычнага ведамства ўдасца пасьпяхова правесьці кааліцыйныя перамовы і сабраць найбольшую колькасьць галасоў падтрымкі ў Кнэсэце, яна можа стаць другой у гісторыі Ізраіля жанчынай — прэм’ер-міністрам. Першай жанчынай-прэм’ерам была Голда Мэір, якая, падобна як і Цыпі Ліўні, таксама мае беларускія карані.

Цыпі Ліўні нарадзілася ў Ізраілі ў 1958 годзе. Яе бацька, вядомы ваенны і палітычны дзеяч Эйтан Ліўні, паходзіць з Горадні. Калі яму споўнілася 6 гадоў, яго сям’я напачатку пераехала ў Палестыну (на той час край быў пад кантролем Брытаніі).

Цыпі Ліўні мае юрыдычную адукацыю. Некалькі гадоў служыла ў ізраільскай выведцы Масад. Кіравала рознымі міністэрствамі. Замужам за Нафталі Шпіцэрам — бухгальтарам паводле прафэсіі. У сям’і двое дзяцей.

Палітычны аглядальнік расейскамоўнага тэль-авіўскага тэлеканалу “Ізраіль плюс” Яўген Сава дзеліцца ўражаньнямі ад размоваў з гэтым палітыкам.

Сава: “Я з Цыпі Ліўні кантактаваў некалькі разоў. Двойчы рабіў зь ёй вялікія інтэрвію. Магу сказаць, што ў яе добрая каманда піяршчыкаў. Дарэчы, гэта самыя крутыя паліттэхнолягі Ізраілю, якія ў свой час двойчы прывялі да перамогі Шарона. Менавіта яны стварылі зь Ліўні вобраз такога блізкаўсходняга Абамы, чалавека, які сабе яшчэ ня надта праявіў, аднак якому можна верыць. Ліўні з тых, каго ў Саюзе, Беларусі лічылі людзьмі дзяржапарату. Калі ў цябе тата апаратчык, то добрая кар’ера табе забясьпечаная. Яе тата быў дэпутатам Кнэсэту, сапраўды быў яркай палітычнай асобай. Таму для яго дачкі зь дзяцінства была адкрытая партыйная кар’ера. Я думаю, што Цыпі Ліўні — гэта самаўпэўненая асоба, аднак зусім ня яркая”.

Паводле ізраільскага аглядальніка, прынцыповая памылка Цыпі Ліўні ў тым, што яна зусім не пазыцыянуе сябе як габрэйка беларускага або ўсходнеэўрапейскага паходжаньня. Яна ня бачыць розьніцы паміж праблемамі розных слаёў ізраільскага насельніцтва. Праблемы ж расейскамоўных рэпатрыянтаў вельмі адрозьніваюцца ад праблемаў выхадцаў з той жа Этыёпіі.

“Былыя савецкія габрэі, хутчэй за ўсё, падтрымалі не Кадзіму, а іншую партыю — “Наш дом Ізраіль”, — мяркуе Яўген Сава з тэлеканалу “Ізраіль плюс”.

Некаторыя ізраільскія журналісты параўноўваюць Цыпі Ліўні з Голдай Мэір. Ведаючы прэм’ерскія амбіцыі кіраўніцы МЗС, яны пытаюцца ў яе, “ці ня ціснуць ёй Голдзіны галёшы?” На такія пытаньні Цыпі Ліўні адказвае, што ёй добра пасуюць яе ўласныя галёшы і што яна супраць таго, каб жанчын у палітыцы ацэньвалі выключна паводле полавай прыкметы.

“Мне ёсьць чаму павучыцца ў Голды, аднак я хачу быць першай Ліўні, а не другой Мэір”, — кажа лідэр Кадзімы.

Менскі гісторык, прафэсар Эмануіл Ёфэ лічыць параўнаньне ізраільскіх журналістаў слушным.

Ёфэ: “Параўноўваюць рашучасьць, хватку, паходжаньне. Голда Мэір нарадзілася ў Кіеве, аднак першыя сем год правяла ў Пінску, бо адтуль яе бабуля і дзядуля.

Увогуле, шмат ізраільскіх дзеячаў паходзяць зь Беларусі. У 2000 годзе я выпусьціў кнігу пра знакамітых беларускіх габрэяў. Там і пра прэзыдэнтаў, і пра прэм’ераў, пра кіраўніка Масаду, іншых ведамстваў, пра ляўрэатаў Нобэлеўскай прэміі, пра таго, хто аднавіў мову іўрыт... Усе гэтыя выбітныя ізраільцы, дарэчы, узгадвалі пра свае беларускія карані. Дзеля таго, каб пра радзіму бацькоў таксама ўзгадвалі і іх нашчадкі, Беларусі трэба шмат чаго зрабіць”.

Паводле Эмануіла Ёфэ, на пачатку 1990-х, калі Ізраіль зьбіралася наведаць першая ўрадавая беларуская дэлегацыя, да яго ў гэтай сувязі шмат зьвярталіся па кансультацыі. Ён, у прыватнасьці, параіў арганізаваць турыстычныя маршруты пад умоўнай назвай “Габрэйскія мясьціны ў Беларусі”, выдаваць кнігі і буклеты на гэтую тэму. Аднак парады так і засталіся парадамі.

“Ці ня хочаце вы напісаць яшчэ адну кнігу, прысьвечаную новым ізраільскім дзеячам, якія маюць беларускае паходжаньне?” — пытаюся ў суразмоўцы.

“Я б мог напісаць. Аднак тут павінен быць заказ. Хто ў наш час піша ў кошык?” — адказвае прафэсар Ёфэ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG