Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выдавецкая галіна ў чаканьні крызісных сюрпрызаў


Сёньня ў Менску пачала працу XVІ выстава-кірмаш “Кнігі Беларусі-2009”. На сёлетнім форуме колькасьць экспанэнтаў меншая за леташнюю, што арганізатары наўпрост зьвязваюць з наступствамі фінансавага крызісу. Экспэрты адзначаюць, што прадстаўнікі паліграфічнай галіны раней за іншых удзельнікаў кнігавыдавецкага бізнэсу зазналі страты. Якія перадусім праблемы перашкаджаюць выдавецкай справе?


Выдавецкай справай у Беларусі займаюцца дзясяткі прадпрыемстваў рознай формы ўласнасьці, якія вырабляюць самы шырокі спэктар прадукцыі — ад навуковых і мастацкіх кніг да рэклямных буклетаў. Аднак у пэрыяд, калі ўмовы гаспадараньня нацыянальным эканомікам дыктуе сусьветны крызіс, рознапрофільныя структуры трапляюць у паласу агульных праблемаў.

У прыватнасьці, спэцыялісты адзначаюць: на канчатковую прадукцыю найбольш адчувальна ўплываюць кошты матэрыялаў, неабходных для функцыянаваньня выдавецкай галіны. Найбольш падставаў для клопату дае імклівы рост цэнаў на паперу. З улікам высокага курсу даляра да рубля папера стала дарагой для беларускіх кнігавыдаўцоў, падаражэньне на шэраг пазыцый склала 40%. Таму перадусім узьнікае пытаньне — як утрымаць кошт прадукцыі на даступным для пакупніка ўзроўні? Гаворыць галоўны рэдактар дзяржаўнага выдавецтва “Мастацкая літаратура” Віктар Шніп:

“Падаражэла ўсё, вядома. Адразу неяк усё вельмі востра адчулася. Натуральна, сабекошт кніжак расьце. Колькі кніга ўрэшце будзе каштаваць, складаецца з усяго, у тым ліку з кошту паперы. Бо тут немалаважны фактар, на якой паперы друкаваць. Бо як мы, дык выдаём усе кнігі на добрай, якаснай паперы. Але, дзеля справядлівасьці, кошты ўвесь час расьлі. Каб было нейкай нечаканасьцю — кшталту таго, што пяць гадоў нічога не расло, а потым абвалілася, то не. Усё паціху, паступова падымалася і падымалася. І гэта не апошняе падвышэньне, тэндэнцыі такія ўвесь час. Самі ж бачыце, як цэны кніжак зьмяняюцца: з кожным годам усё даражэй і даражэй. Але тут можна прасачыць пэўную залежнасьць. Бо як яшчэ могуць падвысіць заробкі сваім работнікам вытворцы паперы? Толькі праз падвышэньне кошту паперы”.

Напярэдадні выставы намесьнік міністра інфармацыі Ігар Лапцёнак агучыў некаторыя лічбы статыстыкі, якія тычацца кнігавыданьня. Так, летась у Беларусі выдадзена больш за 13 тысяч найменьняў кніг агульным накладам 55 мільёнаў асобнікаў. Гэта больш, чым паказьнікі 2007 году. Але аналіз за пяцігодку сьведчыць, што назіраецца тэндэнцыя да пашырэньня асартымэнту пры зьмяншэньні накладаў. Калі ў сярэдзіне 1990-х звыклай справай быў наклад у некалькі дзясяткаў тысяч, то цяпер тыражнасьць зьнізілася да 3—5 тысяч. У 2008 годзе, паводле чыноўніка, сярэдні наклад крыху перавысіў 4 тысячы асобнікаў. На кожнага беларуса прыпадае 5,5 кніжак.

Галоўны рэдактар аднаго з самых вядомых у Беларусі выдавецтваў “Чатыры чвэрці” Ліліяна Анцух кажа, што эканамічныя складанасьці не абмінаюць нікога. Аднак такім удзельнікам выдавецкага рынку, як “Чатыры чвэрці”, існаваць было досыць складана і раней — дзейнасьць згаданага выдавецтва цалкам прысьвечаная духоўным каштоўнасьцям Беларусі:

“Ужо 17-ты год мы займаемся толькі той літаратурай, якая тычыцца культуры, навукі, адукацыі, усяго нацыянальнага, духоўнага. І нам заўсёды было цяжка. Дарэчы, нотна-музычныя выданьні, здаецца, мы адзіныя, хто тут яшчэ робіць, таму што яны зусім не прыбытковыя. Таму казаць, што мы адчулі, што нешта абрынулася на нас і дагэтуль так ніколі не было — то не. Неяк пераступілі ў гэты год, былі выданьні ў друкарні. Канечне, цяжка, вельмі цяжка. Нехта вінен нам грошы, мы некаму таксама штосьці павінны аддаць. Але гэта ня тая сытуацыя, каб стаць і падняць рукі ўгару. Я думаю, што з гэтым крызісам трэба навучыцца жыць. Ня ведаю, але я аптыміст па натуры. Можа, мне ў гэтым дапамагаюць і аўтары, і тая літаратура, якой я займаюся — такое заўсёды натхнёнае асяродзьдзе вакол мяне. Бывае, канечне, што рукі апускаюцца, але ня так, каб сказаць, што зусім дрэнна”.

Менскі прадпрымальнік Аляксандар Калачоў выступае пасярэднікам паміж замежнымі заказчыкамі і некаторымі беларускімі выдавецтвамі. На яго думку, у разьліку толькі на беларускіх кліентаў мясцовым фірмам існаваць досыць цяжка — рынак занадта малы, каб разьлічваць на поўную акупнасьць. Тое ж тычыцца і кнігавыданьня — кола патэнцыйных чытачоў з розных прычынаў скарачаецца:

“У першую чаргу гэта кніжак тычыцца. Па-першае, ва ўсёй Беларусі 10 мільёнаў жыхароў. Зь іх можна адразу адсеяць палову людзей, якія ў прынцыпе не чытаюць — і па ўзросьце, і па стане здароўя, і зь іншых прычынаў. Пяць мільёнаў, якія могуць штосьці чытаць, але чытаюць у асноўным газэты ці задавальняюцца інтэрнэтам. Ня ведаю, можа, тысяч 200 у нас і набярэцца актыўных чытачоў, але няма такой кнігі, наклад якой быў бы разьлічаны на ўсіх, хто чытае. У нас тыражы мізэрныя, і з гэтым нічога і ніколі ня зробіш. Нават у пару самага эканамічнага росквіту. Што ўжо казаць пра цяперашнія часы”.

Некаторыя адмыслоўцы лічаць, што ўплыў сусьветнага крызісу на выдавецкую галіну Беларусі перабольшаны. Прыватны выдавец Зьміцер Колас кажа, што падвышэньне коштаў на паперу і іншыя матэрыялы — працэс аб’ектыўны, які пачаўся задоўга да крызісу. У масе сваёй беларускія фірмы прывязаныя да папяровых паставак з Расеі, дзе рублёвая дэвальвацыя яшчэ больш істотная, чым у Беларусі. Таму радыкальнага падвышэньня, прыкладам, афсэтнай паперы чакаць не даводзіцца. А вось так званая крэйдаваная скандынаўская папера даражэе — праўда, і яе вага ў кнігавыдавецтве не такая істотная:

“Калі скажам, гаварыць пра фінскія, швэдзкія паперы, то гэта звычайна нават не папера, а кардон ці крэйдаваная папера, якая зазвычай ідзе альбо на ўкладку, альбо на вокладку. Яна вельмі мала важыць у агульным кошце кнігі, і таму заўважыць гэта ў канчатковай цане асабліва нельга. А вось што тычыцца афсэтнай паперы — так, зразумела, што яе ідзе на кнігу досыць шмат, яна нейкую вагу ў кошце кнігі мае. Але звычайна гэта ўсё расейская папера, і я ня думаю, што тут будуць моцныя ваганьні ў кошце. Бо ўсё ж расейскі рубель таксама падае, і яшчэ невядома, які рубель валіцца мацней — беларускі ці расейскі”.

Фінансавы крызіс б’е яшчэ па адной катэгорыі беларусаў, якія задзейнічаныя ў кнігавыдавецтве ў якасьці “літаратурных нявольнікаў”. Прадпрымальнік Аляксандар Калачоў кажа, што пэўная колькасьць беларускіх аўтараў стала супрацоўнічае зь вядучымі расейскімі выдавецтвамі, якія ад пачатку году згортваюць актыўнасьць. Скарачаюцца замовы, зьніжаюцца ганарары, амаль спыніліся сцэнарныя заяўкі для тэлесэрыялаў:

“Так яно і ёсьць: пляны скарачаюцца ўва ўсіх выдавецтвах. У “ЭКСМО” — так, у “АСТ” — так. Толькі адзінае выдавецтва заявіла, што ня ўнесла ніякіх карэктываў у пляны на 2009-ты, гэта дзяржаўная “Молодая гвардия”. А так усе паціху скарачаюць. Апроч таго, кожны год у кожнага выдавецтва ёсьць плян на прыцягненьне новых аўтараў. Зараз адсеў гэтых новых аўтараў ідзе амаль стопрацэнтны. Калі адчуваюць, што стопудовае пападаньне, толькі тады пачынаюць супрацоўніцтва. Калі не — адразу “да пабачэньня”. Акцэнт збольшага на “старую гвардыю”, але і ў старых аўтараў наклады таксама расьці ня будуць — бо шмат хто ад кіно залежыць. А на “Мосфильме” — у апошнім інтэрвію Шахназарава я чытаў, што ўся кінастудыя стаіць. Там крызіс таксама вельмі сур’ёзны”.

З разьвіцьцём высокіх тэхналёгій колькасьць спажыўцоў друкаванай літаратуры аб’ектыўна зьніжаецца. Цяпер шмат каму зручней і, адпаведна, таньней скарыстацца паслугамі інтэрнэту.

Дарэчы, кошты на кнігі і спэцыяльныя выданьні неўзабаве будуць падвышаныя: па старых цэнах рэалізуецца прадукцыя, выдадзеная летась. Экспэрты лічаць, што з улікам новых эканамічных рэаліяў сабекошт падвысіцца сама меней на 20%.
XS
SM
MD
LG