Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арыштаваным у Ваўкавыску працягнулі тэрмін зьняволеньня


Прадпрымальнікам Мікалаю Аўтуховічу, Юр’ю Лявонаву і Ўладзімеру Асіпенку не прад’явілі абвінавачваньняў, а працягнулі тэрмін утрыманьня пад вартай да 10 дзён. Сёньня іх перавялі ў сьледчы ізалятар на вуліцы Валадарскага ў Менску


Пра гэта нашаму радыё паведаміў адвакат Мікалая Аўтуховіча Павал Сапелка. Вось як ён пракамэнтаваў пастанову:

Сапелка: “У прынцыпе гэта паказвае на тое, што на сёньняшні дзень недастаткова доказаў для прад’яўленьня абвінавачаньня”.

Сёньня ўсіх траіх пераводзяць у сьледчы ізалятар — на “Валадарку”. Юрыст Алег Воўчак кажа, што ўмовы там значна горшыя, чым на Акрэсьціна.

Воўчак: “Там больш суровыя меры ўтрыманьня — гэта фактычна турма. Больш жорсткі рэжым, цяжэй зрабіць перадачу, абмяжоўваюць у спатканьнях з раднёй і г.д.”

Я запытаўся ў адваката Сапелкі, як адчуваюць сябе арыштаваныя.

Сапелка: “У прынцыпе Мікалай выглядае як чалавек, які знаходзіцца ў месцы пазбаўленьня волі. Ён дрэнна сябе адчувае, прымае лекі. Праўда, у гэтым яго не абмяжоўваюць”.

Жонка Мікалая Аўтуховіча Алена кажа, што ён адразу ўзяў з сабою лекі, бо апошнім часам цярпіць ад падвышанага ціску, а таксама боляў у сэрцы.

Алена Аўтуховіч: “У яго ціск і сэрца баліць, яшчэ дакладна нават не паставілі дыягназ. Гэта пачалося пасьля таго, як памёр ягоны бацька. У яго ціск падымаецца да 180 амаль”.

Лявонаў і Асіпенка, са слоў іх дачок, пакуль адчуваюць сябе нармальна, хоць Уладзімер Асіпенка таксама браў з сабой лекі.

Са слоў юрыста Алега Воўчака, сьледчы мае праводзіць сьледчыя дзеяньні, у тым ліку й вочныя стаўкі, паколькі, кажа спадар Воўчак, у справе нібыта зьявіліся новыя сьведкі.

Учора на тэлеканале БТ паказвалі сюжэт, у якім гаварылася, што адзін чалавек, былы "аўганец", хоча сьведчыць супраць арыштаваных. Аднак дагэтуль невядома, хто канкрэтна будзе выступаць у ролі сьведак.

Нагадаем, што 8 лютага ў Ваўкавыску супрацоўнікі галоўнага ўпраўленьня па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю МУС разам з байцамі спэцпадразьдзяленьня па барацьбе з тэрарызмам “Алмаз” арыштавалі Мікалая Аўтуховіча, Юр’я Лявонава й Уладзімера Асіпенку. У іхніх кватэрах адбыліся ператрусы, пасьля чаго ўсіх трох адвезьлі ў менскае СІЗО.

Мікалай Аўтуховіч і Юры Лявонаў у 2006 годзе былі асуджаныя паводле эканамічных абвінавачваньняў адпаведна на тры з паловай гады і на тры гады і пяць месяцаў. Праваабарончыя арганізацыі казалі пра палітычны падмурак іх справы, і летась пад міжнародным ціскам пакараньне ім замянілі на абмежаваньне волі. Учора павінна было разглядацца пытаньне аб умоўна-датэрміновым вызваленьні Мікалая Аўтуховіча, але гэтага не адбылося.

Заўтра ў Менску плянуецца прэсавая канфэрэнцыя з удзелам родных Мікалая Аўтуховіча, Юр’я Лявонава й Уладзімера Асіпенкі.
XS
SM
MD
LG