Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня Лельчыцкі раённы суд другі раз перанёс разгляд адміністрацыйнай справы супраць пробашча парафіі Найсьвяцейшага Сэрца Езуса й Маці Божай Фацімскай ксяндза Віталя Мышоны за ўсталяваны на ўезьдзе ў райцэнтар крыж. У суд з прычыны лекаваньня не зьявіўся абвінаваўца й галоўны сьведка па справе — прадстаўнік аддзелу архітэктуры й будаўніцтва райвыканкаму спадар Юніцкі.


Крыж на ўезьдзе ў Лельчыцы ўсталявалі летась. Асьвяцілі яго ў гонар сьвятога Канстанціна — заступніка хрысьціянства. На крыжы напісаныя лацінскія словы, якія паданьне зьвязвае са сьвятым Канстанцінам: “Гэтым знакам пераможаш”.

Ксёндз Віталь кажа, што раней райвыканкам не патрабаваў узгадненьня ні з архітэктарам, ні з геадэзійнай службай:

“Райвыканкам жа не сказаў узгадніць з геадэзіяй, архітэктарам, а толькі зь дзяржаўтаінспэкцыяй і дарожнай службай. Нам паказалі гэтае месца — мы там крыж і паставілі. Вернікі штодзённа ходзяць да крыжа й моляцца. Стаяць на холадзе, на сьнезе на каленях і моляцца. Некаторыя з маіх вернікаў распавядалі, што ня раз бачылі людзей, якія хрысьціліся па-праваслаўнаму пад нашым крыжам”.

Паводле айца Віталя, стаўленьне да каталіцкай парафіі з боку мясцовых чыноўнікаў зьмянілася пасьля таго, як ён адмовіўся даць раённым ідэолягам сьпісы дзяцей, якія наведваюць урокі рэлігіі. На гэта патрэбны дазвол касьцёльнага начальства.

Лельчыцкія каталікі згадваюць, што першы суд у справе крыжа ня згледзеў парушэньняў. Аднак прэтэнзіі чыноўнікаў на гэтым ня скончыліся. І калі чальцы камітэту касьцёла пачалі зноў хадзіць па кабінэтах мясцовых чыноўнікаў, размаўляць зь імі ўжо не хацелі.

Апавядае верніца Марыя:

“Гэта зусім не справядлівыя прэтэнзіі да нас, бо мы нічога не парушалі. Нас зрабілі такімі ўжо злачынцамі, што абураюцца нават праваслаўныя. Першы суд вынес рашэньне, што мы за межы патрабаваньня выканкаму ня выйшлі. Аднак архітэктар стаў выносіць прадпісаньні. Штосьці мы выканалі, штосьці пачыналі рабіць, але перад намі ўжо проста зачынялі дзьверы: мы ня хочам бачыць вас, касьцёльны камітэт, мы хочам бачыць ксяндза”.

Намесьніца старшыні райвыканкаму ў пытаньнях ідэалёгіі Вольга Гаўрылавец кажа, што канфлікты нікому не патрэбныя. Аднак дасланы ксяндзу Віталю Мышону ліст з райвыканкаму наконт крыжа — яшчэ не дазвол на яго ўсталяваньне:

“Пра дазвол ня можа быць і гаворкі. Калі ксёндз вось гэтую паперу, якую ён атрымаў, лічыць дазволам — і ўсе астатнія так лічаць, — то яны павінны зьвярнуцца да заканадаўчай базы і пачытаць, што зьяўляецца дазволам”.

Спадарыня Гаўрылавец сьцьвярджае, што дакумэнт райвыканкам выдаў дзеля таго, каб займацца працэдурай — узгадненьнямі з адпаведнымі службамі наконт усталяваньня крыжа:

“Ёсьць пастанова Савету міністраў. Усё, што тычыцца манумэнтальных рэчаў, вышэйшых за тры мэтры, павінна праходзіць працэдуру ўзгадненьня. І тут, прабачце, павінна ўжо быць рашэньне райвыканкаму. Ксяндзу проста далі права займацца крыжам, а не прымаць рашэньне усталёўваць яго. Гэта дзьве вялікія розьніцы. І я тлумачыла гэта ксяндзу не адзін раз”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG