Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў Менску завяршыліся двухдзённыя перамовы экспэртаў Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ і экспэртаў Нацыянальнага цэнтру заканадаўчай дзейнасьці пры прэзыдэнту Беларусі. Яны абмеркавалі магчымыя зьмены беларускага выбарчага заканадаўства.


Найбольшыя спрэчкі выклікалі нормы, якія датычаць датэрміновага галасаваньня. Замежныя экспэрты прапаноўвалі альбо наагул яго скасаваць, альбо значна зьмяніць гэтую працэдуру. Беларускія спэцыялісты спасылаліся на тое, што ў шэрагу краінаў выбарцы галасуюць датэрмінова. Але там для датэрміновага галасаваньня павінна быць сур’ёзная падстава. Дарэчы, такое правіла дзейнічала і ў Беларусі падчас першых прэзыдэнцкіх выбараў 1994 году. Цяпер жа, каб загадзя прыйсьці на выбарчыя ўчасткі, дастаткова толькі жаданьня.

Знаўца выбарчага заканадаўства Сяргей Альфер лічыць, што праблема датэрміновага галасаваньня насамрэч найважнейшая:

Сяргей Альфер
“Паводле нашых дадзеных, вынікі датэрміновага галасаваньня істотна адрозьніваюцца ад вынікаў у дзень галасаваньня. За ўладнага кандыдата датэрмінова галасуюць 99—100% выбарцаў, а ў дзень галасаваньня — толькі 25—30%”.

Спадар Альфер упэўнены: калі Беларусь сапраўды хоча правесьці лібэралізацыю, то датэрміновае галасаваньне трэба наагул адмяніць:

“Як адзін з распрацоўшчыкаў зьмены выбарчага заканадаўства, я зыходзіў з таго, што беларускія ўлады на ніводных перамовах ніколі ня пойдуць на адмену датэрміновага галасаваньня. І таму мы прапаноўваем гэты інстытут істотна зьмяніць — праводзіць датэрміновае галасаваньне не на ўсіх участках, а толькі на адным. А калі выбарчая акруга вялікая і ахоплівае два-тры сельскія раёны — на двух ці трох.

Гэта дасьць магчымасьць тым людзям, якія хочуць прагаласаваць датэрмінова, гэта зрабіць. А па-другое, гэтую урну можна кантраляваць. Гэта ўсё ж не 30—50 участкаў, на якіх ідзе фальшаваньне. І ўзровень фальшаваньня будзе невялікім.

Ну, і самае галоўнае — каб датэрмінова маглі галасаваць толькі з канкрэтна вызначаных прычынаў”.

Экспэрты Бюро адмовіліся камэнтаваць вынікі дыскусіі. Яны спасылаюцца на тое, што, па-першае, гэта былі “тэхнічныя перамовы”, а па-другое, яны ня маюць паўнамоцтваў рабіць заявы для мэдыяў.

Сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік адзначае: беларускія ўлады вытрымліваюць свае абяцаньні:

Міхаіл Лазавік
“Думаю, што канструктыўныя прапановы могуць знайсьці сваё адлюстраваньне ў канкрэтных пунктах заканадаўства альбо ў рэкамэндацыях па ўдасканаленьні працэдуры падрыхтоўкі і правядзеньня выбараў”.

Выбарчае заканадаўства ў сакавіку абмяркуе і грамадзка-кансультатыўная рада пры Адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі. З гэтай нагоды Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) ужо накіравала радзе свае прапановы, сказаў сёньня “Свабодзе” лідэр партыі Анатоль Ляўковіч:

Анатоль Ляўковіч
“Чаму партыя прапануе гэта? Таму што ўвядзеньне зьмяшанай (прапарцыянальна-мажарытарнай) сыстэмы — гэта ўсё ж такі крок наперад. У тым сэнсе, што гэта дае большыя магчымасьці для разьвіцьця партыяў. Для таго, каб яны станавіліся нармальным суб’ектам палітычнай сыстэмы, як у любой дэмакратычнай краіне”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG