Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Радыёпрымач для Валянціны Быкавай


Валянціна Быкава

Валянціна Быкава

Віцебскія журналісты вырашылі зрабіць падарунак сястры Васіля Быкава Валянціне: набылі для яе радыёпрымач і заехалі ў адведкі.


Валянціна Быкава жыве адна ў сваёй хаце ў вёсцы Ваўчо, што за 2 кілямэтры ад Вушачаў. У 83-гадовай спадарыні хворыя вочы, таму яна амаль не глядзіць тэлевізар і ня можа доўга чытаць газэты — “Нашу Ніву”, якую ёй дасылае рэдакцыя, і “Народную Волю”, на якую Валянціна Ўладзімераўна падпісалася, як толькі гэта стала магчыма.

Неяк спадарыня Валянціна сказала, што з задавальненьнем слухала б праграмы Радыё Свабода, і віцебскія сябры БАЖ набылі для яе радыёпрымач з кароткімі ды сярэднімі хвалямі.

Яшчэ больш, чым падарунку, Валянціна Быкава ўзрадавалася гасьцям: знаёмыя ды сябры заяжджаюць да яе ня дужа часта. Яна распавяла пра свае навіны — пра тое, што цяпер чытае кнігу “Дажыць да зялёнай травы”, у якой укладальнік Сяргей Шапран сабраў перапіску Васіля Быкава і Рыгора Барадуліна, і пра тое, што мясцовы самадзейны кампазытар з Вушачаў напісаў песьню, прысьвечаную Васілю Быкаву:

“Словы Казюкіна, а музыка Парашкіна — гэта дырэктар музычнай школы ў Вушачах. Ён мне і словы прыслаў, а потым я патэлефанавала яму, папрасіла — дык ён прыслаў і ноты. Я аж плакала, як чытала — такая праўдзівая песьня, дужа спрытна напісалі”.

Спадарыня Валянціна мяркуе, што гэтую песьню некалі выканае хтосьці з выхаванцаў Вушацкай музычнай школы. А ксэракопіі словаў і музыкі яна ўжо перадала ў мэмарыяльны музэй Васіля Быкава, створаны на іхнай малой радзіме ў вёсцы Бычкі. У музэі працуе Антаніна Быкава, удава меншага брата Міколы. Але сваячкі бачацца рэдка — перашкодаю сталы ўзрост, ня надта добрае здароўе і некалькі дзясяткаў кілямэтраў паміж вёскамі, дзе жывуць жанчыны. Таму Валянціна Ўладзімераўна вельмі ўзрадавалася мажлівасьці зьезьдзіць зь віцебскімі актывістамі на сваю малую радзіму, сустрэцца са сваякамі і яшчэ раз прайсьціся па музэі, створаным у адноўленай сямейнай сядзібе.

Валянціна Быкава разглядае фотаздымкі з адкрыцьця мэмарыяльнай дошкі Васілю Быкаву ў Віцебску, на якое гарадзкія чыноўнікі яе нават не запрасілі

У мэмарыяльным музэі Васіля Быкава

XS
SM
MD
LG