Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 11 лютага 2008 году


У нашай пошце ў гэтыя лютаўскія дні пераважаюць лісты на тэму, якая хвалюе большасьць людзей у сёньняшняй Беларусі: як перажыць эканамічныя цяжкасьці, зь якімі сутыкнуліся амаль усе прадпрыемствы і ўстановы? Ці гатова нерэфармаваная беларуская эканоміка да гэтых выпрабаваньняў? Наколькі эфэктыўна дзейнічае ўлада ва ўмовах усеагульнага крызісу?

Наш даўні сябар дзіцячы доктар зь Віцебску Ігар Пасноў даслаў новы ліст, у якім распавядае пра зьмены ў сваім горадзе, якія адбыліся пасьля нядаўняга прызначэньня на пасаду галоўнага абласнога начальніка былога віцэ-прэм’ера Аляксандра Косінца. Слухач піша:

“Прыехаў ён, панавозіў новых праектаў. Вуліцы пераймяноўвае, офісы перабудоўвае, забаўляльныя цэнтры ўзводзіць, фасады мяняе... Справа патрэбная. Але таго ня ўлічвае, што Віцебск — не Масква, Косінец — не Лужкоў, а ягоная жонка — не алігарх, а звычайны доктар. Грошай на ўсе гэтыя прыхарошваньні дзе ўзяць? Абкласьці данінай заводы? Вылічваць з заробкаў у фонд суботніку? Абрэзаць прэміі — з 20 да 5 працэнтаў?

А ў гэты час у нас няма ніводнай тыпавой дзіцячай паліклінікі. На іх рамонт патрэбны мільярды. Некаторыя школы бурацца: няма грошай нават на элемэнтарны рамонт. З усімі гэтымі назіраньнямі я пайшоў да памочніка прэзыдэнта. Той паківаў, пагадзіўся, грошы выдаткаваў: рамонт ідзе ва ўсю. Але галоўнае — скарга на губэрнатара — засталося за кадрам.

Напісаў і новаму галоўнаму ідэолягу Пяткевіч, быў у нашага сэнатара Ласякіна. Ды вось бяда: губэрнатар нікому не падкантрольны. Усе скаргі спускаюцца на аблвыканкам, а там усё залежыць вядома ад каго. Уся надзея на тое, што прачытаеце ліст па “Свабодзе”, яго пачуюць адпаведныя службы і спыняць пражэкты новага губэрнатара.

Адметна, што ўсе ўсё бачаць, але баяцца нават слова сказаць. Ён жа гайкі закручвае. А насамрэч трэба крычаць. Грошы закатаюць у асфальт, закапаюць у зямлю, а на жыцьцёва неабходныя рэчы ў той жа час сродкаў няма. Ужо два месяцы спрабую гэта даказаць. Нават простаму чалавеку зразумела: наўрад ці так важна неадкладна пераймяноўваць вуліцу Фрунзэ ў Маладзёжную, траціць грошы на шыльды, пячаткі, штампы. Потым, праз гады — так, але ня сёньня. Я прашу аднаго — публічнага абмеркаваньня праектаў (а можа, і пражэктаў) губэрнатара. Людзі павінны ведаць: дзе будуць узяты інвэстыцыі, хто за ўсё заплаціць. Ці зноў будуць зьбіраць грошы з шапкай, прымушаючы бясплатна адпрацаваць адзін-два дні, ставячы на калені заводы, уводзячы ўзаконены рэкет”.


Масавае перафарбоўваньне фасадаў і будаўніцтва забаўляльных цэнтраў паўсюль спыняецца ўжо сёньня, без усялякіх дырэктываў зь Менску. Мяркую, што адбываецца гэта і ў вас у Віцебску, спадар Пасноў: сытуацыя на віцебскіх заводах ня лепшая, чым у іншых рэгіёнах Беларусі. Збыт прадукцыі зьніжаецца, даходы бюджэту падаюць, заробкі людзям скарачаюць...

Прынцыповае пытаньне, закранутае ў лісьце — пра зваротную сувязь паміж уладай і грамадзтвам, пра залежнасьць высокапастаўленага чыноўніка ад людзей, якімі ён кіруе. Сувязь гэтая ў сёньняшніх беларускіх умовах фактычна перарваная. Кіраўнікоў раёнаў і абласьцей людзі не выбіраюць, прыцягнуць да адказнасьці ня могуць. Застаецца толькі скардзіцца. А скаргі зь Менску вельмі часта перасылаюцца якраз у тыя ўстановы, на якія наракаюць людзі.

Новы нумар напаўпадпольнай самвыдатаўскай газэты “Дуброўскі настрой” знайшлі ў сваіх паштовых скрынях жыхары вёскі Дуброва Сьветлагорскага раёну. Наш даўні сябар Мікалай Бусел даслаў асобнік “Дуброўскага настрою” на “Свабоду”. У адной з нататак распавядаецца пра тое, як на вёсцы вярбуюць хлопцаў і дзяўчат у праўладную моладзевую арганізацыю — БРСМ. Аўтар піша:

“Як драпежнік з паднябеснае высі выглядае сабе спажыву і потым каменем абрынаецца на ахвяру, гэтак і каманда шацілкаўскіх маладзіц з БРСМ увесь час цікуе па школах, скрабе па сусеках маладыя душы ў свае ўчэпістыя рукі. Чым болей душ яны завярбуюць, тым смачнейшая будзе іхная луста хлеба з каўбасою. Дзеці хоць і малыя, але бачаць, што ніякай выгоды ад таго БээРэСэМу мець ня будуць. Таму і не праявілі асаблівага энтузіязму, каб папоўніць шэрагі і плаціць сяброўскія складкі.

Тады маладзіцы-вярбоўшчыцы адкінулі пернік і дасталі з-пад сьцягна пугу. Маўляў, усё роўна ад нас нікуды не падзенецеся...

Кіньце, маладзіцы! Гэта бяз Бога — ні да парога, а бяз вас кірмаш будзе. А вы, хлопцы і дзеўкі, ня лезьце ў антыбеларускую справу пад назовам БРСМ. Лепей схадзіце ў рыбу”,
— гэта была цытата з самвыдатаўскай вясковай газэты “Дуброўскі настрой”, якую даслаў даўні сябар Свабоды Мікалай Бусел зь вёскі Дуброва Сьветлагорскага раёну.

Калі верыць афіцыйнай статыстыцы, у БРСМ запісаліся сотні тысяч маладых беларусаў. Але калі паразмаўляць на гэтую тэму са студэнтамі ды школьнікамі, то даведаесься, што большасьць з гэтых соцень тысяч — мёртвыя душы. Хто пагадзіўся ўступіць пад ціскам, хто — з мэркантыльных інтарэсаў. А вось ідэйных змагароў за Лукашэнкаву мадэль дзяржавы — адзінкі.

Зрэшты, гэтак жа было і ў той арганізацыі, якую стваральнікі БРСМ лічаць сваёй папярэдніцай — у савецкім ленінскім камсамоле. І, дарэчы, першымі, хто здрадзіў камуністычным ідэалам, як толькі КПСС аслабела, былі якраз колішнія камсамольскія сакратары. Учорашнія ідэйныя змагары з капіталізмам першымі сталі прадпрымальнікамі і банкірамі, нярэдка выкарыстоўваючы дзеля гэтага камсамольскія грошы.

Леанід Кулеш зь вёскі Сіняўка Клецкага раёну ў сваім лісьце на “Свабоду” разважае пра некаторыя адметнасьці сёньняшніх грамадзкіх настрояў. Слухач піша:

“Людзі сёньня хочуць ведаць не салодкую хлусьню, а хоць і горкую, але — праўду. А хто сёньня хлусіць? Ды многія, але найперш — палітыкі. Дзеля чаго? Дзеля асабістай карысьці, дзеля славы, дзеля прэстыжу. Але хлусіць ім цяпер усё цяжэй, бо людзі сталі іншымі... Гэта ў 1917-м іх лёгка абдурылі бальшавікі. А сёньня чалавек рэдка клюе на мякіну. І гэта палітыкі павінны ведаць.

Перамогу атрымае той зь іх, хто пакажа, якім чынам ён далучыць кожнага чалавека да кіраваньня дзяржавай, да разьмеркаваньня дзяржаўных грошай. Бо цяпер адусюль толькі і чуеш: усё дае, усё дзеліць, усё разьмяркоўвае Лукашэнка. А калі галоўны разьмеркавальнік — адзін, то ніяк ня зробіш у такой дзяржаве справядлівае жыцьцё”
.

Ахвотнікаў разьмяркоўваць грошы — хоць адбаўляй. І гэта ўласьціва для любой эпохі. А вось такіх адмыслоўцаў, якія б вучылі людзей гэтыя грошы зарабляць, якія б рэфармавалі грамадзкую гаспадарку такім чынам, каб усё вырабленае карысталася попытам, каб эканоміка мацнела і разьвівалася — не хапала і не хапае. І ў сёньняшніх умовах гэта асабліва відавочна. Думаю, менавіта такім людзям беларускія грамадзяне аддалі б сёньня ўладу з найбольшай ахвотай.

З уласнымі заўвагамі, пажаданьнямі і прапановамі зьвяртаецца на “Свабоду” Іван Пракаповіч з Горадні. Слухач піша:

“Такая станцыя, як “Свабода”, нам вельмі патрэбна. Але ўладзе яна недаспадобы. Кароткахвалевыя прыймачы ў Беларусі перасталі выпускаць — каб людзі ня слухалі перадач з-за мяжы. І пішуць вам слухачы рэдка, бо баяцца.

Ёсьць сур’ёзныя прэтэнзіі да зьместу перадач. Амаль нічога не перадаяце пра злачынствы камунізму, пра Катынь, дзе разам з польскімі афіцэрамі былі расстраляныя многія беларусы ды ўкраінцы, якія служылі тады ў польскай арміі. Нават у мяне ёсьць знаёмыя, сваякі якіх загінулі ад рук злачыннага камуністычнага рэжыму. І такіх сем’яў шмат.

Нічога не гаворыцца па “Свабодзе” пра галадамор ва Ўкраіне. Не ўспамінаеце, які голад быў ва Ўсходняй Беларусі ў 46—47-м гадах, калі з БССР ехалі жабраваць у Заходнюю Беларусь, бо там яшчэ не было калгасаў, а таму заставаўся хлеб.

На дзень Перамогі “Свабода” ня згадвае пра вялізную амэрыканскую дапамогу падчас вайны. Замоўчваеце многія пытаньні. Напэўна, на вашай станцыі ёсьць агенты беларускіх спэцслужбаў, якія плянуюць цэлы шэраг непатрэбных перадач, каб нічога не гаварылася пра галоўнае. Выбачайце, што ліст атрымаўся рэзкім, але напісаць па-іншаму я ня мог”.


Відавочна, спадар Пракаповіч, увесь эфір вы слухаць ня можаце. Зноў жа — праблемы і зь якасьцю гучаньня, і з прыймачамі, пра якія вы згадваеце ў сваім лісьце, — сапраўды, актуальныя. Інакш бы вы ведалі, што на працягу апошніх некалькіх месяцаў у нас былі дзясяткі рэпартажаў, інтэрвію і цэлых перадач на ўсе пералічаныя вамі тэмы — і пра ўшанаваньне памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў, і пра Галадамор, і пра Катынь, і пра многія іншыя трагічныя старонкі нацыянальнай гісторыі. Тым ня менш мы ўдзячныя за выказаныя меркаваньні і будзем мець іх на ўвазе пры плянаваньні сваёй працы.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
XS
SM
MD
LG