Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Датчане абскардзяць дэпартацыю зь Беларусі


Дацкія грамадзяне Эрлінг Лаўрсэн і Рольф Бэрген, якія абвінавачваюцца беларускімі ўладамі ў спробе “наладзіць незаконную рэлігійную дзейнасьць у адным з малельных дамоў пратэстанцкай абшчыны Гомеля” і ў дачыненьне да якіх прынятае рашэньне адносна дэпартацыі на радзіму, зьбіраюцца абскардзіць падобнае рашэньне. Цяпер яны кансультуюцца зь юрыстамі і прадстаўнікамі амбасады.


Учора абодва атрымалі пашпарты са штампамі аб дэпартацыі.

Рольф Бэрген мусіць пакінуць краіну 11 лютага, а ягоны сябар Эрлінг Лаўрсэн - 19-га. Згодна з рашэньнем службы міграцыі Савецкага РАУС Гомеля, абодвум забаронены ўезд у Беларусь цягам аднаго году.

У інтэрвію зь БелаПАН, Лаўрсэн і Бэрген паведамілі, што прыехалі ў Беларусь з кароткатэрміновым прыватным візытам да сваіх сяброў-вернікаў пратэстанцкай царквы “Жывая вера”. З гэтымі людзьмі яны маюць даўнія кантакты, якія ўсталяваліся дзякуючы сумесным гуманітарным праектам.

7 лютага абодва дацкія грамадзяне прысутнічалі на службе ў гомельскай царкве, а пасьля яе былі затрыманыя міліцыянтамі.

Паводле Лаўрсэна і Бэргена, яны не арганізоўвалі і не вялі ў царкве аніякай рэлігійнай дзейнасьці.

Як сьведчаць датчане, іхныя дачыненьні зь сябрамі-гамельчукамі ня зьменяцца ў выніку падобнай непрыемнай сытуацыі.
XS
SM
MD
LG