Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Казулін, Кім і Парсюкевіч: арышты ў Ваўкавыску – плявок Эўропе


Юры Лявонаў і Мікалай Аўтуховіч

Юры Лявонаў і Мікалай Аўтуховіч

Аляксандр Казулін, Андрэй Кім і Сяргей Парсюкевіч патрабуюць неадкладнага вызваленьня ваўкавыскіх прадпрымальнікаў Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава і Уладзіміра Асіпенкі.

Як паведамляе БелаПАН, заява ад імя трох былых палітвязьняў распаўсюджана сёньня. 8 лютага 2009 года байцы спэцаддзелу МУС "Алмаз" затрымалі былых палітвязьняў М.Аўтуховіча і Ю.Лявонава, вызваленых летам мінулага году пад ціскам міжнароднай грамадзкасьці, гаворыцца ў заяве. Трэцяй ахвярай міліцэйскага самавольства, паводле заявы, стаў У.Асіпенка — супрацоўнік фірмы, дзе працаваў М.Аўтуховіч.

Гэты арышт — плявок у твар афіцыйнай Эўропе і добрая дэманстрацыя гэтак званай "лібэралізацыі"
"Выстаўленыя Лявонаву, Аўтуховічу і Асіпенку абвінавачаньні абсурдныя і не вытрымліваюць ніякай крытыкі. Гэта прызнаў нават былы супрацоўнік міліцыі, падпал дома якога сьледзтва спрабуе паставіць ім у віну. Відаць, што адказнасьць за выбух у сталіцы ўлада поўнасьцю вырашыла ўскласьці на апазыцыю. Гэты арышт — плявок у твар афіцыйнай Эўропе і добрая дэманстрацыя гэтак званай "лібэралізацыі", — лічаць былыя палітвязьні.

Яны зазначаюць, што пад крымінальным перасьледам па-ранейшаму знаходзяцца 14 маладых людзей, удзельнікаў мітынгу прадпрымальнікаў мінулай зімой; былыя палітвязьні па-ранейшаму абмежаваныя ў сваіх грамадзянскіх правах, ніхто зь іх не рэабілітаваны; пад пагрозай жыцьцё амэрыканскага грамадзяніна Эмануіла Зельцэра, які знаходзіцца ў лякарні ў беларускай турме, а яго адвакаты ўжо паўгоду не могуць атрымаць прысуд на рукі, каб яго абскардзіць; актывістаў апазыцыі прымусова прызываюць у войска.

"Супрацоўніцтва з гэтым рэжымам ня толькі амаральнае, але і небясьпечнае. Эўрапейскі бізнэс і афіцыйны Брусэль павінны памятаць, што гульня з чалавекам бяз прынцыпаў заўсёды ідзе згодна зь яго правіламі. І наступнай ахвярай можа апынуцца кожны, незалежна ад колеру яго пашпарта", — зазначаюць былыя палітвязьні.

У сувязі з гэтым, гаворыцца ў паведамленьні БелаПАН, яны патрабуюць неадкладнага вызваленьня М.Аўтуховіча, Ю.Лявонава і У.Асіпенкі, перадачы Э.Зельцэра ў рукі амэрыканскага правасудзьдзя, спыненьня "насільнай дактыляскапіі рэспубліканскага маштабу" і "агляду гвалтоўна прызваных ва Узброеныя сілы Беларусі грамадзкіх актывістаў міжнароднымі экспэртамі", аднаўленьня ўсіх палітвязьняў у іх грамадзянскіх і маёмасных правах і адмены рэпрэсіўных прысудаў па "справе чатырнаццаці".

"Мы спадзяемся, – гаворыцца ў заяве, – на салідарную рэакцыю амэрыканскай і эўрапейскай дыпляматыі ў сувязі з грубымі парушэньнямі беларускім бокам узаемных дамоўленасьцей", — зазначаюць А.Казулін, А.Кім і С.Парсюкевіч.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG