Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі выступіла з заявай адносна ператрусу ў доме былога дэпутата Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня Мікалая Аксаміта.

Гаворачы пра арышты і ператрусы ў Ваўкавыску, Рада БНР адзначае, што Аксаміт “мае непасрэднае дачыненьня да прыняцьця Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларусі і наданьня ёй статусу канстытуцыйнай сілы, зацьвярджэньня бел-чырвона-белага сьцяга і гербу “Пагоня” у якасьці дзяржаўных сымбаляў. У іншай краіне такі чалавек меў бы пашану ад дзяржавы – у Беларусі, што паказальна, Мікалай Аксаміт вось ужо некалькі гадоў ня можа ўладкавацца на працу”.

Падкрэсльнена, што сярод іншага, у Аксаміта канфіскавалі дакумэнты, зьвязаныя з ягонай дэпутацкай дзейнасьцю 1990-1995 гг., у тым ліку два дэпутацкія пасьведчаньні, а таксама два бел-чырвона-белыя сьцягі: “Пры гэтым супрацоўнікі спэцслужбаў заявілі, што сям’я ня мае права захоўваць у сябе гэтыя сьцягі”.

“Канфіскацыя дакумэнтаў, зьвязаных з працай у парлямэнцкай Апазыцыі БНФ – праява мэтанакіраванай палітыкі па вынішчэньню з грамадзкай сьвядомасьці усяго, што мае дачыненьне да абвяшчэньня Незалежнасьці ў 1918 годзе і яе аднаўленьня ў 1991 годзе. Гэта ёсьць праява выразнай антынацыянальнай палітыкі, накіраванай на вынішчэньне культуры, палітыкі, несумяшчальнай з нацыянальнай уладай. Тое, што беларускай сям’і забараняецца нават захоўваць нацыянальныя сьцягі, яскрава пацьвярджае, што, нягледзячы на заявы пра “лібэралізацыю” ды “дэмакратызацыю”, рэжым Лукашэнкі застаецца антынацыянальным і антыбеларускім”, -- гаворыцца ў заяве, падпісанай старшынёй Рады БНР Івонкай Сурвілай.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG