Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў Салігорску каля тысячы прадпрымальнікаў рынку “Акцябрскі” пакінуць свае працоўныя месцы, каб выказаць пратэст дзеяньням мясцовай адміністрацыі і ўладаў гораду. Гандляры абураныя тым, што ад новага году ім падвысілі арэндную плату.

Для прадпрымальнікаў рынку “Акцябрскі” арэнда аднаго квадратнага мэтра павялічылася ад 5,5 да 7 эўра. Ад новага году гандляры дамагаюцца справядлівасьці. Вось што кажа лідэрка ініцыятыўнай групы Тацьцяна Кучынская:

“Нам закаталі асфальт – усё. Астатняе мы пабудавалі сваімі рукамі. Зачынялі ралеты, зачынялі павільёны, у прадуктовых крамах адключалі сьвятло, выганялі проста з працы, пакуль не заключыш дамовы. Гэтыя дамовы зь вялікімі тэхнічнымі парушэньнямі: няма сыстэмы сьцёку вады, мы стаім па калені ў лужынах –жах. Мы пісалі лісты і ў Дзяржкантроль, і ў прэзыдэнцкую адміністрацыю, і ў Генэральную пракуратуру – усюды пісалі лісты”.

На вырашэньне канфлікту ў Салігорску сёньня выправяцца чыноўнікі абласной адміністрацыі, лідэры прадпрымальніцкага руху і незалежных прафсаюзаў. Аднак, паводле спадарыні Кучынскай, адміністрацыя рынку замоўчвае гэтую інфармацыю. Тым часам каля тысячы гандляроў спадзяюцца на справядлівае рашэньне, бо для многіх тут – адзінае месца працы і магчымасьць утрымліваць сям’ю, кажа яшчэ адна актывістка ініцыятыўнай групы Сьвятлана Кірыленка:

“Можа быць у 5% яшчэ ёсьць нейкая праца. Для ўсіх астатніх – гэта адзінае месца працы. Вельмі шмат прадпрымальнікаў, калі працуюць муж і жонка. Вельмі шмат адзінокіх маці, у якіх на ўтрыманьні дзеці-інваліды. Яны ня могуць знайсьці іншую працу, бо іх папросту не бяруць, каб не аплачваць лісты непрацаздольнасьці. Вельмі цяжка. Людзі за гэты месяц на такой ужо мяжы, што тут на рынку зьбіраюцца і толькі гэта абмяркоўваюць. Таму мы на гэтым ня спынімся. Будзем далей змагацца, калі распачалі”.

Кіраўнік кампаніі "За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва" Віктар Гарбачоў кажа, што ад выніковасьці змаганьня прадпрымальнікаў Салігорску залежыць бліжэйшая будучыня гандляроў і ў іншых рэгіёнах Беларусі:

“Падвышаюць арэнду, бо ў мясцовых уладаў ёсьць праблемы з папаўненьнем бюджэту. На каго перакласьці? Сёньня можна перакласьці на прадпрымальнікаў. Таму мясцовыя ўлады, салігорскія, і пайшлі на такі крок – падвышэньне падатку. І я думаю, што гэта першы крок у Менскй вобласьці, каб астатні уладам быў прыклад: падвышаць можна, людзі ня будуць абурацца, што людзі гэта праглынуць. І сёньня вельмі шмат залежыць ад таго, як будуць паводзіцца прадпрымальнікі Салігорску. Гэтак і ў астатніх рэгіёнах Беларусі будзе адпаведная рэакцыя”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG