Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Жалудку будзе музэй Урублеўскага?


Агляд некаторых публікацыяў недзяржаўных СМІ за 10 лютага.

Новы час”аналізуе, як крызіс паўплываў на звычайнага беларуса. “Абывацель у варунках крызісу”. Распавядае галоўны рэдактар тыднёвіка Аляксей Кароль:

“Пару месяцаў таму ўсе дыскусіі зводзіліся ўвогуле да тэарэтычных пасажаў кшталту: “У Амэрыцы, у Расеі...” Цяпер амаль у кожнага ёсьць знаёмыя, якім падрэзалі заробак, скарацілі працоўны тыдзень ці звольнілі ўвогуле. Мы разьвіваем гэтую праблему ў такіх падразьдзелах, як “Перасыхаюць крыніцы даходу”, “Не да жыру – быць бы жыву”, “Здароўя не набудзеш, тым больш па такіх цэнах”. Ну і крыху пра добрае, да чаго падштурхоўвае крызіс”.

У крызіс спатрэбіліся садаводы-паліглёты. Зь веданьнем нямецкай і італьянскай моваў. Пра самыя нечаканыя вакансіі, запатрабаваныя сёньня, піша “Комсомольская правда” в Белоруссии”. Да прыкладу, кампаніі па вытворчасьці сельгасабсталяваньня патрэбны чалавек, які вырас у вёсцы і добра ведае і любіць каровы. Пры гэтым кандыдат павінен мець замежную адукацыю. Сацыяльнай арганізацыі, што займаецца выхаваньнем дзяцей, патрэбны дырэктар, які павінен быць добрым кіраўніком і абавязкова – прыстойным сем'янінам.

“Маёру, які не прызнаваў беларускай мовы, камандаваньне паказала Канстытуцыю”, – паведамляе інтэрнэт-выданьне “Электронны Барысаў”. Пасьля таго, як маёр адмовіўся правесьці мэдагляд навабранца Хведарука і запатрабаваў ад маладафронтаўца гаварыць па-расейску, маёр меў размову з камандзірам. Той паказаў Кісялю Канстытуцыю, у прыватнасьці, артыкул, дзе напісана, што беларуская мова зьяўляецца першай дзяржаўнай мовай. Маёру прапанавана напісаць рапарт аб звальненьні па ўласным жаданьні. А нампаліт папрасіў маладафронтаўца паведамляць пра ўсе падобныя канфліктныя сытуацыі.

Тыднёвік “Наша слова”. У пасёлку Жалудок Шчучынскага раёну Гарадзенскай вобласьці, на радзіме кіраўніка паўстаньня 1863 году, удзельніка францускай рэвалюцыі 1871 году Валера Ўрублеўскага будзе створаны музэй. Распавядае галоўны рэдактар “Нашага слова” Станіслаў Суднік:

“Магчыма, ня чыста музэй Валера Ўрублеўскага. Ёсьць два падыходы: краязнаўчы музэй з экспазыцыяй, прысьвечанай Валеру Ўрублеўскаму, альбо музэй паўстаньня 1863 году, дзе зноў жа годнае месца павінна займаць экспазыцыя, прысьвечаная Валеру Ўрублеўскаму”.
XS
SM
MD
LG