Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Закон аб СМІ пачаў дзейнічаць. Пытаньні застаюцца


З 8 лютага пачаў дзейнічаць новы Закон “Аб сродках масавай інфармацыі”. На мінулым тыдні адбыўся “круглы стол” на тэму “Заканадаўства аб СМІ як фактар разьвіцьця нацыянальнай інфармацыйнай прасторы” з удзелам высокапастаўленых дзяржаўных чыноўнікаў, кіраўнікоў дзяржаўных СМІ. Запрасілі на яго і журналістаў недзяржаўных выданьняў. Сёньня прэсавая канфэрэнцыя з гэтай нагоды прайшла ў Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Віцэ-прэзыдэнт Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец выказаў шэраг прэтэнзіяў да новага закону:

Андрэй Бастунец
“На жаль, гэты крок зроблены ня ў тым кірунку, у якім нам гэтага хацелася б. І замест таго каб рэгуляваць нейкія спрэчныя пытаньні, даць больш свабоды сродкам масавай інфармацыі, закон абмежаваў яшчэ больш гэтую свабоду нават у параўнаньні з тым заканадаўствам, якое дзейнічала да сёньня”.

Некалькі артыкулаў новага закону выклікалі сярод многіх журналістаў занепакоенасьць: абавязковая перарэгістрацыя ўсіх СМІ, норма аб рэгуляваньні інтэрнэт-выданьняў, узмацненьне адказнасьці СМІ, немагчымасьць працы на замежныя СМІ без акрэдытацыі. Юрыст Андрэй Бастунец адзначае, што некаторыя праблемы ўдалося вырашыць:

“Два з гэтых пунктаў рэалізаваныя. Заяўны прынцып перарэгістрацыі сродкаў масавай інфармацыі. Сапраўды, гэта так. Спадзяемся, што перашкодаў ня ўзьнікне. І другое пытаньне — гэта рэгістрацыя інтэрнэт-выданьняў. Гэтае пытаньне з парадку дня амаль зьнятае. Хаця засталася незразумелая норма аб інтэрнэт-аналягах традыцыйных СМІ. Мы яшчэ ня ведаем, як гэта будзе прымяняцца на практыцы”.

Старшыня БАЖу Жанна Літвіна адзначыла, што вяртаньне дзьвюх газэт у сыстэму дзяржаўнага распаўсюду, некаторыя паслабленьні ў Законе аб СМІ — гэта прыкметы зьмены палітыкі татальнага кантролю над інфармацыйнай прасторай, над СМІ. Але па-ранейшаму застаюцца нявырашанымі некаторыя ключавыя пытаньні:

Жанна Літвіна
“Першае: роўныя эканамічныя ўмовы для дзейнасьці сродкаў масавай інфармацыі з рознай формай уласнасьці. Праблемы распаўсюду трынаццаці грамадзка-палітычных выданьняў па-ранейшаму застаюцца. Другі блёк нашых праблем — доступ да інфармацыі. Па-ранейшаму для журналістаў органы дзяржаўнага кіраваньня не зьяўляюцца крыніцай інфармацыі адкрытай і шырокай. Абсалютна ня вырашаная праблема акрэдытацыі журналістаў, якія працуюць на замежныя СМІ. Нашы патрабаваньні: заяўны прынцып акрэдытацыі, бесьперашкодная рэгістрацыя замежных СМІ”.

Жанна Літвіна падкрэсьліла, што з дня ўступленьня Закону ў сілу дзейнасьць карэспандэнтаў замежных СМІ без акрэдытацыі зьяўляецца незаконнай, зьвярнула ўвагу на іншыя вострыя вуглы. Яна канстатавала:

“Так, закон прыняты, так, ён з учорашняга дня дзейнічае. Але гэта не азначае, што мы павінны спыніць усялякае абмеркаваньне гэтага Закону. Абмеркаваньне павінна працягвацца з пункту гледжаньня прывядзеньня гэтага закону ў адпаведнасьць зь міжнароднымі нормамі, дэмакратычнымі стандартамі, і з пункту гледжаньня выкананьня беларускімі ўладамі міжнародных пагадненьняў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG