Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Экспэртная супольнасьць, якая працуе з Аб’яднанымі дэмакратычнымі сіламі Беларусі, сёньня прадставіла сваё бачаньне антыкрызісных захадаў дзеля бясьпекі краіны, якія, на думку аўтараў, здольныя нэўтралізаваць сацыяльныя і вытворчыя шокі.


Першым слова далі Станіславу Багданкевічу. Прафэсар, былы кіраўнік Нацыянальнага банку ўвайшоў у склад грамадзка-кансультатыўнай рады пры Адміністрацыі прэзыдэнта і ўжо ўдзельнічаў у першым паседжаньні новай структуры:

Станіслаў Багданкевіч
“Я асабіста даў згоду паўдзельнічаць дзеля таго, каб данесьці праграмы экспэртныя, дэмакратычныя, партыйныя да спадара Макея. А ён стала кантактуе зь першай асобай у дзяржаве. І, можа, гэта псыхалягічна паўплывае на грамадзкую самасьвядомасьць.

Я хачу сказаць, што ў тым дакумэнце, які я падрыхтаваў, рэзка крытыкуецца наша мадэль гаспадараньня. Менавіта яна прывяла да таго, што мы ўтрая адстаем па заробку ад шэрагу эўрапейскіх краінаў. І менавіта яна прывяла да крызісу. А ўсясьветны крызіс толькі пры гэтым прысутнічае. Гэта ж насамрэч унутрынацыянальны крызіс”.

Кіраўнік аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Леанід Заіка таксама стаў сябрам грамадзка-кансультатыўнай рады. Ён лічыць: прапановы, якія сёньня разглядаюцца, можна прымаць у якасьці супэртэрміновых захадаў.

Леанід Заіка
“Яны ўсе вельмі практычныя. Тут няма нічога такога, чаго ўлада ня можа зрабіць паводле азначэньня. Абсалютна! Яны не зьвязаныя зь нейкімі ідэалягічнымі саступкамі. Яны не зьвязаныя з палітычнымі стратамі для ўлады. Але яны працуюць на прыватны бізнэс, на новы сэктар, на новую эканоміку”.

Старшыня Нацыянальнага камітэту Анатоль Лябедзька адзначае: камітэт нясе адказнасьць за выпрацоўку пазытыўнай альтэрнатывы для людзей і для Беларусі.

“Я — прыхільнік таго, каб мы стаялі на пазыцыі канструктыўнай апазыцыі. Якая мае свае прынцыпы, якая жорстка крытыкуе тое, што робіць улада. Але разам з тым якая і прапаноўвае, каб зрабіць лепш для людзей і краіны.

Сёньня мы дамовіліся падрыхтаваць два дакумэнты. Адзін фактычна прыняты за аснову. Гэта першачарговыя антыкрызісныя крокі. Ён будзе дапрацаваны, і мы вынесем яго на разгляд прэзыдыюму АДС як дакумэнт экспэртаў палітыкам.

І другі — на паседжаньне грамадзка-кансультатыўнай рады Станіслаў Багданкевіч, Леанід Заіка ды іншыя, хто гатовыя працаваць з АДС, павінны пайсьці з добра прапрацаваным дакумэнтам. І ён альбо падштурхнуў бы ўлады да канкрэтных дзеяньняў, альбо стаў бы лякмусавай паперай, якая дае адказ на пытаньне: ці хоча ўлада нешта рабіць?”

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG