Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрыманым у Ваўкавыску не тлумачылі прычынаў арышту


Мікалай Аўтуховіч падчас суду ў 2006 годзе
Мікалай Аўтуховіч падчас суду ў 2006 годзе

8 лютага ў Ваўкавыску затрыманыя былыя палітзьняволеныя Мікалай Аўтуховіч і Юры Лявонаў, а таксама беспрацоўны Ўладзімір Асіпенка. Цяпер яны знаходзяцца ў менскай турме на Акрэсьціна. Афіцыйныя прычыны іх затрыманьня дагэтуль невядомыя.


Ператрусы ў Ваўкавыску пачаліся ўчора раніцай. А палове на сёмую ўварваліся ў кватэру да Мікалая Аўтуховіча. Алена Аўтуховіч, жонка былога палітвязьня кажа, што ніхто нават не патлумачыў, на якой падставе робіцца ператрус.

Аўтуховіч: “Я раніцай адчыніла дзьверы, каб выпусьціць кошку, а на вуліцы брахаў сабака. Яны ўварваліся ў дом, адзін сеў за стол і дастаў паперы на дазвол. Мяне тузалі за рукі й патрабавалі, каб я адчыняла дзьверы. Яны былі зь пісталетамі й у масках. Іх было шмат, усё перавярнулі”.

Карэспандэнт: “А што ў вас канфіскавалі?”

Аўтуховіч: “Дзіцячыя касэты з фільмамі, з кампутара падаставалі жорсткія дыскі, маю кніжку запісную. Яшчэ сумкі дзьве. З адной Мікалай вярнуўся з турмы, і там ляжалі ягоныя лісты. А другую мы яшчэ некалі ў Нямеччыне купілі. Недзе ўжо сказалі, быццам у нас зброю канфіскавалі — гэта няпраўда”.

А вось як пра ператрус распавядае Людміла Парэмская, дырэктарка фірмы “Ніка-таксі 22222”, у якой працавалі Аўтуховіч і Лявонаў.

Парэмская: “Усё абмацвалі сваімі рукамі, нават маю бялізну, глядзелі кішэні ў халатах і штанах. Нават сэрвіз чайны аглядалі й вечкі падымалі”.

Потым ператрус адбыўся на фірме “Ніка-таксі 22222”. Жонка Юр’я Лявонава вельмі перахвалявалася й не магла са мной гаварыць. Я запытаўся ў спадарыні Парэмскай — што канфіскавалі на фірме?

Парэмская: “На працы сканфіскавалі кампутары, у тым ліку й той, на якім працаваў Аўтуховіч, і ў хаце кампутар, і дыскі пазабіралі, розныя паперкі, што на стале ягоным, усё пазабіралі”.

Учора ж М.Аўтуховіча, Ю.Лявонава й У.Асіпенку арыштавалі й завезьлі ў менскую турму на Акрэсьціна. Сёньня ад самай раніцы Людміла Парэмская накіравалася ў Менск, каб знайсьці адвакатаў.

Сёньня на фірме “Ніка-таксі 22222” стаіць поўная цішыня. Спадар Аляксандар, які застаўся за гаспадара, кажа, што шмат хто перастрашыўся, але фірма працягвае працаваць.

Спадар Аляксандар: “Спрабуем усё наладзіць, у нас жа зарплата, а кампутары ўсе забралі. Дык вось бухгальтарка сядзіць і аднаўляе дакумэнты. Трэба ж у тэрмін яе выплаціць людзям, каб не хваляваліся”.

Нагадаю, што Мікалай Аўтуховіч быў асуджаны 7 ліпеня 2006 году на тры гады й шэсьць месяцаў з канфіскацыяй маёмасьці за тое, што нібыта ўхіляўся ад выплаты падаткаў у бюджэт і гэтым нанёс дзяржаве вялікія страты.

Вінаватым Аўтуховіч сябе не прызнаў і лічыць, што прысуд насіў палітычны характар. Юры Лявонаў таксама быў асуджаны на тры гады і 5 месяцаў.

Летась на пачатку году прадпрымальнікаў выпусьцілі з турмы і замянілі пакараньне абмежаваньнем волі. Тэрмін пакараньня Лявонава й Аўтуховіча сканчаецца сёлета ўлетку.

Сёньня так і не ўдалося атрымаць афіцыйную інфармацыю пра тое, на якой падставе былі затрыманыя Мікалай Аўтуховіч, Юры Лявонаў і Ўладзімер Асіпенка.

Алена Аўтуховіч сказала, што яе муж у пятніцу атрымаў з суду позву: у аўторак павінна разглядацца пытаньне аб яго ўмоўна-датэрміновым вызваленьні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG