Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тыдзень з Радыё Свабода (эфір 7 лютага)

Расейска-беларуская супрацьпаветраная абарона: ад каго, супраць каго і дзеля чаго падпіcаны дагавор у Маскве.

Паўгоду пасьля каўказкай вайны: грузінскі парлямэнт заклікае Беларусь не паддавацца маскоўскаму ціску.


Гэтыя ды іншыя тэмы ў сёньняшнім выпуску абмяркоўваюць супрацоўнікі Беларускай службы Ганна Соўсь, Аляксей Знаткевіч і Ян Максімюк, Расейскай службы – Яфім Фіштэйн, Грузінскай – Манана Кузьма. Вядзе перадачу Аляксандар Лукашук.

Супраць каго сябруюць Расея і Беларусь?

Свабода на Белсаце, 06.02.2009, Частка 1


Лукашук:
На гэтым тыдні Аляксандар Лукашэнка і Дзьмітры Мядзьведзеў падпісалі пагадненьне аб стварэньні Адзінай рэгіянальнай сыстэмы супрацьпаветранай абароны Расеі і Беларусі. Пытаньні ад нашых слухачоў -- ад каго? Супраць каго? Навошта?

Фіштэйн: Хутчэй дзеля чаго, чым супраць каго. З эўрапейскага кірунку Беларусі, зразумела, нічога не пагражае, але ў адносінах з ЗША і Расеяй магчымы вялікі гандаль. Шмат дамоў пра раззбраеньне,у прыватнасьці, па звычайных узбраеньнях, па колькасьці войскаў. Адны дамовы скончыліся альбо Расея зь іх выйшла, іншыя падыходзяць да завяршэньня. Будзе вялікі гандаль. Барак Абама прапануе Расеі сур'ёзнае скарачэньне ядзерных узбраеньняў. Расея, са свайго боку, спрабуе палепшыць перамоўныя пазыцыі. Вось для гэтай мэты ёй і патрэбная дамова з Беларусьсю.


Максімюк:
Беларусі ні з палітычнага, ні з вайсковага гледзішча гэты саюз непатрэбны. НАТО не зьбіралася і не зьбіраецца нападаць на сінявокую. Дый з канстытуцыйнага гледзішча ня ўсё ясна — парушае гэтая дамова нэўтральны статус Беларусі ці не? Магчыма, на рашэньне Менску падпісаць гэтую дамову паўплывалі перш за ўсё эканамічныя меркаваньні — Аляксандар Лукашэнка, відаць, дабіўся нейкіх эканамічных прэфэрэнцыяў за гэтую дамову. Паводле здагадак некаторых назіральнікаў, Расея на нейкі час загрузіць заказамі прадпрыемствы беларускай “абаронкі”. Тыя прадпрыемствы, якія Захад у пачатку 1990-х прапанаваў канвэртаваць у цывільныя вытворчасьці і даваў грошы на такую канвэрсію. Але прыйшоў Аляксандар Лукашэнка і спыніў гэты працэс. А цяпер беларускія прадпрыемствы абаронча-індустрыяльнага комплексу аказваюцца эфэктыўным рычагом расейскага палітычнага ўплыву ў Беларусі.

Лукашук: Лідэры краінаў, якія ўваходзяць у АДКБ — Арганізацыю дамовы аб калектыўнай 5 бясьпецы -- таксама падпісалі ў Крамлі дакумэнт аб стварэньні калектыўных сіл апэратыўнага рэагаваньня. Афіцыйная іх мэта -- выкарыстоўвацца для адбіцьця ваеннай агрэсіі, правядзеньня апэрацый супраць міжнароднага тэрарызму і экстрэмізму, ліквідацыі наступстваў надзвычайных сытуацый, відаць, ураганаў ды землятрусаў. Наш слухач А.Астроўскі з Горадні піша: “Гэтыя "сілы" будуць выкарыстоўвацца для здушваньня паўстаньня беларусаў супраць праімпэрскага беларусафобскага рэжыму”. Ён піша, што масквічы, кіргізы і армяне ў час "надзвычайных сытуацый" змогуць легальна умешвацца ў беларускія справы. Вось такая ацэнка сытуацыі. Яфім, чаму створаныя гэтыя сілы і ці ёсьць там гэты складнік – унутраных паліцэйскіх сілаў былой імпэрыі?


Фіштэйн:
На мог погляд, Расея ў выніку расейска-грузінскага канфлікту летась у жніўні зразумела, што яна можа атрымаць вайсковую перамогу, але пры гэтым атрымаць палітычную паразу. Чым вынік канфлікту і быў. Таму наступным разам ёй трэба мець сілы калектыўнага дзеяньня ў выглядзе нейкага вайсковага блёку, якія яна магла б задзейнічаць на тых кірунках, дзе можа быць пагроза ці то для яе рэжыму, ці то для яе бясьпекі. Гэта можа здарыцца ў Беларусі, можа здарыцца на Паўночным Каўказе, альбо ў Сярэдняй Азіі, што верагодней. Вось там будуць скарыстаныя гэтыя сілы, і Расея у такім выпадку будзе ўсяго толькі чальцом калектыўнай сыстэмы абароны.

Лукашук: Цікава, што Вы кажаце што гэты мэханізм ужо выкарыстоўваецца на выбарах. Так званыя міжнародныя назіральнікі з краінаў СНД прыяжджаюць у нейкую краіну ад Узбэкістана да Беларусі і аднагалосна ўвесь час кажуць, што выбары былі справядлівыя, адкрытыя, чэсныя, і гэта -- "міжнароднае меркаваньне". Той жа самы мэханізм?

Фіштэйн: Абсалютна. Зьвярніце ўвагу, пра якую колькасьць вайскоўцаў ідзе гаворка. Яе відавочна недастаткова для вядзеньня вайны на эўрапейскім альбо на усходнім накірунках. Але для здушэньня дробных паўстаньняў, для здушэньня лякальных канфліктаў гэтых сілаў абсалютна дастаткова. Значыць, менавіта тут варта шукаць прычыны стварэньня ўсёй сыстэмы калектыўнай бясьпекі.

Лукашук: Ян, у чым тут выгада для Лукашэнкі і небясьпека для Беларусі?

Максімюк: Выгады я тут ня бачу. Магчыма, таксама меў месца гандаль. Затое Лукашэнка рызыкуе выклікаць канстытуцыйную калізію для краіны, таму што як бы там не было, але Канстытуцыя пакуль у Беларусі ёсьць, і яна ясна гаворыць аб нэўтральным статусе краіны. Задзейнічаньне нават батальёну ў такіх сілах за мяжою -- гэта відавочнае парушэньне Канстытуцыі. Я думаю. што з гэтым могуць быць толькі клопаты.

Лукашук: Пра дамову аб супрацьпаветранай абароне гаворка ішла гадамі. Заключылі толькі цяпер. Мядзьведзеў быў больш пераканаўчы чым Пуцін? Як Вы ацэньваеце дынаміку узаемаадносінаў Лукашэнка-Мядзьведзеў у параўнаньні з Пуціным?

Фіштэйн: Меркаваньні экспэртаў сыходзяцца ў тым, што Дзьмітрый Мядзьведзеў пакуль ня ёсьць цэнтрам улады ў Расеі, ён, хутчэй,
Зьдзіўляе здольнасьць Лукашэнкі манэўраваць.
падпарадкаваны цэнтар, а рэальным месцам, дзе прымаюцца рашэньні, ёсьць офіс прэм'ера Пуціна. Таму мне складана казаць пра нейкія новыя ўзаемаадносіны Беларусі і Расеі. Хутчэй, вельмі зьдзіўляе здольнасьць Лукашэнкі манэўраваць у даволі складаным полі эўрапейска-расейскіх узаемаадносінаў. Ён заігрывае як з Эўразьвязам, так і з Расеяй, спрабуючы перавесьці ў грашовы эквівалент сымпатыі аднаго і другога боку. Яны зараз змагаюцца за ягоныя сымпатыі.

Лукашук: Наколькі падпісаньне гэтых вайсковых пагадненьняў можа перашкодзіць заяўленаму працэсу лібэралізацыі, які Лукашэнка прадае Эўразьвязу?

Максімюк: Эўразьвяз, па-мойму, выкажа свае засьцярогі наконт супрацьпаветранай абароны і дамовы аб фармаваньні сіл апэратыўнага
Беларусі на Захадзе ніхто ня бачыць рэальным членам НАТО.
рэагаваньня пры нейкай нагодзе. Але спыняць заяўлены працэс уцягваньня Беларусі ў бліжэйшае супрацоўніцтва наўрад ці наважыцца. Усё ж такі ў Брусэлі разумеюць, што з гэтымі дамовамі ці бязь іх — Беларусь з Расеяй і так шчыльна супрацоўнічаюць у вайсковай галіне, а таму рабіць з гэтага скандалу ніхто ня будзе. Бо ніхто не разглядае Беларусь у якасьці рэальнага кандыдата ў НАТО. У ацэнцы гэтай дамовы ў Брусэлі пераважыць Realpolitik. Таму што Беларусі на Захадзе ніхто ня бачыць рэальным членам НАТО. Я думаю, на гэта заплюшчаць вочы.

Лукашук: Яфім, вайсковая дамова падпісаная паміж ня вельмі, скажам гэтак, дэмакратычнымі краінамі. Вось гэтыя вайсковыя дамовы і лёс дэмакратыі – як яны паўплываюць адно на аднаго?

Фіштэйн: На мой погляд, апошнія крокі беларускага прэзыдэнта усё ж нанясуць сур'ёзную страту таму іміджу Беларусі, які пачаў нараджацца, іміджу краіны, якая ўсё ж робіць нейкія, хай і дробныя, крокі ў бок пашырэньня дэмакратыі. Гэты імідж, бясспрэчна, будзе першай ахвярай расейска-беларускага збліжэньня. Будзе вельмі цяжка пераканаць Эўропу, што і ў тым, і ў іншым кірунку можна ісьці адначасна, бо гэтыя кірункі знаходзяцца ў сур'ёзнай супярэчнасьці. Значыць, праграма Эўразьвязу "Усходняе партнэрства", якая разьлічвалася на тое, што з дапамогай Польшчы, Чэхіі, Славакіі, Вугоршчыны ўдасца працэс дэмакратызацыі распаўсюдзіць на Беларусь, калі хочаце, у першую чаргу -- мне здаецца, што цяпер з гэтага працэсу Беларусь будзе крыху выключаная.

Лукашук: Некаторыя расейскія СМІ працытавалі памочніка прэзыдэнта Расеі Сяргея Прыходзьку, які сказаў, што Расія і Беларусь распрацавалі плян сумесных дзеяньняў па ўвядзеньні адзінай валюты -- рубля. Гэтае паведамленьне адразу абверг міністар замежных справаў Беларусі Сяргей Мартынаў, які сказаў, што абодва бакі абмяркоўвалі толькі дзеяньні па наданьні расійскаму рублю функцыі рэгіянальнай рэзэрвовай валюты. Ці не падаецца вам усё-ткі, што Масква, скарыстоўваючы сусьветны фінансавы крызіс, стараецца аказаць ціск на Беларусь, каб мацней прывязаць яе да сябе і палітычна, і эканамічна?

Максімюк: Гэта навідавоку. Я ўжо згадваў меркаваньні некаторых назіральнікаў, што Беларусь падпісала дамову аб супрацьпаветранай
Фінансавы крызіс для Расеі — час зьбіраньня палітычнага ўраджаю.
абароне ўзамен на дапамогу Расеі для прадпрыемстваў беларускага вайскова-індустрыяльнага комплексу. Гэтая прычына падаецца мне вельмі імавернай, хоць і не адзінай. Заўважым таксама, што як толькі Беларусь падпісала дамову аб стварэньні калектыўных сіл апэратыўнага рэагаваньня АДКБ ды пачала размовы пра расейскі рубель як пра рэзэрвовую валюту для Беларусі, з Расеі пайшлі сыгналы пра магчымую выдачу Беларусі крэдыту ў памерах 100 млрд. рублёў, пра што яшчэ тыдзень назад прадстаўнікі расейскіх уладаў адмаўляліся весьці гаворку. Ну і яшчэ адзін прыклад зь блізкага замежжа — як толькі Кыргызстан заявіў аб закрыцьці амэрыканскай авіябазы ў Манасе, Крэмль адразу паабяцаў крэдыты і фінансавую дапамогу Бішкеку. Так што фінансавы крызіс для Расеі — час зьбіраньня палітычнага ўраджаю на постсавецкай прасторы. Пакуль няясна, чым абернецца гэты крызыс для Расеі ў эканамічным пляне, але ўжо відаць, што ў палітычным пляне Масква пастараецца максымальна выкарыстаць гэтую нагоду для гуртаваньня постсавецкай краінаў вакол сябе.

Лукашук: На гэтым тыдні “Малады Фронт“ падаў скаргу ў Канстытуцыйны Суд Беларусі на дамовы, падпісаныя ад імя краіны ў Маскве 3 і 4 лютага. З заявай пра пагрозу незалежнасьці Беларусі ў сувязі з гэтымі дамовамі выступіла Рада БНР. Расходы на абарону ў часы эканамічнага крызісу – як і заключэньне вайсковых дамоваў – звычайна у рамках канстытуцыі прымаюцца парлямэнтамі краінаў. Натуральна, у тых выпадках, калі ёсьць сапраўдная Канстытуцыя і сапраўдны парлямэнт.

Пэйзаж пасьля каўказкай бітвы

Свабода на Белсаце, 06.02.2009, Частка 2

Лукашук: Мінула паўгоду ад пачатку каўказкай вайны. Сама вайна стала ня толькі рэгіянальнай , ня толькі міжнароднай зьявай, але і фактарам беларускай палітыкі, яе эўрапейскага і расейскага вэктару. Я маю на ўвазе пытаньне прызнаньня ці непрызнаньня дзьвюх самаабвешчаных рэспублік – Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі з боку Менску. Але спачатку пра пэйзаж пасьля бітвы. Наколькі ўдалося ліквідаваць эканамічныя наступствы вайны, што цяпер з уцекачамі, з міжнароднай эканамічнай дапамогай?


Кузьма:
Як Вы сказалі, прайшло паўгоду. Грузіі абяцалі 4 мільярды даляраў дапамогі, паўмільярду ўжо паступіла. Сытуацыя ў Грузіі вельмі цяжкая. Дваццаць адсоткаў тэрыторыі акупаваныя. Там ня проста салдаты расейскія, туды не пускаюць міжнародных назіральнікаў, не працягваюць мандат для назіральнікаў АБСЭ і, напэўна, не працягнуць мандат для ААН. Туды не пускаюць уцекачоў. Адсюль другая вялікая праблема Грузіі -- уцекачы. Пасьля расейска-грузінскай вайны зьявілася да 30-ці тысяч грузінскіх уцекачоў. Для іх пабудавалі дамы, 80 адсоткаў атрымалі жыльлё (коштам міжнароднай дапамогі), але ў людзей няма працы. І трэцяя вялікая праблема -- як і іншыя краіны, Грузію закрануў эканамічны крызіс.

Лукашук: У інтэрвію "Комсомольской правде” кіраўнік Паўднёвай Асэтыі Эдуард Какойты расказаў пра абяцаньне Аляксандра Лукашэнкі прызнаць незалежнасьць самаабвешчаных грузінскіх тэрыторый. Нагадаю, калі паўстала пытаньне пра прызнаньне ўсьлед за Расеяй незалежнасьці Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі, то Лукашэнка паабяцаў прызнаць гэтыя рэспублікі, але толькі разам з чальцамі АДКБ. Аднак саміт АДКБ скончыўся для Расеі правалам. 8 верасьня на прэсавай канфэрэнцыі для расейскіх журналістаў Лукашэнка заявіў, што гэтае пытаньне будзе разгледжана новым беларускім парлямэнтам, які на той час яшчэ ня быў абраны. І вось чарговае абяцаньне кіраўніку Паўднёвай Асэтыі. Але чаму ўсё ж кіраўнік Беларусі не сьпяшаецца прызнаваць гэтыя новаўтварэньні?

Максімюк: Таму што і сам кіраўнік Беларусі, і ўсе іншыя выдатна разумеюць — калі Беларусь прызнае гэтыя дзьве рэспублікі, яна
Прызнаўшы Абхазію і Паўднёвую Асэтыю, Беларусь апынецца ў ніжэйшай палітычнай лізе.
адназначна апынецца ў ролі палітычнага васала Масквы. Я ўжо калісьці параўноўваў гэтае гіпатэтычнае прызнаньне да пераходу ў ніжэйшую палітычную лігу. Дык вось, прызнаўшы Абхазію і Паўднёвую Асэтыю, Беларусь апынецца ў такой ніжэйшай палітычнай лізе, у якой дачыненьні будзе мець не з поўнасьцю сувэрэннымі дзяржавамі, а якраз з васаламі Расеі. Ніхто ж у сьвеце ня лічыць усур’ёз, што Абхазія і Паўднёвая Асэтыя — сувэрэнныя дзяржавы. Так што прызнаньне гэтых дзьвюх самаабвешчаных рэспублік запачаткуе хуткі працэс "апусканьня" Беларусі Расеяй да рангу свайго пратэктарату. Баюся, што такое прызнаньне аўтаматычна затармазіць і працэс наладжваньня лепшых стасункаў Беларусі з Эўразьвязам.

Лукашук: Скончыліся баявыя дзеяньні, і пачалася другая вайна – вайна за імідж. Якія міжнародныя наступствы вайны для Грузіі – хто выйграў бітвы за імідж, як успрынятыя ацэнкі АБСЭ і Human Rights Watch, як складваюцца адносіны з новай амэрыканскай адміністрацыяй?

Кузьма: Што датычыць вайны за імідж, за прапаганду -- я думаю. гэтая вайна працягваецца, і дагэтуль ніхто ня выйграў. Таму што
Вайна за імідж працягваецца.
Расею крытыкуюць за прымяненьне сілы супраць Грузіі і агрэсію, а Грузію крытыкуюць за напад на Цхінвалі. У рыторыцы Расеі, Грузія пачала вайну. І канешне, вялікая частка заходняй прэсы таксама скарыстоўвае гэтую фразу, нягледзячы на яе несправядлівасьць хаця б таму, што расьсьледаваньне Эўразьвязу ўсё яшчэ працягваецца.

Лукашук: Але Human Rights Watch выступіла з крытыкай двух бакоў.

Кузьма: Так. У Грузіі віталі гэты даклад, у адрозьненьні ад Расеі, у Расеі крытыкавалі. Як мне здаецца, у прэсе да гэтага часу абмяркоўваецца -- хто пачаў вайну?

Лукашук: Адна звыклая манэра Лукашэнкі, па трапным вызначэньні нашага калегі Валера Карбалевіча -- прадаваць адзін тавар аднаму і таму ж пакупніку шмат разоў. Расеі ён прадае інтэграцыю, любоў і сяброўства, Захаду дэмакратычныя і рынкавыя рэформы ў Беларусі. А ў чым каштоўнасьць такога тавару, як прызнаньне (альбо непрызнаньне) незалежнасьці Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі ці скажам Косава?

Маскімюк: Беларусі прызнаньне не прыбавіць палітычнага прэстыжу. А вось для Масквы каштоўнасьць прызнаньня незалежнасьці Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі Беларусьсю перш за ўсё ў палітычным прывязаньні Беларусі да сябе як сатэліта. Беларусь, страціўшы значэньне самастойнага палітычнага гульца на міжнароднай арэне, стане залежнай ад палітычнай ласкі і няласкі Крамля. Беларусь жа, адпаведна, не прызнаючы Паўднёвую Асэтыю і Абхазію, захоўвае палітычнае значэньне ў сьвеце і пазьбягае новай самаізаляцыі.

Лукашук: Якія палітычныя наступствы унутры Грузіі: наколькі моцныя пазыцыі Саакашвілі? Што будзе наступнай праверкай Грузіі на трываласьць?

Кузьма: За пяць апошніх гадоў у нас будзе пяты прэм'ер-міністар. Шмат зьменаў ва ўрадзе. Гэта шмат у чым залежыць ад прэзыдэнта. Сам Саакашвілі застаецца моцнай палітычнай фігурай, нягледзячы на вайну і патрабаваньне апазыцыі аб адстаўцы. Апытаньні паказваюць, што ён -- сярод трох самых папулярных палітыкаў Грузіі.

Лукашук: Дэмакратычны працэс у Грузіі працягваецца? Абмежаваньняў свабоды слова болей няма, і апазыцыя мае права голасу?

Кузьма: Так.

Лукашук: У красавіку Нацыянальны сход Беларусі зьбіраецца разгледзець пытаньне аб прызнаньні Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі. Прызнаюць ці не?

Максімюк: Гэта будзе залежаць ад цаны, якую гатовыя заплаціць Расея за прызнаньне, а Захад за непрызнаньне. Я, як і згаданы вамі
Трэба будзе выбіраць паміж чаркай-шкваркай і незалежнасьцю.
Валер Карбалевіч, думаю, што Лукашэнка пакуль яшчэ ня вырашыў, што яму рабіць, бо пакуль яшчэ ідзе гандаль. Могуць прызнаць, могуць не прызнаць, а могуць і выдаць нейкі няўцямны дакумэнт, які нібыта прызнае, а нібыта і не прызнае. Па-мойму, на сёньняшні дзень шанцаў на тое, што Беларусь не прызнае гэтых сэпаратысцкіх рэгіёнаў або прызнае толькі "часткова" — крыху болей, чым на тое, што прызнае без засьцярогаў. Але поле манэўру ў кіраўніка Беларусі ў апошнім часе значна звузілася. Няўмольна надыходзіць момант праўды, калі хітраваць далей і абдурваць абодва бакі адначасна будзе немагчыма. Трэба будзе выбіраць, паміж чаркай-шкваркай з аднаго боку і нацыянальным гонарам ды незалежнасьцю з другога.

Лукашук: Грузінскі парлямэнт абвінаваціў Расею ў спробе прымусіць Беларусь прызнаць незалежнасьць Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі. Пэтрэ Ціскарышвілі, кіраўнік парлямэнцкай большасьці Грузіі заявіў: Беларусь знаходзіцца пад сур'ёзным ціскам і шантажом з Масквы, і Беларусі трэба пазьбегчы такога рашэньня, калі гэтая краіна хоча інтэгравацца ў Эўропу. Ці хоча – да красавіка застаецца менш за два месяцы.

Валюта і КДБ – небясьпечныя словы ў Беларусі

Свабода на Белсаце, 06.02.2009, Частка 3

Лукашук: Якія навіны, тэмы, асобы і праблемы мінулага тыдня падаліся найбольш важнымі журналістам Свабоды? Сёньня свае меркаваньні прадставяць Ганна Соўсь і Аляксей Знаткевіч.


Соўсь:
Я назаву тры. Выпадак у Гомелі, калі за разгорнутую расьцяжку, дзе фігуравала слова КДБ, актывістаў разьдзелі дагала ў міліцыі і далі астранамічныя штрафы. Другая тэма – лібэралізацыя і сродкі масавай інфармацыі, і трэцяя – суд над ксяндзом у Лельчыцах за нібыта несанкцыянаванае ўсталяваньне крыжа.

Знаткевіч: Калі ня браць пад увагу падзеі, зьвязаныя з беларуска-расейскім адносінамі, дык гэта будзе рашэньне Нацбанку Беларусі, паводле якога ўсе банкі павінны даваць справаздачу па замежнай валюце штодня. Другое -- гэта рашэньне Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі скараціць выдаткі на навуковыя дасьледаваньні. І трэцяе -- выхад аўдыёкнігай раману Уладзімера Караткевіча "Каласы пад сярпом тваім".

Лукашук: Ганна, вызначаная Вамі як першая падзея – КДБ ў Гомлі распранула дагала актывістаў.

Соўсь: Вось уявіце: тры гомельскі актывісты – “Маладога фронту” і стваранай партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” 2 лютага на плошчы імя Леніна разгарнулі расьцяжку “КДБ нас з працы гоніць — хто абароніць?” Вынік – затрыманьне міліцыяй і разьдзяваньне дагала ў міліцыі ў прысутнасьці невядомых асобаў у цывільным і ўрэшце вялізарныя штрафы ўсім тром за несанкцыянаванае шэсьце і супраціў міліцыі да трох мільёнаў рублёў. У беларускім грамадзтве ёсьць кодавыя словы і паняткі – КДБ адно зь іх. Украіна на гэтым тыдні рассакрэціла архівы КДБ да 1991 году, калі ў Беларусі прымушаюць да такой прыніжальнай працэдуры, як асабісты дагляд, фактычна за абвінавачаньні на адрас КДБ, то моднае цяпер слова лібэралізацыя ўжываць зарана. Што да прымусовага разьдзяваньня, то яго зьведалі многія прадстаўнікі беларускіх СМІ, але я пра гэта скажу крыху пазьней.

Лукашук: Аляксей, Вашая першая тэма – пытаньне з валютай . Банкі зараз мусяць паведамляць, колькі ў іх ёсьць валюты, якой і што яны зь ёй робяць.


Знаткевіч:
Гэта патрабаваньне Нацбанку -- ён хоча ведаць, як камэрцыйныя банкі распараджаюцца валютай, і каб тыя давалі справаздачу, чаму яны не прадаюць гэтую валюту суб'ектам гаспадараньня. Былы Старшыня Нацбанку Станіслаў Багданкевіч тлумачыць, што банкі спрабуюць захаваць сабе нейкую валюту, Нацбанк хоча валюту пусьціць у абарот. І там канкрэтна гаворыцца ў паведамленьні Нацбанку, што валюты ў Беларусі не хапае.

Лукашук: Што гэта азначае для грамадзянаў? Не для суб’ектаў гаспадараньня, а для грамадзян?

Знаткевіч: Гэта азначае, што, нягледзячы на тое, што Беларусь атрымала вялікія крэдыты (прыйшоў першы транш крэдыту МВФ, гэта больш за 800 мільёнаў даляраў) -- валюты ўсё роўна не хапае. Гэта значыць, што рызыка захоўваецца, і калі даводзіцца ісьці на такія захады, значыць, ёсьць рызыка далейшай дэвальвацыі беларускага рубля. І дарэчы, раней Нацбанк прыпыніў агучваць апэратыўную інфармацыю пра валютныя апэрацыі з насельніцтвам, і гэта патлумачылі так – "каб лішні раз не хваляваць людзей у цяперашняй сытуацыі".

Лукашук: Як бачым, валюта і КДБ па-ранейшаму застаюцца гэткімі "нагружанымі" і небясьпечнымі словамі ў цяперашняй Беларусі. СМІ перажываюць нейкія элемэнты лібэралізацыі. "Наша Ніва", "Народная воля" прадаюцца, на іх можна падпісацца. Але ня ўсе газэты, выкінутыя з падпіскі, вернутыя. У Менску адбылася сустрэча незалежных і залежных журналістаў разам з прадстаўнікамі АБСЭ, у якой абмяркоўваўся стан свабоды прэсы. Ганна, Вы назвалі гэту тэму, што Вам падалося важным?

Соўсь: Падалося важным, што прагучала даволі шмат абяцаньняў. Дарэчы, калі працягнуць паралелі з разьдзяваньнем дагала гомельскіх актывістаў, то многія прадстаўнікі незалежных сродкаў масавай інфармацыі ўжо зьведалі працэдуру асабістага дагляду на мяжы, паколькі
Прагучала даволі шмат абяцаньняў.
былі ўнесеныя ў спэцыяльныя сьпісы. Некаторыя зь іх былі на гэтым тыдні на сэмінары пад эгідай АБСЭ ў Менску, дзе пры ўдзеле ўладаў і незалежнай прэсы абмяркоўваўся новы закон аб СМІ, які набывае моц 8 лютага ў нядзелю. Дык вось, на сэмінары прагучала шмат абяцаньняў -- Натальля Пяткевіч казала, што ня будзе рэгістрацыі інтэрнэт-СМІ, яна ж расказала пра указ Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, які рэглямэнтуе працу прэс-сакратароў і прэс-службаў міністэрстваў і ведамстваў і абавязвае іх кантактаваць са сродкамі масавай інфармацыі і прадстаўляць інфармацыю. Я, праўда, не знайшла тэксту указу на афіцыйным партале pravo.by. Калі сапраўды такі ўказ набудзе моц, то адказныя за сувязі з прэсай у гомельскай міліцыі будуць абавязаныя патлумачаць карэспандэнтам Свабоды, на якой падставе разьдзявалі дагала гомельскіх актывістаў і хто назіраў за гэтым. Гэта толькі адзін прыклад. Што да таго, наколькі без праблемаў пройдзе перарэгістрацыя беларускіх СМІ, ці будуць акрэдытоўваць журналістаў недзяржаўных СМІ на мерапрыемствы з удзелам Аляксандра Лукашэнкі, ці зьнікнуць спэцыяльны сьпісы журналістаў для мытнікаў, ці вернуць у шапікі і сыстэму падпіскі шэраг незалежных выданьняў акрамя Народнай Волі, мы будзем ведаць неўзабаве і раскажам пра гэта вам, на сайце і ў эфіры Радыё Свабода і Белсату.

Лукашук: Аляксей, Эканамічны крызіс і навука - Ваша другая тэма.

Знаткевіч: Так, загад кіраўніка Акадэміі навук спадара Мясьніковіча правесьці навуковую экспэртызу ўсіх дасьледаваньняў і цягам году скараціць тыя, якія будуць прызнаныя неэфэктыўнымі. Праблема ў тым, што, па-першае, па словах былога прэзыдэнта АН спадара Вайтовіча, у Беларусі ўжо цяпер выдаткі на навуку, так званая навукаёмістасьць валавога ўнутранага прадукту, значна меншая, чым у шмат якіх іншых краінах. Ён падаў лічбы -- ад 0,7 да 0,8 працэнта. А ў той жа Расеі гэта 1,4 працэнты, у краінах Эўразьвязу -- гэта да 4,3 працэнтаў. Трэба яшчэ ўлічваць, што і Расея, і краіны Эўразьвязу багацейшыя за Беларусь.

Лукашук: Так, і трэба ўлічваць таксама, што беларуская фундамэнтальная навука была арыентаваная перш за ўсё на вайсковы комплекс. А што адбудзецца з "непрыбытковымі" аддзеламі АН, якія займаюцца праблемамі беларускай культуры мовы?

Знаткевіч: Пакуль цяжка сказаць, бо там гаворыцца не пра прыбытковасьць, а пра неэфэктыўнасьць . Але калі апошнім часам Аляксандар Лукашэнка гаворыць пра навуку, дык заўсёды зьвяртае ўвагу, што навука павінна найперш служыць інтарэсам прамысловасьці, інтарэсам вытворчасьці. Нават калі ня браць культурныя сфэры, тыя ж фундамэнтальныя дасьледаваньні не заўсёды могуць наўпрост адпавядаць інтарэсам прамысловасьці і вытворчасьці.

Лукашук: Вашая трэцяя тэма, Ганна, гучыць крыху нечакана для мяне -- крыжы.

Соўсь: Чаму адбыўся суд у Лельчыцах за няўзгоднены крыж? Амаль кожная беларуская вёска ці мястэчка мае на ўезьдзе крыж.
Важны сам факт суду за ўсталяваньне крыжа.
Праваслаўны ці каталіцкі. Гэта даўняя традыцыя. Я спэцыяльна не высьвятляла, але як мне падаецца, ня кожны зь іх усталяваны пры ўзгадненьні з уладамі. І вось у Лелічыцах цяпер судзяць ксяндза Віталя Мышону, які пры ўсталяваньні крыжа нібыта парушыў інструкцыі чыноўнікаў. Ён насамрэч узгадняў усталяваньне крыжа, але, як аказалася, ня з тымі чыноўнікамі. І тут, мне падаецца, важным ня тое, што парушыў ці не парушыў лельчыцкі ксёндз, а сам факт суду за ўсталяваньне крыжа, і неабходнасьць ухвалы мясцовымі чыноўнікамі рэчаў, зьвязаных са свабодай сумленьня. Яшчэ адзін прыклад – той жа ксёндз атрымаў папярэджаньне з ідэалягічнага аддзелу райвыканкаму за тое, што ня даў заявы бацькоў і сьпіс дзяцей, якія ходзяць на лекцыі па катэхізісу. Чарговае паседжаньне суду адбудзецца 11 лютага, і неўзабаве мы даведаемся, ці пакаралі і як пакаралі ксяндза з самавольны крыж.

Лукашук: Аляксей, і некалькі слоў пра аўдыёкнігу Уладзімера Караткевіча.

Знаткевіч: Раман "Каласы пад сярпом тваім" распачаў сэрыю, якую плянуе сёлета выдаць фірма "БелТонМедыя". Гэта далёка ня першая аўдыёкніга ў Беларусі, але ў гэтай новай сэрыі плянуюць выдаць анталёгію Караткевіча – да прыкладу, ужо начытваецца раман "Хрыстос прызямліўся Гародні". Начытвае творы Андрэй Каляда, які раней ачольваў катэдру сцэнічнай мовы ў Беларускай акадэміі мастацтваў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG