Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выдавецкая галіна адчувае на сабе наступствы эканамічнага крызісу. Падвышаюцца кошты на паперу для кнігавыданьня і рэклямнай прадукцыі, парушаецца графік паставак высакаякасных кампанэнтаў зь Фінляндыі, дзе крызіс прымусіў камбінаты прыпыніць працу.


Выдаўцы прагназуюць, што новыя ўмовы гаспадараньня прывядуць да падвышэньня кошту на ўвесь спэктар друкарскіх паслугаў.

Менскі выдавец Яраслаў Чапля канстатуе, што за апошні час кошт паперы падвысіўся ў сярэднім на 40%. Гэта ня толькі цягне за сабой рост цэнаў на канчатковую прадукцыю, але моцна б’е па саміх выдавецкіх структурах:

“У асноўным гэта тычыцца фінскай крэйдаванай паперы, швэдзкай, якую ў Расеі практычна не прадукуюць. Праблемы пайшлі дзесьці з 10 студзеня, як пасьля Новага году пачалі ў Расеі працаваць, то бок з паловы студзеня. Прывязка да Расеі ў тым, што адтуль ідзе ўся плынь: у беларусаў няма такіх вялікіх грошай, каб закупіць, прыкладам, адразу фуру. Калі кіляграм паперы каштуе 2 даляры, то можна ўявіць, колькі адразу трэба ўбухаць. Таму пераважна возяць прадстаўніцтвы расейскіх фірмаў у Беларусі”.

Карэспандэнт: “Можна чакаць, што гэта адаб’ецца на ўсім вытворчым ланцужку?”

“Дык ужо адбілася. Хто не пералічыў па-новаму замовы мінулага году, як, прыкладам, у мяне кніжкі ішлі, калі і дамовы падпісаныя, і грошы ўзятыя на выданьне, той цярпіць. Бо бах — раптам такія кошты. І ніхто нічога ня хоча разумець. Маўляў, мы вам пералічылі па тых расцэнках, дык давайце выконвайце пагадненьне. Гэта вялікія страты”.

Уладальнік прыватнага выдавецтва Зьміцер Колас не выключае, што ў сувязі з крызісам неўзабаве могуць адчуцца складанасьці з пастаўкамі так званай “крэйдаванай” паперы, неабходнай для кніжных вокладак, рэклямнай прадукцыі. Аднак ён ня схільны лічыць, што ў пэрспэктыве трэба чакаць радыкальнага падвышэньня даляравых коштаў на паперу расейскай вытворчасьці — у Расеі падзеньне вартасьці рубля яшчэ большае, чым у Беларусі:

“Тое, што падаражэла, дык гэта зразумела. У рублях, маецца найперш на ўвазе. Але выдаўцы адчуваюць гэта збольшага апасродкавана. То бок друкарні набываюць паперу, а нам толькі выстаўляюць кошты. А хто іх ведае, як яны насамрэч лічаць. Увогуле, асноўная маса паперы завозіцца з Расеі. Іншая справа, што вокладкавая і ўсялякія якасныя паперы — крэйдаваная на календары, на ўкладкі, на буклеты — гэта ўсё, безумоўна, скандынаўскага паходжаньня. Дык вось зараз досыць істотныя перабоі з пастаўкамі такой прадукцыі. Таму што некаторыя камбінаты прыпынілі працу — у прыватнасьці, у Фінляндыі дакладна адзін закрылі. Спынілі вытворчасьць у сувязі з крызісам. Так што могуць быць цяжкасьці з наяўнасьцю такой паперы. Але я ўсё ж думаю, што гэтыя цяжкасьці часовыя”.

Генэральны дырэктар менскай друкарні “Medisont” Уладзіслаў Сілёнак кажа, што тэндэнцыі ў галіне вытворчасьці паперы зрабілі свой нэгатыўны ўнёсак у распаўсюд сусьветнага крызісу. Імклівы рост коштаў на паперу назіраўся цягам апошніх трох гадоў, у выніку чаго парушыўся балянс паміж коштамі на паперу і паслугамі выдавецтваў:

“Уся папера — і афсэтная, і мэлаваная — увесь гэты час расьце і расьце ў коштах, і даволі хутка. Мяркую, што гэта таксама адзін з элемэнтаў, які паўплываў на тое, што ўзьнік крызіс. Бо ўсе папяровыя справы шчыльна завязаныя на Эўропу; там усё гэта даражэла, даражэла і вось урэшце дадаражэлася. Зараз, напрыклад, кардон ня можам набыць патрэбнага нам гатунку, бо фінскі завод стаіць. Пры тым, што і так у іх кардон быў ня танны. Зараз даводзіцца браць кітайскі. Ён ня тое каб горшы, проста розныя пазыцыі вырабляюцца для рознага карыстаньня. Патрэбна і такое, і такое, і такое. А цяпер проста абмежаваныя сталі варыянты выбару”.

Карэспандэнт: “Відавочна, што такія тэндэнцыі наўпрост уплываюць на канчатковы кошт прадукцыі?”

“Вядома, так — ад каляндарыкаў да кнігаў”.

Некалькі гадоў таму кіраўніцтва Беларусі паабяцала, што з узьвядзеньнем у Шклове сучаснага папяровага заводу краіна будзе забясьпечана ня толькі газэтнай, але і лёгкай крэйдаванай паперай. Аднак, нягледзячы на пагрозы Аляксандра Лукашэнкі асабіста разабрацца, чаму тармозіцца рэалізацыя праекту, тэхналягічныя недасканаласьці не дазваляюць замяніць імпартную паперу айчыннай.
XS
SM
MD
LG