Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхары вуліц Уманскай, Дзекабрыстаў, Абухоўскай ды іншых пратэстуюць супраць парушэньня іх правоў пры зносе дамоў у сувязі з будаўніцтвам мэтро. /img/icon-photogallary.gif /img/icon-video.gif

Сям’ю Васкабовічаў, чый дом № 49 на 1-й Уманскай вуліцы асуджаны на зруйнаваньне, не задавальняе варыянт, прапанаваны ў якасьці кампэнсацыі гарадзкімі ўладамі й будаўнікамі мэтро. Дзевяцярым Васкабовічам на тры сям’і прапануюць 2 кватэры ў мікрараёне Лошыца, агульнай плошчай удвая меншай за плошчу іхняга дому. Васкабовічы настойваюць на тым, каб ім выдзелілі зямельны ўчастак у Менску і перавезьлі туды іх дом альбо набылі раўназначны. Як кажа Дзяніс Васкабовіч, раней улады пагаджаліся на такі варыянт, але потым перадумалі:

“Да пэўнага часу ўпраўленьне будаўніцтва менскага мэтрапалітэну гатовае было замест нашага дому даць нам дом раўназначных характарыстык. Прадстаўнік будаўніцтва нават езьдзіў з намі да гаспадароў дому, які зьбіраліся набыць для нас, але ў нейкі момант, відаць, на загад зьверху, усе варыянты, якія мы прапаноўвалі, перасталі разглядаць. Было сказана, што ня будуць ствараць прэцэдэнтаў”.


Васкабовічы напісалі ліст да Лукашэнкі, які падпісалі 76 чалавек. Сярод іх суседзі Васкабовічаў і жыхары іншых вуліц, якія таксама лічаць, што іх правы парушаюць. Гэта Натальля Гіль з вуліцы Дзекабрыстаў, Васіль Хадзькоў з праспэкту Дзяржынскага, Людміла Гіро з Уманскай. Прэтэнзіі менчукоў — ня толькі да мэтрабудаўнікоў, але і да іншых арганізацый. Так, на месцы дома Алены Казак, якая жыве па адрасе Уманская, 44, будзе пабудаваны дом палепшанай камфортнасьці. Так вырашыў гарвыканкам. А жанчыну ніхто нават не спытаўся, ці хоча яна зьяжджаць:

“Мае прабабкі нарадзіліся ў Менску, а мяне ўсё далей і далей гоняць і хочуць пасяліць у гэтыя бэтонныя скрыні. Каб я там сканала! Лужкоў раскраў Маскву, усю зямлю там раскупілі, дык яны сюды прыехалі раскупляць”.

Сям’я Васкабовічаў спрабавала адстаяць свае правы на зямлю і дом праз суд, але Маскоўскі суд Менску пазоў не задаволіў. Юрыя Хацько, які жыве ў 1-м Абухоўскім завулку, таксама праінфармавалі, што ягонае права на зямельны ўчастак пад дом анулююць. На гэтым месцы забудоўнік “ЛАДА ОМС-холдынг” пабудуе вышынныя дамы. Цяпер Юры Хацько ня верыць, што суд яму дапаможа:

“Пасьля адмены рэгістрацыі нашых участкаў на зямлю карыстаньне ўчасткамі стане незаконным. Ёсьць адпаведны артыкул. Таму я падаў у суд, каб гэтую адмену прызналі незаконнай, але цяпер ня веру, што суд нам дапаможа”.

Дзяніс Васкабовіч заявіў журналістам, што жыхары, якія лічаць сябе пацярпелымі, будуць ствараць грамадзкую арганізацыю, каб бараніць свае правы разам. Спадар Васкабовіч сказаў, што пакуль ён не зазнаў ціску ці пагроз на свой адрас. “Праз гадзіну пасьля прэсавай канфэрэнцыі да нас прыходзіў участковы міліцыянт, але хутка зьехаў”, — пазьней паведаміў гаспадар дому.

Васкабовічы запрашалі на сустрэчу журналістаў розных выданьняў, у тым ліку з газэты “Советская Белоруссія”. “Прыйшлі толькі зь недзяржаўных мэдый”, — паведаміў Дзяніс Васкабовіч.

Тым часам на вуліцы Ўманскай будаўнічая тэхніка працягвае зносіць прыватныя дамы.



Прадпрыемства “Дырэкцыя будаўніцтва Менскага мэтрапалітэну” заяўляе пра немагчымасьць выканаць патрабаваньні сям’і Васкабовічаў з аб’ектыўных прычын. Менгарвыканкам не прызнае патрабаваньні Васкабовічаў законнымі. Паводле праваабаронцы Гары Паганяйлы, Васкабовічы ды іншыя адсяленцы маюць права на іншыя варыянты кампэнсацыі, а ня толькі перасяленьне ў кватэры, прапанаваныя Менгарвыканкамам.






Тым часам на вуліцы Уманскай працягваецца знос дамоў, якія замінаюць мэтробудаўнікам.


ВІДЭА. На вуліцы Уманскай зносяць прыватныя дамы




ВІДЭА. Дзяніс Васкабовіч: “Нашы правы парушылі”




ВІДЭА. Натальля Гіль пратэстуе супраць адсяленьня


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG