Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Усходняе партнэрства – так, Эўразьвяз – не


Сяргей Мартынаў

Сяргей Мартынаў

Беларусь у бліжэйшай пэрспэктыве ня мае на мэце ўступіць у Эўразьвяз, заявіў міністар замежных справаў Сяргей Мартынаў.


У інтэрвію Першаму нацыянальнаму тэлеканалу Мартынаў паведаміў, што на нядаўняй сустрэчы з “тройкай” ЭЗ, Беларусь пацьвердзіла пазытыўнае стаўленьне да ідэі Ўсходняга партнэрства.

“Нашым прынцыповым падыходам зьяўляецца тое, што гэтае партнэрства павінна быць раўнапраўным”, - заявіў дыплямат. “Зразумела, што ў некаторых краінаў стасункі з Брусэлем будуць больш глыбокімі і шырокімі, чым у Беларусі. Напрыклад, Украіна і Малдова гадамі над гэтым працуюць і наагул ставяць мэту ўступіць у ЭЗ, якую мы ў агляднай пэрспэктыве ня ставім і нават не разважаем на гэтую тэму”, цытуе БелТА словы Мартынава.

“Усе кампанэнты шматбаковага ўзаемадзеяньня усяго нашага рэгіёну павінныя ажыцьцяўляцца на роўнай аснове. Гэта прынцыповая пазыцыя Беларусі, і яна падзяляецца Эўразьвязам”, - дадаў Мартынаў.

“Калі ў такім выглядзе, як мы абмяркоўвалі, партнэрства будзе канчаткова зацьверджана, то можна меркаваць, што Беларусь прыме ў ім канструктыўны ўдзел”, - зазначылі кіраўнік МЗС Беларусі Сяргей Мартынаў.
XS
SM
MD
LG