Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітычных прызыўнікоў абараняюць у ЗША


Калі актывісты Іван Шыла, Франак Вячорка і Зьміцер Хведарук прымалі прысягу ў беларускім войску, Беларускі Моладзевы Рух Амэрыкі правёў 90-хвілінную акцыю падтрымкі маладзёнаў .


Каля будынку ААН пад шматлікімі бел-чырвона-белымі сьцягамі сабралася больш за паўсотні чалавек, паведамляе Беларускі моладзевы рух Амэрыкі.

У гэты ж час у Вашынгтоне каля беларускай амбасады праходзіла акцыя супраць перасьледу ўладамі беларускіх грамадзян. На мітынгу ў сталіцы ЗША беларусы Амэрыкі асудзілі афіцыйнае кіраўніцтва Беларусі за працяг гвалтоўнай палітыкі ў адносінах грамадзянскай супольнасьці, а таксама выступілі за стварэньне ў Беларусі прафэсійнага войска. Мітынгоўцы трымалі плякаты "No army recruiting on political grounds in Belarus", "Illegal recruiting is a new punishment for democrats".

Арганізатары акцыі распавялі пра факты парушэньняў пры прызыве у войска, зазначыўшы, што палітычны перасьлед людзей у Беларусі працягваецца і пасьля абвешчаных уладамі Беларусі крокаў на лібэралізацыю і дэмакратызацыю краіны.

Клічамі "Жыве Беларусь!" пад бел-чырвона-белымі сьцягамі беларусы Амэрыкі выказалі падтрымку Івану, Франаку і Зьміцеру, сказаўшы пры гэтым сваё "супраць" палітычнаму перасьледу моладзевых актывістаў у роднай краіне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG