Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтуховіч, Лявонаў і Асіпенка – у турме на Акрэсьціна


Юры Лявонаў і Мікалай Аўтуховіч

Юры Лявонаў і Мікалай Аўтуховіч

8 лютага ў Ваўкавыску (Гарадзенская вобласьць) затрыманы былыя палітзьняволеныя Мікалай Аўтуховіч і Юры Лявонаў, а таксама беспрацоўны Ўладзімір Асіпенка.


Выконваючы абавязкі начальніка Ваўкавыскай міліцыі ня ведае за што ў нядзелю затрымалі М.Аўтуховіча, Ю.Лявонава й У.Асіпенку. Намесьнік пракурора вобласьці таксама ня можа назваць прычын затрыманьня.

Аўтуховіч, Лявонаў, Асіпенка падазраюцца ў наўмысным зьнішчэньні маёмасьці, што пацягнула страты ў буйным памеры, паведаміў БелаПАН праваабаронца Алег Волчак.

8 лютага прайшлі першыя допыты.

"Стала вядома, што ім інкрымінуецца артыкул 218, частка 2 Крымінальнага кодэксу Беларусі (наўмыснае зьнішчэньне або пашкоджаньне маёмасьці, якое ўчынена агульнанебясьпечным спосабам або пацягнула прычыненьне ўрону ў буйным памеры). Гэты артыкул прадугледжвае абмежаваньне волі на тэрмін да пяці гадоў або пазбаўленьне волі тэрмінам ад трох да дзесяці гадоў", — кажа Волчак.

Затрыманых падазраюць у падпале дома супрацоўніка Ваўкавыскага РАУС у 2004 годзе.

"Нам вядома, што ў доме Асіпенкі супрацоўнікі міліцыі шукалі менавіта прадметы, якія могуць быць выкарыстаны для вырабу выбуховай прылады. Напрыклад, у яго канфіскавалі волава. Так што вэрсія аб падпале, хутчэй за ўсё, папярэдняя, і гэта было толькі падставай для таго, каб іх арыштаваць", — лічыць А.Волчак.

9 лютага сваякі затрыманых заключаць дагаворы з адвакатамі.

"Мяркуецца, што Аўтуховіча будзе абараняць Павел Сапелка, а Ўладзіміра Асіпенку — Тамара Сідарэнка. Гэтыя адвакаты вядомыя журналістам па справе "Партнэрства". Юрый Лявонаў, паводле маіх зьвестак, пакуль ад адваката адмовіўся, бо лічыць гэтую справу цалкам абсурднай", — сказаў праваабаронца.

У Міністэрстве ўнутраных справа затрыманьні пакуль не камэнтуюць.

Як паведаміў БелаПАН праваабаронца Алег Волчак, затрыманьні на кватэрах і ў мясцовым прыватным аўтапарку, дзе Аўтуховіч працуе кіроўцам, правялі прадстаўнікі галоўнага ўпраўленьня па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю МУС Беларусі пры дапамозе байцоў падразьдзяленьня па барацьбе з тэрарызмам "Алмаз".

"Затрыманьне праводзілася ў жорсткай форме"."Алмазаўцы" уварваліся ў памяшканьне, загадалі прысутным легчы тварам на падлогу і правялі ператрус пры дапамозе мінашукальніка. Шукалі наркотыкі, зброю і дакумэнты нібыта па справе аб выбухаў у Ваўкавыску ў 2005 годзе", — паведаміў Волчак.

У Аўтуховіча быў канфіскаваны кампутэр і прыватнае ліставаньне.

Затрыманых даставілі ў Цэнтар ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП) на завулку Акрэсьціна ў Менску.

Дырэктарка фірмы, дзе працуюць затрыманыя, Людзьміла Парэмская з Ваўкавыску выехала ў Менск, каб заключыць дамову з адвакатам.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG