Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыянэры далі прысягу


Зьміцер Хведарук
Зьміцер Хведарук

Старшыня моладзі БНФ Франак Вячорка, актывісты “Маладога фронту” Зьміцер Хведарук і Іван Шыла прынялі вайсковую прысягу. Усіх траіх апазыцыянэраў затрымалі і адвезьлі ў вайсковыя часткі гвалтоўна. Назіральнікі адзначаюць шматлікія парушэньні заканадаўства. Бацькі навабранцаў лічаць, што трэба патрабаваць у судовых інстанцыях выкананьня закону аб вайсковым абавязку.


ФОТАРЭПАРТАЖ


Усе трое апазыцыянэраў чыталі тэкст прысягі па-беларуску.

Падчас прыняцьця прысягі ў Баранавіцкай 8-ай радыётэхнічнай брыгадзе адбыўся інцыдэнт. Франак Вячорка напрыканцы прамовы крыкнуў: “Жыве Беларусь!”. У адказ раздалося: “Жыве!”.

Маці Франака Арына Вячорка дастала бел-чырвона-белы сьцяг, а паплечнікі хлопца разгарнулі расьцяжку: “Мы за прафэсійнае войска”.

Міліцыянты затрымалі двух чалавек з тых трох дзясяткаў, якія прыехалі падтрымаць моладзевага актывіста. Праз паўгадзіны затрыманых адпусьцілі.

Гаворыць Франак Вячорка:

Франак Вячорка
“Найвышэйшае начальства было прыкаванае ўвагай да маёй прысягі, былі прадстаўнікі Міністэрства абароны, палкоўнікі брыгады. Мяне павіншавалі з прыняцьцем прысягі. Яны да апошняга баяліся, што я, як Жалезьнічэнка, адмоўлюся яе прымаць.

Я ўсё ж прыняў. Я прысягнуў на вернасьць Радзіме, беларускаму народу, а не гэтай уладзе, не Лукашэнку. Я прысягнуў бараніць незалежнасьць Беларусі і я буду яе бараніць ад любой пагрозы, няважна – з Расеі, ці з Захаду”.

Франка Вячорку сёньня пераводзяць у Мазыр, дзе ён будзе служыць у радыётэхнічнай брыгадзе, якая будзе сачыць за палётамі самалётаў. Франак паведаміў, што першыя паўтара тыдня прайшлі добра, але пры гэтым падкрэсьліў, што ёсьць мільён лепшых спосабаў, як правесьці час.

У Жодзінскую вайсковую частку, дзе прымаў прысягу Зьміцер Хведарук, прыехалі прадстаўнікі амбасадаў Швэцыі, ЗША і Чэхіі.

Прадстаўнік Чэскай амбасады Марцін Чэх падзяліўся сваімі ўражаньнямі:

“Уражаньне… Разумееце, усе гэтыя цырымоніі вельмі падобныя адна на адну ва ўсім сьвеце. Кожная краіна мае свае ўласныя традыцыі”.

Зьміцер Хведарук маршыраваў па пляцу зь песьняй.

Зьміцер апавёў, што два тыдні таму зьвярнуўся ў мэдчастку па дапамогу да мэдыка маёра Ўладзімера Кіселя. Той у грубай форме забараніў яму размаўляць па-беларуску.

Уладзімер Кісель
“У мяне баліць сьпіна і сэрца. Я прыйшоў у санчатску і вось гэты маёр на мой зварот: “Таварыш маёр, у мяне баліць сьпіна. Паглядзіце, калі ласка”, адказаў: “Зьвяртайся да мяне па-расейску, бо статут прадугледжвае гэтую мову”. Потым зь яго боку пайшла трохі некарэктная размова. Ён мяне не прыняў і сказаў, каб я зьвяртаўся праз тры месяцы”.

Паводле салдатаў, якія служаць у частцы, было разьбіральніцтва і маёра Кіселя пераводзяць у іншае месца.

Зьміцер мае аптымістычны настрой. Кіраўніцтва часткі вырашыла не накіроўваць Зьмітра на вучобу, а пакінуць служыць у Жодзіна.

“Ставяцца вельмі добра. Людзі ў казарме распытваюць што ды як. Пытаюцца па-беларуску, бо большасьць людзей тут не зусім з Менску. Для іх няма праблемаў размаўляць па-беларуску. Вельмі добрыя сяржанты ў нас у вучэбнай роце былі.

Маёр і падпалкоўнік па ідэалягічнай працы таксама ўвесь час кажуць, каб зьвяртаўся да іх, кажуць, што будуць дапамагаць. Я пераклаў прысягу на беларускую мову. Тут усе пытаюцца як каманды казаць па-беларуску.

Калі будзе згода камандаваньня гэтай часткі, то, напэўна, дазволяць працягваць дыстанцыйнае навучаньне, папросту дасылаць працы кантрольныя для навучальнага крэдыту”.

Івана Шылу наведалі сваякі і паплечнікі з “Маладога фронту”.

Іван Шыла
Іван будзе абскарджваць у судовых інстанцыях сваё затрыманьне і прызыў у войска без мэдычнага абсьледаваньня.

“Тое, што я прыняў прысягу, зусім не азначае, што я не буду гаварыць пра незаконнасьць прызыву, бо гэта становіцца формай палітычнай ізаляцыі моладзевых актывістаў. Я да гэтага часу не прайшоў ніводнай мэдычнай камісіі. Гэта ёсьць грубым парушэньнем. Я буду патрабаваць, каб мяне адвезьлі на поўнае абсьледаваньне. Буду абскарджваць рашэньне салігорскай прызыўной камісіі”.

Франак Вячорка, Іван Шыла і Зьміцер Хведарук паведамілі, пра добрае да іх стаўленьне з боку кіраўніцтва і салдатаў. Яны не скардзяцца на ўмовы, у якіх апынуліся. Усе прэтэнзіі выказваюцца выключна ў бок ваенкаматаў, якія бездакорна выконвалі ўсе каманды людзей у цывільным.



Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG