Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства замежных спраў Беларусі выступіла з крытыкай выказваньняў амбасадара Расеі ў Менску Аляксандра Сурыкава на прэс-канфэрэнцыі 6 лютага.


Увечары ў пятніцу МЗС распаўсюдзіла "Адказ прэс-сакратара МЗС Андрэя Папова на пытаньне прадстаўнікоў СМІ ў сувязі зь некаторымі выказваньнямі амбасадара Расеі ў Беларусі А.Сурыкава падчас прэс-канфэрэнцыі ў Менску 6 лютага 2009 году". Дыплямат, у прыватнасьці, заявіў, што ў сувязі з падпісаным у Маскве 4 лютага дакумэнтам аб стварэньні Калектыўных сіл апэратыўнага разгортваньня (КСАР) АДКБ трэба "разабрацца, запатрабуецца ўдзел Беларусі за мяжой ці не".

"Па-першае, адразу хачу падкрэсьліць, што ўжо дакладна не паслы іншых дзяржаў будуць "разьбірацца" ў адпаведных нюансах беларускага заканадаўства, — заявіў А.Папоў. — Па-другое, <…> ёсьць закон нашай краіны на гэтую тэму, і ён будзе няўхільна выконвацца. Ды й згаданы вамі дакумэнт АДКБ па КСАР, дарэчы, пакуль не мае статусу міжнароднага пагадненьня. Акрамя таго, трэба мець на ўвазе, што рашэньні аб задзейнічаньні КСАР будуць прымацца толькі кіраўнікамі дзяржаў АДКБ і толькі на аснове кансэнсусу. Так што ня трэба паслу забягаць наперад. Таксама як не трэба яму сьпяшацца апярэджваць вынікі выкананьня даручэньняў ВДР (Вышэйшай дзяржаўнай рады – рэд. РС) і па такіх тэмах беларуска-расійскага ўзаемадзеяньня, як удзел Расеі ў будаўніцтве беларускай АЭС і магчымае будаўніцтва газаправоду "Ямал — Эўропа — 2", - цытуе дакумэнт БелаПАН.

"На пасяджэньні ВДР у Маскве лідэры дзьвюх краін даручылі адпаведным ведамствам нашых дзяржаў яшчэ раз уважліва ўнікнуць у гэтыя тэмы і дадаткова ўнесьці на разгляд прэзыдэнтаў дапрацаваныя канкрэтныя прапановы. Так што давайце, напэўна, як мінімум дачакаемся вынікаў выкананьня даручэньняў двух прэзыдэнтаў", — заявіў прадстаўнік беларускага зьнешнепалітычнага ведамства.

Нагадаем, што Расейскі амбасадар у Менску Аляксандар Сурыкаў 6 лютага распавёў пра пляны расейскай падтрымкі беларускай эканомікі, фармаваньня Адзінай сыстэмы супрацьпаветранай абароны дзьвюх краін і пра стаўленьне Расеі да дыялёгу Беларусі з Эўразьвязам.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG