Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бэрлін мае дамовіцца зь Менскам аб аздараўленьні дзяцей


Нямецкі фэдэральны ўрад пацьвердзіў, што мае намер падпісаць (на просьбу афіцыйнага Менску) двухбаковыя пагадненьні зь беларускім бокам адносна выезду чарнобыльскіх дзяцей на вакацыі ў Нямеччыну.

Напярэдадні парлямэнцкая фракцыя нямецкіх “зялёных” на чале з Марылюізай Бэк выказала сваю занепакоенасьць тым, што ў выніку пагадненьняў гуманітарнаму абмену можа пагражаць адзяржаўленьне. Паводле прадстаўнікоў многіх нямецкіх чарнобыльскіх аб’яднаньняў, якія штогод запрашаюць да сябе каля 8000 чарнобыльскіх дзяцей, такія пагадненьні могуць стаць сапраўднай аплявухай папулярнай грамадзянскай ініцыятыве.

У адказ на запыт “зялёных” нямецкія ўрадоўцы адзначылі, што вырашальным у прыняцьці рашэньня стаў наступны момант: згодна з рашэньнем беларускіх уладаў, чарнобыльскія дзеці могуць наведваць толькі тыя краіны, якія гэтыя пагадненьні заключылі. Нямецкія ўрадоўцы таксама падкрэсьлілі, што ня маюць намеру рэглямэнтаваць грамадзянскую ініцыятыву, бо “менавіта грамадзкія арганізацыі і прыватныя асобы апошнім часам пасьпяхова – наўпрост ці ўскосна – рабілі ўсё, каб мінімізаваць наступствы чарнобыльскай катастрофы”.

Праграмы аздараўленьня беларускіх дзяцей у замежжы прыпыненыя ад мінулай восені ўказам прэзыдэнта Лукашэнкі. Дасюль адпаведныя пагадненьні зь Менскам заключыла толькі Італія. Прадстаўнікі чарнобыльскіх ініцыятываў у іншых краінах занепакоеныя тым, што праз бюракратычныя бар’еры вымушаныя будуць адмовіцца ад летніх чарнобыльскіх акцыяў.
XS
SM
MD
LG