Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Cакратарцы Зэльцэра адмовілі ў датэрміновым вызваленьні


Грамадзянцы Расеі Ўладлене Брусковай (Функ) Гомельскі суд адмовіў у датэрміновым вызваленьні. Уладлена Брускова была сакратаркай амэрыканскага адваката Эмануіла Зэльцэра. 12-га сакавіка 2008 года абодвух арыштавалі ў менскім аэрапорце і празь некалькі месяцаў асудзілі за спробу камэрцыйнага шпіянажу супраць Беларусі. Уладлена Брускова атрымала год зьняволеньня. Яна адбывае пакараньне ў Гомельскай жаночай калёніі.

Адвакат Зьміцер Гарачка паведаміў “Свабодзе”: “Дакумэнты на ўмоўна-датэрміновае вызваленьне Брусковай падрыхтавалі ў Гомельскай жаночай калёніі й перадалі ў суд. Але суд адмовіў у вызваленьні, спаслаўшыся на тое, што з Расеі нібыта не даслалі патрэбныя дакумэнты. Мы зьвязаліся зь міліцыянтамі ў Вялікім Ноўгарадзе, дзе прапісаная Ўладлена Брускова, і яны кажуць, што ні па якія дакумэнты да іх зь Беларусі ніхто не зьвяртаўся. Разумею гэтак, што маю падабаронную проста не захацелі выпускаць за месяц да заканчэньня тэрміну, маўляў, і так мала засталося”.

Нагадаем, Эмануіл Зэльцэр з сакратаркай прыляцеў у Менск у справе спадчыны заўчасна памерлага грузынскага алігарха Бадры Патаркацышвілі. Паводле сваякоў Зэльцэра, ягоны арышт у Менску справакаваў расейскі алігарх-уцекач Барыс Беразоўскі, які нібыта прэтэндуе на частку спадчыны. Барыс Беразоўскі неаднаразова абвяргаў гэтыя зьвесткі. Эмануіл Зэльцэр, якога пакаралі трыма гадамі зьняволеньня, адбывае пакараньне ў Магілёўскай калёніі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG