Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лілія Ананіч зноў палюбіла чакаляд?


Лілія Ананіч
Лілія Ананіч

Сем гадоў спатрэбілася беларускім чыноўнікам, каб падрыхтаваць праект новага закону аб сродках масавай інфармацыі і перадаць яго ў Нацыянальны сход.

Пра гэта паведаміла сёньня на брыфінгу першы намесьнік міністра інфармацыі краіны Лілія Ананіч. Новы закон пачынае дзейнічаць ад 8 лютага.

Лілія Ананіч ацэньвае новае заканадаўства пра мэдыі як узважанае:

“На нашу думку, у законе дасягнуты балянс інтарэсаў грамадзтва, дзяржавы, сродкаў масавай інфармацыі, журналістаў і самае галоўнае — канкрэтных людзей, дзеля якіх сёньня і працуюць сродкі масавай інфармацыі”.

Першы намесьнік міністра спадзяецца, што найлепшым крытэрам якасьці новага закону стане практыка. Яна спаслалася на меркаваньні ўдзельнікаў круглага стала, які адбыўся два дні таму:

“Удзельнікі круглага стала, як апанэнты, так і тыя, хто прадстаўляе распрацоўшчыкаў закону, абмяркоўваючы закон, на мой погляд, прыйшлі да думкі — толькі практыка ўжываньня выявіць усе перавагі, а можа, і нейкія недахопы, якія ёсьць у гэтым законе”.

Андрэй Бастунец
А вось намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец лічыць: галоўныя недахопы новага дакумэнту выразна відаць ужо і цяпер:

“На мой погляд, гэта артыкул аб магчымасьці закрыць сродак масавай інфармацыі пасьля двух папярэджаньняў за любыя парушэньні. Ён не адпавядае міжнародным абавязаньням Рэспублікі Беларусь і нават больш жорсткі параўнальна зь дзейным законам.

І па-другое — нормы, якія зьвязаныя з акрэдытацыяй карэспандэнтаў. Гэтыя нормы не даюць магчымасьці абскардзіць адмову ў акрэдытацыі, якія забараняюць, напрыклад, журналістам замежных мэдыяў працаваць без акрэдытацыі“.

Сёньня Лілія Ананіч шмат казала пра адсутнасьць цэнзуры ды эўрапейскія стандарты новага закону, пра роўныя правы і адказнасьць мэдыяў, незалежна ад формы ўласнасьці. А я згадаў яе іншы выступ — у Палаце прадстаўнікоў 27 кастрычніка 2006 году. Тады дэпутатка Вольга Абрамава публічна папрасіла адказную чыноўніцу быць больш уважлівай да патрэбаў недзяржаўных мэдыяў. Дэпутатка запыталася: ці падабаецца спадарыні Ананіч чакаляд? І нагадала параўнаньне вядомага журналіста Ўладзімера Позьнера: чалавек, які паспытаў чакаляд і грамадзянскія свабоды, ніколі не забудзе іх цудоўнага смаку. У адказ Вольга Абрамава ды іншыя дэпутаты пачулі:

“Што тычыцца чакаляду. Прайшоў пэрыяд — у дзяцінстве мы ўсе яго любілі. Я сёньня чакаляд не люблю”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG