Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея павялічвае крэдытаваньне Беларусі


Аляксандар Сурыкаў

Аляксандар Сурыкаў

Расейскі амбасадар у Менску Аляксандар Сурыкаў сёньня распавёў пра пляны расейскай падтрымкі беларускай эканомікі, фармаваньня Адзінай сыстэмы супрацьпаветранай абароны дзьвюх краін і пра стаўленьне Расеі да дыялёгу Беларусі з Эўразьвязам.

Аляксандар Сурыкаў прысутнічаў на ўсіх перамовах, якія праходзілі апошнімі днямі паміж беларускімі і расейскімі кіраўнікамі дзяржаў і ўрадаў. Спадар Сурыкаў зрабіў выснову, што паміж вышэйшымі ўладамі дзьвюх краін узрасло “ўзаемапаразуменьне і гатоўнасьць да далейшых інтэграцыйных працэсаў”. Разам з гэтым Расея разумее складанае эканамічнае становішча ў Беларусі і ідзе ёй на дапамогу.

Паводле амбасадара Сурыкава, другую траншу леташняга расейскага крэдыту памерам 1 мільярд даляраў Беларусь атрымае ўжо ў лютым. Потым пачнуцца перамовы наконт міждзяржаўнага крэдыту ў расейскіх рублях для падтрыманьня плацёжнага балянсу. Беларускі ўрад папрасіў такі крэдыт памерам 100 мільярдаў расейскіх рублёў, і расейскі бок гатовы пайсьці насустрач.

А нядаўна быў падпісаны пратакол, згодна зь якім Расея бярэцца з 2010 году крэдытаваць будаўніцтва Беларускай атамнай станцыі. Верагодны кошт будаўніцтва двух рэактараў — 4-5 мільярдаў даляраў, — зазначыў амбасадар Сурыкаў.

“Я думаю, што Расейская Фэдэрацыя пойдзе на максымальна спрыяльныя кантрактныя ўмовы фінансаваньня, у тым ліку па працэнтных стаўках і па тэрмінах вяртаньня”.

Цана на расейскі газ для Беларусі таксама даволі спрыяльная ў параўнаньні з краінамі-суседзямі. У першым квартале яна складае каля 200 даляраў, а ў сярэднім за год апусьціцца да ўзроўню 150 даляраў за тысячу кубамэтраў. Гэта прыблізна адпавядае лічбам, закладзеным пры фармаваньні беларускага бюджэту на гэты год.

Нейкіх вострых праблемаў у двухбаковых адносінах амбасадар Сурыкаў не ўздымаў. Вяршыняй вайсковага і вайскова-тэхнічнага супрацоўніцтва Беларусі і Расеі ён назваў падпісаньне дамовы аб Адзінай рэгіянальнай сыстэме супрацьпаветранай абароны:

“Гэта рамачнае пагадненьне, на базе якога павінен быць падрыхтаваны цэлы шэраг дакумэнтаў, якія яго будуць дэталізаваць: у тым ліку і наконт пытаньняў камандаваньня, напаўненьня служачымі, пытаньняў канкрэтных вайсковых частак і іх узбраеньня. Папяровая праца зойме яшчэ паўгода”.

Аднак амбасадар Сурыкаў ня выказаў разуменьня заявы беларускага МЗС пра няўдзел беларускіх вайскоўцаў, якія ўвойдуць у склад калектыўных сілаў апэратыўнага рэагаваньня АДКБ, у апэрацыях за межамі краіны.

“Трэба разабрацца, што гэта такое ў прававых адносінах: гэта ўдзел Беларусі за мяжой, калі трэба будзе там нешта рабіць, ці гэта ўдзел не Беларусі, а ў цэлым калектыву… Паводле практыкі прымяненьня магу сказаць, што міждзяржаўныя пагадненьні — вышэйшыя паводле статусу, чым заканадаўства адпаведнай краіны”.

Сярод іншага спадар Сурыкаў таксама зазначыў, што Расея ня зьвязвае прызнаньне Беларусьсю незалежнасьці Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі зь нейкімі іншымі беларускімі абавязаньнямі, і што Расея вітае і падтрымлівае пачатак дыялёгу Беларусі з Эўразьвязам, гэтаксама як і магчымы ўдзел Беларусі ў праграме Ўсходняга партнэрства Эўразьвязу.
XS
SM
MD
LG