Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паводле магілёўскага аблвыканкаму, у 2008 годзе іх сярэдні памер не перавышаў восемсот тысяч рублёў. На 22 прадпрыемствах рэгіёну людзі атрымлівалі толькі па 400 тысяч.


Сярэдні памер налічанага намінальнага заробку ў Беларусі ў 2008 годзе складаў больш за 885 тысяч рублёў за месяц. На Магілёўшчыне ж ён быў амаль на сто тысяч меншы — 795 тысяч.

“У 2008 годзе тэмп росту заробкаў склаў толькі 123 працэнты й быў самы нізкі сярод усіх абласьцей Беларусі”, — канстатавала старшыня камітэту па працы, занятасьці й сацыяльнай абароне аблвыканкаму Ганна Апет.

На дваццаці двух прадпрыемствах работнікі атрымлівалі меней за дзьвесьце даляраў. За затрымку ў выплаце нават такіх заробкаў да адміністрацыйнай адказнасьці прыцягваліся 120 наймальнікаў.

Афіцыйна беспрацоўнымі на Магілёўшчыне лічацца крыху болей за чатыры тысячы чалавек. Улада цьвердзіць, што на сёньня ў рэгіёне няма праблемаў з працаўладкаваньнем. А што з заробкамі?

“Шэраг наймальнікаў прапануюць вакансіі з аплатай працы на ўзроўні мінімальнага заробку. Больш за 40% заяўленых вакансіяў — з аплатай працы да чатырохсот тысяч рублёў”, зазначае Ганна Апет.

Ад першага студзеня мінімальны памер заробку ў Беларусі — 229 тысяч рублёў. У 2008 годзе ён быў на 21 тысячу меншы.

Галоўны інспэктар па Магілёўскай вобласьці Генадзь Лаўранкоў заклікае чыноўнікаў не драматызаваць сытуацыю, а думаць пра будучыню:
апошнія тры гады нашая рэспубліка жыла як пры камунізьме....

“Тое, што было, гэта так. Гэта ўжо прайшло. Можа, я некарэктна гавару, аднак апошнія тры гады нашая рэспубліка жыла як пры камунізьме. Усё было добра, усё было выдатна. Аднак цяпер сытуацыя палярна зьмянілася”.

Як удалося высьветліць, у студзені ў рэгіянальны цэнтар занятасьці па працаўладкаваньне зьвярнуліся на пяцьсот чалавек болей, чым у папярэднія месяцы. Паводле афіцыйнай інфармацыі, ніводнае прадпрыемства гораду не скарачала працоўных месцаў. Аднак усё часьцей кіраўнікі прадпрыемстваў заяўляюць пра так званую аптымізацыю колькасьці работнікаў, што насамрэч азначае, што людзям прапануюць новыя, значна горшыя ўмовы працы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG