Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сідорскі абяцае таннае жыльлё


Прэм’ер-міністар Сяргей Сідорскі заявіў, што цэны на жыльлё ў Беларусі павінны зьнізіцца прыкладна на 10%.

Адмыслоўцы мяркуюць, што нават, калі цэны ўпадуць, то жыльлё ня стане больш даступным для грамадзянаў.

На калегіі міністэрства архітэктуры і будаўніцтва кіраўнік беларускага ўраду Сяргей Сідорскі заявіў, што ва ўмовах фінансава-эканамічнага крызісу цэны на жыльлё падаюць ва ўсім сьвеце. Таму памяншаць іх вымушаная і беларуская будаўнічая галіна. Найперш гэта тычыцца будаўніцтва жыльля для тых, хто мае патрэбу ў паляпшэньні жыльлёвых умоваў. Сёлета плянуецца пабудаваць 6 мільёнаў квадратных мэтраў жыльля. “Пажадана, каб яно было крыху таньней, чым да крызісу, для гэтага ёсьць усе магчымасьці. Працэнтаў на 10 трэба выходзіць”, – адзначыў Сяргей Сідорскі. Маўляў, для гэтага трэба выкарыстаць усталяваныя для Беларусі “спадальныя цэны” на расейскі газ.

Паводле міністра архітэктуры і будаўніцтва Аляксандра Селязьнёва, у Беларусі ўжо памяншаюцца кошты на камэрцыйнае жыльлё. Ёсьць прапановы на рынку па 1200-1300 даляраў за квадратны мэтар. Гэта на 700-800 даляраў меней, чым да крызісу. Што да жыльля, якое будуецца з дзяржпадтрымкай для тых, хто стаіць у чарзе, то тут цэны цяпер мінімальныя і апускаць іх ніжэй будзе складана.

Дык ці змогуць ў Беларусі паменшыць цэны? Кіраўнік цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук адзначыў:

У нас цэны будуць падаць, будуць значна ніжэй не таму, што гэтага захацеў прэм'ер-міністар
“Сідорскі разглядае ўсё, як быццам ён быў начальнікам над усімі цэнамі, над усёй гаспадаркай. Проста робіць заявы, разьлічаныя на гледачоў беларускага тэлебачаньня, а не на сумленных і адказных людзей зь бізнэсу, на інвэстараў. Я думаю, што ў нас цэны будуць падаць, будуць значна ніжэй не таму, што гэтага захацеў прэм'ер-міністар. А таму што такая тэндэнцыя рынку. Пры гэтым я ня думаю, што гэта спыніць інфляцыю ці зробіць жыльлё больш даступным для тых людзей, якія стаялі ў чарзе. Бо купляць гэтыя кватэры таксама ня будзе за што. Таму лепш бы прэм'ер-міністар паабяцаў нам інфляцыю ніжэй за 10%”.

Сяргей Сідорскі заявіў, маўляў, трэба паказаць насельніцтву, што цана на таварна-матэрыяльныя каштоўнасьці падае ня толькі ў сьвеце, але і ў Беларусі. Паводле агента па нерухомасьці Тацяны Сьнітко, насамрэч кошты памяншае сам рынак.

Я думаю, гэта гаворыцца ўсё для таго, каб супакоіць людзей
“Я думаю, гэта гаворыцца ўсё для таго, каб супакоіць людзей, бо ў многіх ня вырашана жыльлёвае пытаньне. Урад мусіць неяк супакоіць насельніцтва і проста шукае шляхі супакаеньня. Каб ня сеяць паніку, нейкая такая мэтазгоднасьць зьявілася, відаць. Самы правільны шлях – даць людзям магчымасьць зарабляць грошы, зьняць нейкія абмежаваньні з эканомікі, з заканадаўства, каб людзі маглі зарабляць свабодна. Збудаваць таньней не атрымаецца, бо гэта адаб'ецца на якасьці. Я думаю, што цэмэнт як даражэў, так і будзе даражэць”.

Улады абяцаюць таксама да 2011 году паменшыць тэрмін чаканьня ў чарзе для тых, хто мае патрэбу ў паляпшэньні жыльлёвых умоваў. У Менску ён паменшыцца з 30-ці да 10 гадоў. У абласных цэнтрах – да 3-5 гадоў, а ў малых гарадах да аднаго году.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG