Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускае пяціборства: лепшая мова — у вясковых вучняў


Пераможца сёлетняга “Беларускага пяціборства” Антось Лявіцкі, Ганна Отчык (другое месца, у цэнтры), Алена Кандавурава (трэцяе месца)

Пераможца сёлетняга “Беларускага пяціборства” Антось Лявіцкі, Ганна Отчык (другое месца, у цэнтры), Алена Кандавурава (трэцяе месца)

У Магілёўскім дзяржаўным унівэрсытэце імя Аркадзя Куляшова сёньня ўганаравалі пераможцаў інтэлектуальнага спаборніцтва “Беларускае пяціборства-VIII”.

Яго правялі 5 студзеня актывісты гарадзкой суполкі Таварыства беларускай мовы на чале з рэпэтытарам матэматыкі Міхасём Булавацкім.

Паводле яго, у сёлетнім беларускамоўным спаборніцтве ўзялі ўдзел 27 навучэнцаў: пятнаццаць зь сельскіх школаў, а дванаццаць — з магілёўскіх. Спадар Булавацкі адзначае:

Арганізатары пяціборства — Міхась Булавацкі (праваруч) і гісторык Ігар Пушкін (леваруч)
“Узровень ведаў удзельнікаў сёлетняга пяціборства быў вышэйшы за леташні. Асабліва ў прыродазнаўстве ды мове. Я ня думаю, што гэта тэндэнцыя, бо да мовы ставяцца ня так, як трэба. Радуе, аднак, што мова не забываецца. Лепшая мова — у вучняў вясковых школаў. Адчуваецца, што яна ў дзяцей там родная. У гарадзкіх — мова слабая, яны ёй не карыстаюцца. Асабліва гэта адчуваецца, калі яны чытаюць”.

Перамог у сёлетнім “Беларускім пяціборстве” дзевяціклясьнік Палянінавіцкай сярэдняй школы, што на Быхаўшчыне, Антось Лявіцкі. Другое месца заняла адзінаццаціклясьніца Ганна Отчык з магілёўскага ліцэю № 3. Трэцяе — Алена Кандавурава, адзінаццаціклясьніца з магілёўскага абласнога ліцэю № 2.

Пераможца Антось Лявіцкі ўдзельнічаў у пяціборстве з задавальненьнем і цікавасьцю.

“У нас школа беларускамоўная, таму для мяне было значна прасьцей адказваць на тыя ж пытаньні па матэматыцы. Я ведаю ўсе тэрміны па-беларуску й па астатніх прадметах таксама”, — кажа Антось.

Хлопец адзначае, што перамог дзякуючы таму, што ў школе матэматыку выкладаў яму бацька.

Як і ў мінулыя гады, удзельнікі пяціборства меліся разьвязаць матэматычную задачу, а таксама адказаць на пытаньні з гісторыі Беларусі, беларускай літаратуры і адной з дысцыплін цыклю “Прырода. Сусьвет”. Рашэньні ды адказы спаборнікі меліся падаваць на беларускай мове, якасьць якой таксама ўлічвалася пры падвядзеньні вынікаў.
XS
SM
MD
LG