Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Антэны — пытаньне жыцьця і сьмерці


Сёньня ў Горадні скончыўся разгляд адміністрацыйнай справы Вольгі Гармаш, якую хацелі прымусіць дэмантаваць спадарожнікавую антэну на фасадзе дому на праспэкце Касманаўтаў.

Максім Гармаш паказвае на сваю «сьмяротнанебясьпечную» антэну
Суд высьветліў, што антэна належыць яе мужу Максіму, ён яе усталяваў. Значыцца, Вольга Гармаш не зьяўляецца суб’ектам па гэтай справе, і таму разгляд справы спынены, — вырашыла судзьдзя Тацяна Гергель.

Пасьля заканчэньня суду Максім Гармаш, муж Вольгі Гармаш, не хаваў, што яны з жонкай задаволеныя вынікамі разгляду адміністрацыйнай справы супраць яе.

Гармаш: “Тое, што мы перамаглі ў судзе, — я думаю, гэта першы такі прэцэдэнт у нашай вобласьці. Другое: суд стаў на абарону нашай пазыцыі нават у тым, што нашай сям’і былі нанесеныя сур’ёзныя маральныя страты няправільнымі дзеяньнямі прадстаўнікоў шостага ЖЭСу. Дзіцячую настаўніцу міліцыі было загадана даставіць у суд з выкарыстаньнем фізычнай сілы, як злачынцу”.

Максім і Вольга Гармаш
Максім Гармаш зазначыў, што яны з жонкай напісалі хадайніцтва аб прыцягненьні да адказнасьці супрацоўнікаў ЖЭСу № 6, якія склалі пратакол.

Гармаш: “Сёньня было агучана рашэньне суду, што ў адрас камунальных службаў будзе вынесена прыватнае азначэньне пра парушэньні і пра ліквідацыю прычынаў, якія спрыялі ўчыненьню гэтых парушэньняў”.

Кіраўнік юрыдычнага аддзелу жыльлёва-эксплюатацыйнага прадпрыемства Кастрычніцкага раёну спн. Вішнеўская тлумачыла ў судзе, што ў пытаньні спадарожнікавых талерак для іх галоўнае — “бясьпека грамадзянаў”. Вось што яна сказала пасьля заканчэньня суду:

“Калі ласка, з гэтымі пытаньнямі — у архітэктуру. Так, у архітэктуру, мы не ўзаконьваем, мы эксплюатуем жылы фонд. Калі зваліцца антэна, то мы будзем за гэта адказваць. Трэба, каб быў праект на ўсталяваньне антэны, каб яна адпавядала патрабаваньням адпаведным, каб яна была бясьпечнай для грамадзянаў, якія пражываюць у горадзе, каб яна не звалілася, не забіла чалавека”.

Паводле супрацоўніц камунальнай службы, кожны ўладальнік антэны атрымае прадпісаньне аб дэмантажы. У яго застанецца таксама права яе ўзаконіць, але такога мэханізму пакуль няма. Як даведаўся Максім Гармаш, прадугледжаныя толькі санкцыі супраць тых, хто адмовіцца добраахвотна дэмантаваць тэлевізійную спадарожнікавую талерку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG