Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

МАЗ скарачае працоўны тыдзень, «Мотавела» стаіць


Цэхі Менскага аўтамабільнага заводу

Цэхі Менскага аўтамабільнага заводу

Менскі аўтамабільны завод перайшоў на скарочаны працоўны тыдзень. Менскі мотавелазавод пасьля амаль двухмесячнага прастою пакуль не аднавіў працу.

Паводле начальніка ўпраўленьня маркетынгавых камунікацый Менскага аўтазаводу Вольгі Ісер, адміністрацыя прадпрыемства робіць усё магчымае, каб не дапусьціць затаварваньня складоў.

“Таму было прынята рашэньне, што для некаторых вытворчасьцяў, уключаючы і галоўны канвэер, гэты тыдзень будзе скарочаны. У тым ліку аўтобусная і асобная падрыхтоўчая вытворчасьць працуюць у штатным рэжыме, бязь зьменаў. Для аптымізацыі, з улікам невялікіх складанасьцяў, зьвязаных з рэалізацыяй прадукцыі, каб не было затаварваньня, прынята рашэньне аб зьмяншэньні аб’ёму вытворчасьці”.

Вольга Ісер паведаміла, што далейшае рашэньне пра колькасьць працоўных дзён у лютым і іншых месяцах будзе прымацца з улікам разьвіцьця сытуацыі, якая залежыць ад агульных сусьветных тэндэнцый.
Сытуацыя цяпер нестабільная. Попыт ёсьць на вузкаспэцыялізаваную тэхніку.
Пакуль прагнозы рабіць вельмі складана. Маўляў, на заводзе спадзяюцца на эфэктыўнасьць антыкрызісных захадаў, зробленых у лістападзе, а таксама на расейска-беларускую праграму па прадухіленьні наступстваў крызісу. Пакуль рэалізацыя прадукцыі на традыцыйных рынках, у тым ліку ў Расеі, зьменшылася “з аб’ектыўных прычын”. Вольга Ісер адзначыла:

“Сытуацыя цяпер нестабільная. Попыт ёсьць на вузкаспэцыялізаваную тэхніку. Але ў тым аб’ёме, як было раней, цяпер мы бачым пэўныя складанасьці”.

Чакаецца, што ў пятніцу завод працаваць ня будзе. За дзень прастою работнікам будуць выплочвацца дзьве траціны заробку.

Актывіст дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Бухвостаў спасылаецца на рабочых заводу, якія паведамілі, што МАЗ пераходзіць на трохдзёнку. І ўжо за сьнежань людзі страцілі ў заробках ад 300 да 500 тысяч рублёў.

Калі ўжо такія заводы пачынаюць уваходзіць у піке, то гэта азначае, што пікіруе ўся прамысловасьць.
“Вось такія заводы, як МАЗ — элітныя прадпрыемствы. У іх укладаў заўсёды ўрад, і там працуе па 20 тысяч работнікаў. І калі ўжо яны пачынаюць уваходзіць у такое піке, то гэта азначае, што пікіруе ўся прамысловасьць. У Беларусі штучна падтрымлівалася праца прамысловасьці цягам апошніх двух-трох месяцаў за кошт крэдытаў. Прымушалі працаваць на склад. А цяпер ужо пытаньне будзе стаяць хутчэй за ўсё так — выгадней спыняць прадпрыемства”.

Не аднавіў працу менскі мотавелазавод, які прастойвае амаль два месяцы. Раней, з удзелам Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі, была дасягнутая дамоўленасьць, што яго запусьцяць 2 лютага. Старшыня савету Беларускага прафсаюзу работнікаў аўтамабільнага машынабудаваньня Валеры Кузьміч патлумачыў:

“Уласьнік там прыйшоў, прадпрыемства аддадзена ATECу. Працэс аднаўленьня працы прадпрыемства патрабуе часу. Але на гэтым тыдні робяцца захады, каб уключыць завод поўнасьцю. Гэта вялікі мэханізм і буйное прадпрыемства. Расьце ўключэньне работнікаў. 4-га працавала недзе 850, 5-га — ужо 930. Пабачым, што будзе заўтра. Мы ўвесь час сочым за сытуацыяй”.

За дні прастою работнікам плацяць дзьве траціны ад тарыфнай стаўкі ці службовага акладу.
XS
SM
MD
LG