Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўропу трасе ад пратэстаў


Сутычкі дэманстрантаў з паліцыяй перад будынкам баўгарскага парлямэнту, 15 студзеня 2008 г.

Сутычкі дэманстрантаў з паліцыяй перад будынкам баўгарскага парлямэнту, 15 студзеня 2008 г.

Апошнім часам сусьветны фінансавы крызіс і зьвязаныя зь ім эканамічныя цяжкасьці спарадзілі хвалю пратэстаў у шмат якіх краінах Эўразьвязу.

Учора баўгарскія фэрмэры заблякавалі адзіны мост на Дунаі, які злучае Баўгарыю з Румыніяй, дамагаючыся, каб урад устанавіў мінімальную цану на малако і забараніў імпарт малака ў парашку. У мінулым месяцы адзін зь мітынгаў пратэсту ў сталіцы краіны Сафіі, удзельнікі якога дамагаліся адстаўкі ўраду, закончыўся беспарадкамі.

На гэтым тыдні тысячы нямецкіх настаўнікаў, лекараў і працаўнікоў публічнага транспарту ня выйшлі на працу, патрабуючы вышэйшай зарплаты.

Грэцкія фэрмэры больш за тыдзень блякавалі памежныя пераходы сваёй краіны, пратэстуючы супраць нізкіх цэнаў, і пагадзіліся зьняць блякады толькі пасьля таго, як урад паабяцаў 500 мільёнаў эўра дапамогі сельскагаспадарчаму сэктару.

Сотні тысяч французаў узялі ўдзел у маршы пратэсту 29 студзеня, дамагаючыся вышэйшых зарплатаў і выступаючы супраць масавых звальненьняў.

На гэтым тыдні падаў у адстаўку міністар сельскай гаспадаркі Латвіі. У сярэдзіне студзеня пратэст 10 тысяч людзей у Рызе супраць зьмяншэньня зарплатаў ператварыўся ў масавыя беспарадкі.

Таксама ў сярэдзіне студзеня паліцыя ўжыла сьлезацечны газ супраць дэманстрантаў у Вільні, якія перад будынкам парлямэнту пратэставалі супраць урадавых рэформаў і зьмяншэньня сацыяльных выплатаў.

У большасьці краін Эўразьвязу апошнімі месяцамі назіраецца выразны рост беспрацоўя.

Прыкладам, беспрацоўе ў Гішпаніі дасягнула 14 адсоткаў (3,2 мільёна людзей); у Славаччыне — 8,4 адсотка; у Аўстрыі — 8,3 адсотка; у Нямеччыне — 7,8 адсотка; у Вугоршчыне — 7,8 адсотка; у Чэхіі — 6 адсоткаў.

Выглядае таксама, што ў большасьці краінаў Сярэдняй і Ўсходняй Эўропы сёлета наступіць адчувальны эканамічны спад.

У прыватнасьці, польскі ўрад заяўляў летась, што ў 2009 годзе дасягне эканамічнага росту на ўзроўні 5 адсоткаў. Цяпер прагноз эканамічнага росту ў Польшчы паменшылі да 1,7 адсотка. У Чэхіі прадказваюць, што ў 2009 годзе эканамічны рост можа спыніцца. А ў Вугоршчыне наагул спадзяюцца, што вытворчасьць сёлета можа скараціцца на 3 адсоткі.
XS
SM
MD
LG