Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Тэлефоннае права” апрабавалі на апазыцыі


Будынак Менгарвыканкаму
Будынак Менгарвыканкаму

Заяўнікі ўстаноўчага сходу ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў за зьмяненьне выбарчага заканадаўства адмовіліся ісьці сёньня ў Менскі гарвыканкам.

Ніякага пісьмовага адказу на сваю просьбу яны дагэтуль не атрымалі. А ананімныя званкі не палічылі дастатковай падставай.

Заяўку на правядзеньне сходу падалі Вінцук Вячорка, Аляксей Кавалец, Сяргей Калякін, Анатоль Ляўковіч і Анатоль Лябедзька. Лідэры ПКБ, БСДП(Г) і АГП, паводле іх словаў, ніякіх кантактаў з гарадзкімі ўладамі ня мелі.


Аляксей Кавалец
Аляксей Кавалец кажа, што яму 4 лютага нехта тэлефанаваў:

“Няма ніякай афіцыйнай інфармацыі, а тэлефонны званок чалавека, які не назваўся, можа быць нават нейкай правакацыяй. Я думаю, што гэтым разам яны нават ня выканалі таго, што рабілі заўсёды, зьдзекліва не прыслалі адказу”.

Вінцук Вячорка
Вінцук Вячорка таксама кажа пра ананімны званок:

“Поштаю мне нічога не прыйшло — ні ўчора, ні сёньня, ні дахаты, ні ў сядзібу. Учора, праўда, тэлефанаваў нейкі чалавек, назваўся міліцыянтам. Спытаў, ці вы ўжо атрымалі рашэньне гарвыканкаму? Я адказаў, што нічога не атрымаў”.

Намесьнік кіраўніка ўправы ідэалягічнай працы гарвыканкаму Ўладзімер Зубрык ня даў “Свабодзе” дакладнага адказу на пытаньне, ці ёсьць ужо рашэньне па звароце заяўнікаў.

“Ня ведаю, ня ведаю”.

Карэспандэнт: “А хто можа ведаць?”

“Яны, толькі яны — сябры ініцыятыўнай групы. Вось як атрымаюць рашэньне на рукі, яны вам і скажуць. А вы ўжо тады будзеце разьмяшчаць інфармацыю ва ўсіх сродках масавай інфармацыі”.

У сталіцы краіны не знайшлося ніводнага памяшканьня, дзе маглі б сабрацца каля адной тысячы чалавек. А менавіта столькі актывістаў пажадалі працаваць у ініцыятыўнай групе. Яе сход прызначаны на 8 лютага. Таму арганізатары папрасілі ў выканкаме дазволу правесьці яго пад адкрытым небам. І падалі ўжо адпаведную заяўку на тры магчымыя месцы збору: каля Акадэміі навук, у парку Горкага альбо ў парку Янкі Купалы.

Сяргей Калякін
Сяргей Калякін сказаў “Свабодзе”, што 8 лютага сход у любым выпадку не адбудзецца:

“У нас застаецца ўсяго адзін працоўны дзень, каб людзей сабраць з усёй рэспублікі. А гэта нерэальна. Але акрамя гэтага, з боку гарвыканкаму назіраецца грубае парушэньне закону. Яны за пяць дзён да пачатку мерапрыемства павінны даць адказ і паведаміць сваё рашэньне. І таму мы будзем зьвяртацца ў гарвыканкам і ў Адміністрацыю прэзыдэнта, каб вінаватых пакаралі за парушэньні закону аб зваротах грамадзянаў. І будзем патрабаваць, каб нам далі іншы час”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG