Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі ўжо варагаваць, дык адкрыта. Хоць лепей бы не варагаваць. Але заўсёды знаходзяцца людзі, якія бяз ворагаў жыць ня могуць.

Не пасьпееш дагаварыць фразу, як ты ўжо камусьці вораг. Мабыць, гэта такі спосаб вытлумачэньня ўсіх праблем, калі вакол – ворагі. Трэба іх зьнішчыць, і ўсё наладзіцца.

Той, хто варагуе адкрыта, рызыкуе “нарвацца”, але й мае шанец перамагчы ўласную варожасьць.

Той, хто варагуе таемна, займае гэтым большую частку свайго жыцьця. Ён не задумваецца над тым, што, як казаў Франсуа дэ Лярошфуко, “самае вялікае зло, якое можа прычыніць нам вораг, гэта прывучыць наша сэрца да нянавісьці”. У таго, хто варагуе таемна, нянавісьць не пакідае сэрца.

Хто нашы ворагі?

A priori ніхто ня вораг. Заўсёды з усімі і пра ўсё можна гаварыць. Нават асабістая або ідэйная няпрыязь пераадольваецца размовай, калі ёсьць агульная мэта ці агульны інтарэс. Калі іх няма, тады найлепш перайсьці на іншы бок вуліцы, каб жыцьцё не судакранала з тым, каму вы вораг. А калі ўсё ж судакранае?

У знакамітым “палюбі ворагаў сваіх”, напэўна, і схаваны гэты інструмэнт – гавары і слухай, імкніся зразумець. Найлепшы вынік прыносіць размова, якую ты пачынаеш з жаданьнем быць перакананым сваім апанэнтам.

Той самы Лярошфуко заўважыў: “Думкі нашых ворагаў пра нас бліжэйшыя да ісьціны, чым нашы ўласныя”. Не скажу, што гэта аксіёма, але гэта той кірунак, у якім варта асэнсоўваць сытуацыю.

Ёсьць адна ўмова – гаварыць трэба, прынамсі, ветліва. Людзі, якімі рухае раздражненьне й нянавісьць да апанэнта, кіруюцца не жаданьнем быць перакананымі, а прагай зьнішчэньня – “я хачу, каб цябе не было!” Калі зірнуць на сёньняшні інтэрнэт, мы пабачым, колькі там раздражненьня й нянавісьці ананімаў.

Агульным месцам стала тое, што ў Беларусі вораг усяго беларускага і дэмакратычнага – рэжым. Рэжым, як і належыць аўтарытарнай уладзе, нарадзіўся, усталяваўся й трымаецца на выяўленьні ворагаў: карупцыянэраў, апазыцыі, Захаду... Трэба сказаць, што на 90 адсоткаў гэта рыторыка папулізму, а не рэальнае варагаваньне. У гэтым сэнсе рэжым балянсуе на мяжы дыктатуры.

У таталітарнай дзяржаве рэжым варагуе супраць асобы. Тады зьяўляецца тэрмін “вораг народу”. Але народ не варагуе, бо яму бліжэй стан замірэньня, прыстасаваньня да абставінаў, нармальнага жыцьця.

Калі ўжо варагаваць, дык на роўных

Нават калі ты адзін, а твой вораг – дзяржава. Варта згадаць дысыдэнтаў 1960-х, якія сілай духу маглі супрацьстаяць таталітарнай сыстэме – на роўных.

Пра сёньняшніх апанэнтаў рэжыму такога ня скажаш. Але менавіта роўнасьць надае варагаваньню зь дзяржавай сэнс.

Зусім незразумелыя паспалітаму беларускаму вуху спрэчкі вядуцца пра тое, ці дапамагаць рэжыму (што пры розных вагавых катэгорыях уявіць цяжка), ці зьнішчыць рэжым (што таксама неверагодна, бо ніколі не ўдакладняецца – як).

Сёньня рэжым – гэта сыстэма ўлады, якая кантралюе сытуацыю ў краіне і складаецца з тысяч людзей, якія гэтую ўладу ажыцьцяўляюць, нават пры тым, што ставяцца да гэтага рэжыму крытычна. Тады што значыць – зьнішчыць рэжым?

Зрабіць рэвалюцыю? Скінуць дыктатара? Мы так даўно гэтага хацелі, што цяпер болей думаем пра іншае – гэтых скінем, а каго паставім?
Занадта шмат часу прайшло з 1996 году, і сёньня кожны, хто жыве на бюджэтныя грошы – крыху “рэжым”.

Калі ўжо варагаваць, дык адразу

Адна рэч, калі “рэжым здае незалежнасьць”, і зусім іншая – 15 гадоў паўтараць, што рэжым – гатовы здаць. Ён яе пакуль што ня здаў, бо яму гэта пакуль што ня выгадна, але ён кожную хвіліну можа гэта зрабіць! І так 15 гадоў...

Лягічнае пытаньне – а што гэтыя 15 гадоў рабіў ты? Ці ты чыніў нешта сэнсоўнае, каб прадухіліць такі ганебны крок рэжыму? Ці табе будзе дастаткова таго, што зараз увядуць расейскі рубель і ты скажаш: ну вось бачыце! Рэжым і напраўду варожы! Што я казаў усе гэтыя 15 гадоў...

Ты скажаш: з рэжымам размаўляць немагчыма. Яно так і ня так. Зразумела, што рашэньне пра рубель прымае адзін чалавек, якому на першым месцы ягоная асабістая ўлада. Але ўжо гэтага дастаткова, каб ты мог пачаць сваё поле дзейнасьці – у цябе ёсьць зададзеныя абставіны і цэлая краіна зь яе народам. Твая задача – захаваць незалежнасьць і пашырыць працэс нацыянальнага адраджэньня. Ёсьць абставіны, ёсьць задача і ёсьць ты сам. Рабі. Ці ты чагосьці дасягнуў за гэтыя 15 гадоў? Толькі не спасылайся на абставіны – ты іх ведаў ад пачатку. Дзе эфэкт ад тваёй працы? Ці ты ўсё гэта кажаш таму, што проста ня можаш жыць бяз ворагаў? А тады пры чым тут мы, хто цябе слухае?

Рэцэпт ад Багдановіча

Пасьля публікацыі на сайце Радыё Свабода папярэдняга эсэ, нехта БелаЭмігрант напісаў, што супраць беларусаў існуе стратэгічны курс, каб сьцерці самую памяць пра іх. Нават калі так, беларусы мусілі б аб’ядноўвацца супраць варожага курсу, а не варагаваць паміжсобку.

Я згадаў рэцэпт, які ўтрымліваецца ў Багдановічавай “Пагоні”. Там не сказана – зьнішчайце выраджэнцаў, ці – мяшайце іх з гразёю, ці – стварайце вакол іх сытуацыю сваркі й інтрыг. Там сказана: біце ў сэрцы іх, біце мячамі, не давайце чужынцамі быць. Калі гэтыя словы ўспрымаць літаральна, мы ўбачым, што вакол нас ня ворагі, а патэнцыйныя паплечнікі, толькі іх, неабуджаных, трэба абудзіць.

Калі ўжо варагаваць, дык да перамогі

А перамога тут можа быць адна – канец варагаваньня. Ня мір і ня дружба, але спыненьне варожасьці. Зноў згадаю Лярошфуко: “Замірэньне з ворагамі кажа толькі пра стомленасьць ад барацьбы, пра боязь паразы і пра жаданьне заняць больш зручную пазыцыю”.

Вось чаму гаворка ідзе не пра замірэньне з рэжымам, а менавіта пра канец варожасьці ў грамадзтве. Калі грамадзтва ўспрыме ідэі апазыцыі не як варожыя, а як альтэрнатыўныя, – гэта й будзе канец варожасьці, гэта й будзе перамога.

Як у прыватных дачыненьнях, так і ў адносінах з рэжымам варагаваньне мусіць ператварыцца ў спаборніцтва – за больш прывабныя ідэі, выніковыя ўчынкі й сымпатыі людзей.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG