Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Баранавіцкі завод аўтаматычных ліній працуе ў адну зьмену


Толькі ў адну зьмену працуе сёлета Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства (РУП) “Баранавіцкі завод аўтаматычных ліній”. Скарачэньне вытворчасьці выклікаў фінансавы крызіс. Канкрэтныя прычыны гэтага тлумачыць супрацоўнік адміністрацыі прадпрыемства Іван Клімовіч:

“Загрузка нашага прадпрыемства істотна зьнізілася. Маем праблемы са спажыўцамі прадукцыі ня толькі ва Ўкраіне і Расеі, але і ў Беларусі таксама”.

Суразмоўца паведаміў, што Баранавіцкі завод аўтаматычных ліній вырабляе абсталяваньне для прадпрыемстваў машынабудаваньня. Раней асноўнымі напрамкамі экспарту былі краіны СНД і Балтыі.

Цяперашнія магутнасьці дазваляюць заводу вырабляць у год 9 камплектаў аўтаматычных ліній і больш як 50 адзінак унівэрсальных станкоў. Для гэтага на працу нанята больш як тысяча спэцыялістаў.

Няма пэўнасьці з працай і заробкам.
Аднак цяпер у тутэйшых рабочых няма цьвёрдай пэўнасьці, ці будзе ў іх праца і заробак. Кажа токар Віктар Царук:

“Поўная невядомасьць і ў кіраўніцтва таксама. Самі разумееце: ніхто ня ведае, што будзе нават у лютым. У калектыўнай дамове запісана, што калі адміністрацыя ня здольная забясьпечыць працу, то адпускае працаўнікоў на дзьве траціны заробку. Але ці доўга змогуць гэта выконваць?”

Паказальна, што цяперашні крызіс — ня першы ў гісторыі “Баранавіцкага заводу аўтаматычных ліній”. Тры гады таму завод выратавала ад банкруцтва далучэньне да Беларускай чыгункі. Але ўжо летась ён зноў трапіў у фінансавую запазычанасьць перад бюджэтам — ня выплаціў па падатках больш як мільярд рублёў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG