Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Яны чакаюць, калі вы забераце іх у свой дом, у сваё сэрца…”


Грамадзкі рэдактар гэтага тыдня – эканаміст Тацяна Вайтовіч. Яна працуе ў адной са сталічных лізінгавых кампаній. А ў вольны ад працы час едзе на вуліцу Гурскага, 42, дзе месьціцца цэнтар бяздомных жывёлін “Фаўна гораду”. Нядаўна там пачаліся перамены, якія выклікалі хвалю пратэсту сярод валянтэраў, грамадзкасьці. Спадарыня Вайтовіч ад імя больш чым тысячы чалавек разаслала ў СМІ Беларусі адкрыты ліст з просьбай дапамагчы абараніць жывёлін, вынесьці гэтую праблему на шырокае абмеркаваньне. Сёньня Тацьцяна Вайтовіч адказвае на пытаньне, чаму, маючы намер завесьці жывёліну ў хаце, варта ўзяць яе менавіта ў “Фаўне гораду”?



“Першая прычына ў тым, што нашы жывёліны спадзяюцца толькі і толькі на вас. Калі ня будзе людзей, якія будуць забіраць іх, ім застанецца толькі адно – сьмерць. Гэта – першая прычына.

Па-другое, усе жывёліны, якія прайшлі праз адлоў, праз гэтае прадпрыемства, усе яны ў далейшым будуць вельмі і вельмі адданыя тым людзям, якія іх выратавалі адсюль. Яны гэта разумеюць менавіта так: выратаваў і даў іншае месца, вельмі добрае. Вельмі добрае, якім бы яно ні было – будзе гэта будка ці вуліца, ці месца ў кватэры – там кормяць і там любяць – для іх гэта шчасьце. І яны будуць адданыя ўсёй душою. Калі нехта іх бярэ для сябе і пачынае насамрэч шмат ім даваць, шмат любові, яны гэта ўспрымаюць як “ты – адзіны ў сьвеце, ты – галоўны ў маім жыцьці, ты даў мне тое, чаго мне так не хапала, ты мяне выратаваў”.

Трэцяя прычына – большасьць жывёлін з нашага прытулку – гэта стэрылізаваныя жывёлы, гэта прывітыя жывёлы, у вас ня будзе праблем з шчанюкамі, кацянятамі. Калі бераце сабаку, у вас ня будзе сабачых вясельляў пад вокнамі. Гэтыя ўсе праблемы здымаюцца ў выпадку з нашымі жывёламі – стэрылізаванымі і прывітымі.

Ну, і апошняя прычына. Калі вы бераце сабе жывёлу, вы бераце сабе сябра, у пэўным сэнсе – дзіця. Я асабіста лічу, што дзіцё не абавязкова павінна мець пашпарт, нейкія тытулы, вялікую радаслоўную… Дзіцё павінна дарыць вам любоў і прымаць любоў вашу. Нашы жывёліны як ніхто іншы гэта могуць рабіць. Тамы мы і нашы жывёліны вельмі чакаем вас на Гурскага, 42, на “Фауне горада” і вельмі чакаюць, што вы прыедзеце і забераце іх. Забераце ў свой дом, у сваё сэрца”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG