Лінкі ўнівэрсальнага доступу

5,5 гадзіны зь міліцыянтамі


Актывісты кампаніі “Эўрапейская Беларусь” сёньня былі затрыманыя міліцыяй у менскай кватэры, якую наймае Павал Юхневіч.

Супрацоўнікі міліцыі Першамайскага раёну Менску затрымалі пяць актывістаў кампаніі “Эўрапейская Беларусь”. Маладыя людзі знаходзіліся ў кватэры, якую арандаваў Павал Юхневіч. Міліцыянты зрабілі ператрус, забралі носьбіты інфармацыі і агітацыйныя матэрыялы. Яны патлумачылі, што дзейнічалі ў рамках крымінальнай справы, распачатай па факце крадзяжу. У кампаніі зь міліцыянтамі маладыя людзі правялі пяць з паловай гадзінаў.

Павал Юхневіч, Яўген Афнагель, Улад Ігнатовіч, Марта Крылова і Аляксандра Лындава адказвалі на пытаньні сьледчых міліцыі Першамайскага раёну Менску. У іх пыталіся, якое дачыненьне яны маюць да рэчаў, забраных падчас ператрусу, а таксама да гаспадароў кватэры ў доме № 33, што на вуліцы Казлова.

Актывістаў кампаніі “Эўрапейская Беларусь” затрымалі а 13 гадзіне. Міліцыянты падчас ператрусу, які пачаўся ў 11.30, забралі два ноўтбукі, відэакамэру, фотакамэру, налепкі зь лягатыпам кампаніі, а таксама расьцяжку, якую актывісты выкарыстоўвалі на пікетах, прысьвечаных тэме зьніклых у Беларусі апазыцыйных палітыкаў і апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага.

Яўген Афнагель
Яўген Афнагель паведаміў “Свабодзе”, што ў міліцыі сьледчыя забралі ў іх мабільныя тэлефоны і толькі праз гадзіну вярнулі ўладальнікам.

“Прычыны нашага затрыманьня нам не тлумачаць. Толькі цяпер дазволілі ўключыць нам тэлефоны. Патрапілі мы сюды пасьля ператрусу, які адбываўся незаконна.

Я лічу, што гэта папросту іншая форма рэпрэсіяў, якія ўжываюць беларускія ўлады, замест таго каб папросту арыштоўваць людзей. Цяпер іх без тлумачэньня прычынаў дастаўляюць у аддзелы міліцыі і там трымаюць. Ніякіх тлумачэньняў нам не далі, не далі тлумачэньня і ўладальнікам ноўтбукаў“.

Аляксандар Атрошчанкаў
Прэсавы сакратар кампаніі “Эўрапейская Беларусь” Аляксандар Атрошчанкаў лічыць, што ўлады папросту ўсяляк намагаюцца паралізаваць працу моладзевых арганізацый.

“Перш за ўсё зьвярталі ўвагу на друкаваную прадукцыю, два ноўтбукі, відэакамэру, фотаапарат… Ні пра які крадзеж тут гаворка ісьці ня можа. Лічу, што мы назіраем вынікі так званай лібэралізацыі. Нічога не зьмянілася. Цяпер ператрусы называюцца аглядамі. Кажуць, што праводзяць іх не ў зьвязку з масавымі акцыямі, а нібыта з-за крадзяжоў.

Улады перайшлі да больш цынічнай тактыкі. Яны папросту паралізуюць працу моладзевых актывістаў, пазбаўляюць іх сьцягоў, расьцяжак, тэхнікі. Усё робіцца больш схавана, іншымі мэтадамі“.

Нікому з затрыманых не патлумачылі, у рамках якой менавіта справы іх дапытваюць. Сьледчыя не адказалі таксама, дзе адбыўся крадзеж і што менавіта яны шукаюць.

У тым жа Першамайскім упраўленьні ўнутраных спраў заведзена крымінальная справа па факце выкраданьня і зьбіцьця лідэра руху “Маладая Беларусь” Артура Фінькевіча. Нягледзячы на тое, што ён прызнаны ў справе пацярпелым, у хлопца правялі дома ператрус і забралі ўсе носьбіты інфармацыі. Пазьней ні сьцягі, ні налепкі, ні друкаваную прадукцыю Артуру не вярнулі.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG