Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі прыняла заяву з нагоды падпісаных Аляксандрам Лукашэнкам у Маскве пагадненьняў.

“Днямі ў Маскве Аляксандар Лукашэнка падпісаў чарговыя пагадненьні, якія ставяць пад пагрозу сувэрэнітэт і Незалежнасьць Беларусі., - гаворыцца ў заяве. -- Прызнаньне расейскага рубля ў якасьці так званай “рэгіянальнай валюты” – гэта чарговая капітуляцыя Лукашэнкі перад Крамлём, спроба расплаціцца яшчэ адной часткай сувэрэнітэту краіны за пятнаццаць гадоў свайго некампэтэнтнага кіраваньня. Дамоўленасьці аб адзінай з Расеяй сыстэме супрацьпаветранай абароны і стварэньні калектыўных сілаў апэратыўнага рэагаваньня сумесна з Расеяй і іншымі недэмакратычнымі рэжымамі замацоўваюць Беларусь у арбіце мілітарысцкіх інтарэсаў Крамля”.
Рада БНФ зьвяртае ўвагу, што “гэтыя дамоўленасьці адбыліся на фоне далейшай экспансіі Расеі літаральна ва ўсе сфэры жыцьця Беларусі і зьнішчэньня нацыянальных каштоўнасьцяў. Вось ужо некалькі гадоў грамадзяне Расеі валодаюць абсалютна роўнымі правамі на набыцьцё нерухомасьці ў Беларусі, пры тым, што грамадзяне іншых краінаў (у тым ліку і этнічныя беларусы замежжа) такіх магчымасьцяў пазбаўленыя. Адначасна, зьмяншаецца колькасьць беларускамоўных школаў, беларуская мова практычна зьнікла з дзяржаўнага тэлебачаньня і радыё, дыскрымінацыя беларусаў па нацыянальнай прыкмеце набыла масавы характар. Такое аслабленьне нацыянальнай ідэнтыфікацыі, пераўтварэньне нацыі ў русыфікаванае “насельніцтва” можа быць падрыхтоўкай для чарговага “рэфэрэндуму”, на якім Незалежнасьць беларускай дзяржавы ліквідуюць паводле “волі народу”.
Рада БНР заяўляе, што “адзіным паратункам для беларускага народу зьяўляеца як найхутчэйшае пазбаўленьне ад цяперашняга рэжыму Лукашэнкі і ягоных хаўрусьнікаў шляхам вольных, справядлівых і празрыстых выбараў, праведзеных пад кантролем заходніх інстытуцыяў”.
“Рада БНР заклікае беларускія арганізацыі ў давесьці да ўрадаў сваіх краінаў інфармацыю пра небясьпеку апошніх крокаў Лукашэнкі і падтрымаць незалежніцкія сілы на Бацькаўшчыне”, – гаворыцца ў заяве Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG