Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Прессбол” не дапускаюць у “правераны пул” НАК Беларусі


Сёньня самая масавая спартовая газэта Беларусі – “Прессбол” выходзіць са зваротам да выканкаму Нацыянальнага алімпійскага камітэту.

У мінулую пятніцу чыноўнікі адкінулі заяўку “Прессбола” на асьвятленьне зімовай Алімпіяды ў Ванкувэры. Летась газэту ўжо не дапусьцілі да Пэкінскай Алімпіяды. Калі выканкам МАКу ня зьменіць сваёй пазыцыі, выданьне зьбіраецца апэляваць да Міжнароднага алімпійскага камітэту.

Паводле адпрацаванай схемы, акрэдытацыя журналістаў на Алімпійскія гульні адбываецца ў адпаведнасьці з квотай Міжнароднага алімпійскага камітэту (для кожнай краіны асобна) і праходзіць узгадненьне праз нацыянальныя Алімпійскія камітэты. 30 студзеня, за два дні да заканчэньня тэрміну падачы заявак, камісія НАК па СМІ абвясьціла вынікі руплівай працы ў адборы вартых на паездку ў Ванкувэр: “Спортивная панорама”, “Советская Белоруссия”, “Рэспубліка”, БелТА. Таксама вырашана зьвярнуцца ў МАК з хадайніцтвам пра дадатковую вакансію для “Звязды”. А вось заяўка “Прессбола”, пададзеная ў НАК яшчэ летась у сьнежні, нават не разглядалася. Адрозна ад прадстаўнікоў іншых СМІ, галоўны рэдактар “Прессбола” Уладзімер Беражкоў, які зьяўляецца сябрам працоўнай групы згаданай камісіі, на паседжаньне запрошаны ня быў:

Гэта ніяк не стасуецца зь міжнароднай практыкай
Увогуле заявы аб тым, што можна акрэдытоўваць толькі дзяржаўныя СМІ, дыскрэдытуюць НАК. І прадстаўнікі НАК, якія робяць такія заявы, дыскрэдытуюць алімпійскі рух. Бо сам НАК не зьяўляецца дзяржаўнай арганізацыяй, ён зьяўляецца арганізацыяй грамадзкай. І ўдзельнікаў алімпійскага руху, перадусім, алімпійскіх гульняў, не падзяляюць па колеры скуры, па расавай прыналежнасьці, веравызнаньні, перакананьнях і тым больш, формах уласнасьці. Толькі ў нас ёсьць “чырвоныя” і “белыя”, дзяржаўныя і прыватныя журналісты. А МАК катэгарычна адмаўляе ўмяшаньне дзяржаўных органаў у справы грамадзкіх аб’яднаньняў, якім ёсьць НАК”.

У камэнтарах прадстаўнікоў НАК зьявіліся спасылкі на тое, што Беражкоў нібыта не зьяўляецца сябрам працоўнай групы камісіі па СМІ, таму на сход і не запрашаўся. Сам Уладзімер Беражкоў патлумачыў, што камісія захоўвае паўнамоцтвы па прынцыпе “ад сходу да сходу”. Алімпійскіх сход выбірае выканаўчы камітэт, камісіі і працоўныя групы. Беражкоў кажа, што не атрымліваў ніякага пацьверджаньня пра скасаваньне сваіх паўнамоцтваў.

Таксама ён удзячны журналістам, якія выказаліся супраць падзелу прэсы на “чэсную” і “нячэсную”. Свае галасы на карысьць “Прессбола” аддалі сябры камісіі Ўладзімер Шпітальнікаў і Барыс Герстэн – абодва супрацоўнікі дзяржаўных тэлеканалаў. Намагаўся абараніць “Прессбол” сябра працоўнай групы без права голасу, прадстаўнік “Советской Белоруссии” Сяргей Гардзіенка. Аднак іншыя ў авансах “Прессболу” адмовілі.

Цікаўлюся ў спадара Беражкова: ці спадзяецца ён на нейкі плён ад надрукаваных ці пэрсанальных зваротаў да спартовых чыноўнікаў? Летась практычна тыя ж функцыянэры пазбавілі “Прессбол” акрэдытацыі на Алімпійскія гульні ў Пэкіне. Не дапамагла апэляцыя да прэзыдэнта НАК Аляксандра Лукашэнкі. Чаму ў мінулым годзе кіраўніцтва газэты наўпрост не зьвярнулася ў МАК, не выключаючы такую магчымасьць сёлета?

Зараз у нас ёсьць час, каб аднавіць справядлівасьць
“Па-першае, у нас абсалютна не было ніякага часу на апэляцыі, таму што нас падманулі. Нам выдалі акрэдытацыю, а потым яе забралі – у апошні дзень да дэд-лайну. То бок, 28 лютага забралі, а 1 сакавіка быў апошні тэрмін. І пра пазбаўленьне акрэдытацыі мы даведаліся з паведамленьня БелТА. Усё было зроблена келейна, прыхавана, у разьдзеле “рознае”. Я пасьпеў толькі праз электронную пошту задаць пытаньне мэнэджэру, які курыраваў нас у Пэкіне, і зь якім мы ўжо правялі перамовы па разьмяшчэньні, па камунікацыях, па іншых мэдыйных дэталях. Я пацікавіўся: ці можам мы нейкім чынам пакінуць у сіле нашу акрэдытацыю, якая ўжо была нам выдадзеная? На што кітайскі прадстаўнік адказаў: гэта немагчыма, можна спрабаваць толькі праз МАК. А зьвяртацца ў МАК было ўжо позна. Зараз у нас ёсьць час, каб аднавіць справядлівасьць. Мы вельмі спадзяемся, што нам не давядзецца нікуды зьвяртацца, што нас зразумеюць у родным НАКу”.

Нэгатыўнае стаўленьне чыноўнікаў да самай тыражнай спартовай газэты можа тлумачыцца вострымі тэмамі, якія яна ўздымае на сваіх старонках. Гэтак, падставай для пазбаўленьня алімпійскай акрэдытацыі ў Пэкін стала сэрыя артыкулаў Сьвятланы Парамыгінай “НИИсследованный миллиард”, дзе вялася гаворка пра растрату бюджэтных сродкаў, выдаткаваных на падрыхтоўку алімпійцаў. Вынікам журналісцкага расьсьледаваньня і наступнай працы сьледчых стала крымінальная справа супраць былога віцэ-прэзыдэнта НАКу, былога дырэктара НДІ фізкультуры і спорту Аляксандра Бондара.
XS
SM
MD
LG