Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Мерачоўшчыну, да Касьцюшкі


Часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Робэрт Мілер (стаіць), генэральны консул Рэспублікі Польшча ў Берасьці Яраслаў Ксёнжэк ускладаюць кветкі да мэмарыяльнага знаку Касюцюшку
Часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Робэрт Мілер (стаіць), генэральны консул Рэспублікі Польшча ў Берасьці Яраслаў Ксёнжэк ускладаюць кветкі да мэмарыяльнага знаку Касюцюшку
Сёньня на Берасьцейшчыне адзначылі 264-я ўгодкі славутага земляка Андрэя Тадэвуша Банавэнтуры Касьцюшкі, нацыянальнага героя Беларусі, Злучаных Штатаў Амэрыкі і Польшчы, ганаровага грамадзяніна Францыі.

У часткова адноўленым радавым фальварку Касьцюшкаў — Мерачоўшчыне — сабраліся дыпляматы ЗША і Польшчы, якія акрэдытаваныя ў Менску, прадстаўнікі беларускай грамадзкасьці, сярод якіх пераважалі сябры дэмакратычных арганізацыяў і палітычных партыяў.

У афіцыйнай праграме, якую склаў Косаўскі пасялковы савет, загадзя была вызначана толькі цырымонія ўскладаньня кветак да мэмарыяльнага знаку. Гістарычнага расповеду пра Касьцюшку ці канцэрту самадзейнасьці не плянавалі. Пра гэта паведаміла дырэктарка мясцовага музэю Ірына Анціпенка:

“Да нас прыяжджаюць прадстаўнікі мясцовай улады і проста наведнікі. Тут іх сустракаюць. Будзе магчымасьць сказаць некалькі слоў, але не надоўга”.

Ад некаторых прысутных давялося пачуць скаргі на такі парадак сьвяточнага дня. Гаворыць жыхар Івацэвіцкага раёну Сяргей Зайко:

“У аб’яве не паведамілі нават час збору. Хто прыйшоў у 10 гадзінаў, іншыя — у 11, а некаторыя — у 12. Вельмі дрэнная арганізацыя. Цяпер нашы людзі ведаюць, кім быў Касьцюшка. Чалавек эпохі. Усё сваё жыцьцё прысьвяціў для свабоды людзей”.

А 12-й гадзіне ў фальварку Мерачоўшчына да мэмарыяльнай дошкі ў гонар Тадэвуша Касьцюшкі першымі ўсклалі кветкі прадстаўнікі амбасады ЗША ў Менску на чале з выканаўцам абавязкаў Часовага паверанага ў справах ЗША ў Беларусі Робэртам Мілерам.

“Тадэвуш Касьцюшка быў вялікім героем амэрыканскай вызваленчай вайны, — сказаў Робэрт Мілер, — і для нас вялікі гонар кожны год прыяжджаць на месца яго нараджэньня. Для амэрыканцаў Касьцюшка стаіць нароўні з такімі нацыянальнымі героямі, заснавальнікамі ЗША, як Джордж Вашынгтон, Бэнджамін Франклін, Томас Джэфэрсан.

Сёлетнія ўрачыстасьці ў Мерачоўшчыне — чацьвёртыя па ліку пасьля таго, як увосень 2006 году была часткова адноўленая сядзіба Касцюшкаў. Больш за 28 тысяч даляраў на гэтую справу ахвяравала тады амбасада Злучаных Штатаў Амэрыкі ў Менску. На звароты аб папаўненьні экспазыцыі музэя адгукаюцца музэі Польшчы, Францыі і Швэйцарыі.



Тадэвуш Касьцюшка (4.2.1746-15.10.1817), палітычны і ваенны дзеяч Рэчы Паспалітай (у яе склад уваходзіла тэрыторыя сучаснай Беларусі), кіраўнік нацыянальна-вызвольнага руху 1794 году.

Першы ў Беларусі помнік правадыру-паўстанцу, які стварыў скульптар Алесь Шатэрнік, быў усталяваны на тэрыторыі амэрыканскай амбасады ў Менску ў 2008 годзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG